— Слухай, Марсэль, трэба, каб ты мне сказаў, — забыўшыся, вымавіла яна.
Але Марсэля тут не было. Яна была адна, і ёй раптам стала жудасна ад свайго адзіноцтва. Жэрмэн падышла да акна, адчыніла.
Ноч была светлая, цемрадзь разрэджвалася нейкім шэрым блакітам. Выразныя абрысы дахаў, комінаў, кароткіх і доўгіх вуліц, абрысы зіхоткіх ліхтароў... Манмартрскі бульвар, Белая плошча, плошча Пігаль, Мулен-Руж, сотні начных рэстарацыяў, шынкоў, піўнушак, усюды вакол іх — слабае святло...
Па вуліцы Каленкур паволі ўзбіраліся ўверх легкавыя аўтамабілі. Кожны раз, калі адзін які спыняўся, Жэрмэн здавалася, што зараз з машыны выйдзе Марсэль і яна ўбачыць, як нязмушана павернецца ён да шафёра, каб расплаціцца, пасля кіне позірк на іх вокны. Глядзела яна і на аўтобусны прыпынак каля дома: было позна, і з кожнага выходзілі, падымаючы каўняры, толькі два-тры чалавекі, не больш.
— Гэтага не можа быць, Марсэль, — ціха сказала сама сабе...
Раптам яна адчула, што не можа больш заставацца ў хатнім халаце — прыйшоўшы дамоў, Жэрмэн, як звычайна, дараадзелася. Яна хутка прайшла ў спальню, узяла шарсцяную сукенку — першую, якая трапілася. Тую самую, зашпілька ў якой была на спіне і якую Марсэль так любіў адшпільваць, цалуючы яе ў патыліцу.
Чаго яна баялася? Прайшло, можа, некалькі дзён ці, сама больш, тыдняў, як фарфоравы парсючок апынуўся ў кішэні яго паліто. Калі Марсэль апранаў яго? Трэба было ўспомніць: у яго ж былі толькі два паліто. І ўвогуле, яна павінна была згадаць гэта, бо кахала яго і таму ўсё ў ім прыкмячала. Сто разоў на дзень яна ўпотайкі з захапленнем разглядвала яго, асабліва ягоную дужую постаць. А як любіла яна глядзець на мужа, калі ён тушыў цыгарэту: Марсэль рабіў гэта так элегантна!
Удзень яны яшчэ паабедалі разам, і не ў «Французска-італійскай» рэстарацыі, куды звычайна хадзілі ўвечары, а бліжэй да Вялікіх бульвараў, у «Матухны Катрын»... Але яна ніяк не магла ўзгадаць, калі ён апошні раз апранаў гэтае паліто!..
Ва ўсякім разе, сама меней дзён восем таму, бо на тым тыдні яна насіла паліто ў хімчыстку.
А яшчэ ўпэўненая была, што нічога не абмінала ў мужу сваёю ўвагай! Ён расказваў ёй усё, нават рэдакцыйныя анекдоты. Бесперапынку званіў ёй. Яны часта сустракаліся ўдзень. Калі ў яго толькі з'яўлялася вольная хвілінка, ён заскокваў да яе ў краму — проста каб сказаць «добры дзень».
Жэрмэн павярнулася да балкона і, усхваляваная, яшчэ больш збляднела...
«Ты ж ніколі не ездзіла ў горы катацца на лыжах?» — спытаўся ён неяк у яе.
«Не, — адказала яна, — адзін раз была, але як прадаўшчыца: сёстры Каро адчынялі ў Межэў сезонны філіял».
«Табе спадабалася там? Як ты думаеш, дадуць табе два тыдні адпачынку? Вось давяду да ладу адну справу, і махнём удваіх!..»
Чаму яна не пагаварыла з ім сур'ёзна, не сказала, што такія забавы не для іх?.. Ёй, вядома, прыемна было гэта чуць, але яна ў гэта ні секунды не верыла. Часам ён дурыў ёй галаву і не такімі пражэктамі, зусім ужо фантастычнымі, і кожны з іх патрабаваў шалёных грошай, больш, чым папярэдні, быццам у іх гэтых грошай мора было — на адны ж яго рэпартажы ды яе невялікую зарплату і жылі.
Толькі і сказала яму:
«Ты нарадзіўся, каб быць багатым. Усё хочаш мець...»
«Асабліва для цябе, — адказаў ён нязвычна сур'ёзна. — Я яшчэ і машыну хачу купіць... З тае пары, як ведаю цябе, проста нясцерпна хачу...»
«Ты ўмееш вадзіць?»
«У мяне была колісь машына...»
Яна не стала пытацца, калі гэта было. Урэшце, яны нічога не ведалі адно пра аднаго — кахаліся толькі, ды ўсё. І тое, што яны сышліся, таксама было чымсьці накшталт вясёлай гульні.
«У цябе ёсць бацькі?»
«Мой бацька... — пачаў быў ён і раптам змяніў тон. — Ну, вядома, у правінцыі!.. Але ты ў маім жыцці галоўны чалавек... Няма ў мяне нікога болей... Займіся паперамі... Будзем распісвацца ў дзевятнаццатай акрузе...»
У гэтай акрузе, каля сквера святога Георгія, Жэрмэн здымала мэбляваны пакой.
«Там не вельмі брудна, у аддзяленні мэрыі?.. Праўда, што калі мы там будзем...»
Зноў праехала таксі. Не, не спынілася. Яна паглядзела на гадзіннік. Мінула поўнач. Мінакі цяпер былі настолькі рэдкія, што Жэрмэн нават чула, як аціхалі ўдалечыні іх крокі.
«Мне трэба было сустрэць цябе тры гады таму...»
«Чаму?»
«Бо калі малады, дык растрачваеш час...»
Яна помніла процьму такіх фраз. І значэння ім ніякага нібыта не надавала, але яны пастаянна ўсплывалі ў памяці.
Увогуле ён быў тэмпераментны, і ўсё ў яго выходзіла неяк нязмушана. Натуральная была ў яго весялосць, гуллівая. І, аднак, бывалі моманты, калі ён рабіўся раптам вельмі сур'ёзны.