Выбрать главу

«Ты ўбачыш, што я не такі благі, як здаецца...»

«Чаго гэта ты благі?..»

Ён смяяўся, цалаваў яе.

«Урэшце, я ад іншых не адрозніваюся... Ёсць ува мне і добрае, і кепскае — так перамяшалася, што, бывае, і сам не магу разабрацца, што я за тып...»

Толькі б ён вярнуўся! Пад'ехаў у таксі да дома, выйшаў з машыны, павярнуў за рог... Толькі б яна пачула на лесвіцы яго крокі!

Чаму ён пазваніў а палове адзінаццатай?.. Чаму ў яго быў такі ненатуральны голас, нібыта ён, калі тэлефанаваў першы раз, нешта ад яе ўтойваў?

Дарэмна яна званіла ў залу «Ваграм». Цяпер ёй гэта было ясна. Невядома яшчэ, да чаго яно можа прывесці... Ці сказала дзяжурнаму электрыку, што яна Марсэлю жонка? Гэтага Жэрмэн ужо не памятала.

Ды не! Немагчыма, каб менавіта сёння... Чаму якраз сёння?..

Але чаму тады ён гаварыў з ёю пра адпачынак у гарах і нават пра аўтамабіль? На якую такую справу, што трэба давесці да ладу, мог разлічваць? Што ў яго было, апроч рэпартажаў пра спорт? Адсоткі, якія атрымліваў як удзельнік маленькага акцыянернага таварыства? Але там ён мог зарабіць максімум некалькі тысяч франкаў.

Яна зноў падышла да тэлефона. Не, не трэба. Вярнулася да балкона. На вуліцы ішоў дробны, але шумны дождж. Паветра было свежае. Уначы Парыж рабіўся больш загадкавы. Чаму ж Марсэль не вяртаецца?..

Тэлефон... Яна падыходзіла да яго, перадумвала званіць, адыходзіла, вярталася зноў...

— Алё... Міжгародні?.. Будзьце ласкавы, пані, дайце мне Жуанвіль, нумар сто сорак сёмы...

Глядзець гэты нумар у даведніку ёй не трэба было.

Ёй чуўся бой гадзінніка на тэлефоннай станцыі. Бог яго ведае чаму, але яго ўдары будзілі ў ёй успамін пра вялізны, пусты бацькаў дом...

— Ніхто не адказвае...

— Пазваніце яшчэ раз, прашу вас, пані... Я ўпэўнена, што гаспадар дома... Проста спіць у гэты час — вось і ўсё... Яшчэ раз, зрабіце ласку...

Зноў званок... Чакаючы, яна ўслухоўвалася ў цішыню... Крокі на лесвіцы... Сцішыліся, не ягоныя... На вуліцы спынілася таксі... Аўтобус...

— Алё... Гэта я, Жэрмэн... Ты спіш?.. Праўда, спіш?.. У цябе нікога няма?

Загаварыўшы, яна адразу ж зрабілася змрочная.

— Прабач, што разбудзіла... Што ты кажаш?.. Падагра?.. Даруй, не ведала... Ды не, нічога...

Голас на тым канцы лініі быў бурклівы. Акурат голас чалавека, хворага на падагру, які вымушаны быў у час прыступу ўстаць сярод ночы з ложка і спусціцца на першы паверх да тэлефона.

— Трэба, каб ты сказаў мне дакладна, ці ведаеш такога чалавека, як Марсэль Блан...

— Мне прозвішчаў не называюць, — раздражнёна адказаў чалавек.

— Гэта неабходна... Ты разумееш?.. Марсэль...

— А што будзе, калі адкажу?

— Ты яго ведаеш?

Ні слова адказу.

— Трэба, каб ты адразу ж адказаў... Гэта вельмі важна. Апошняе, пра што я ў цябе пытаюся... Ты яго ведаеш?

— Што ён сабой уяўляе?

— Дваццаць пяць гадоў... Прыгожы малады мужчына... Брунет, элегантны... Часта апранае паліто з вярблюджай воўны, — затаіла яна дыханне, — светлае, зусім светлае...

Зноў цішыня.

— Ты яго ведаеш?

— А ты?

— Якая розніца! Адказвай. Ведаеш?

— А што будзе, калі адкажу?

— Нічога... Проста мне трэба знаць... Ты ж яго ведаеш, га?..

Ёй здалося, што нехта падымаўся па лесвіцы. Але, як выявілася, гэта быў кот.

— Заедзь да мяне, як захочаш...

— Не кладзі слухаўку... Чакай... Што я хачу, каб ты мне сказаў, дык толькі тое, ці збіраецца ён гэтым вечарам...

— Што?

— Ты не разумееш?

— Я думаў, ты выйшла замуж...

— Але... Гэта... — Пасля некаторых ваганняў яна даказала: — Гэта мой муж.

І чаму ёй здалося, што чалавек на другім канцы лініі паціснуў плячыма?

— Ідзі спаць, — толькі і сказаў ён.

Дарэмна спрабавала яна пасля гаварыць нешта ў апарат. Сто сорак сёмы жуанвільскі абанент паклаў слухаўку.

Ужо была палова другой ночы, а Марсэль усё яшчэ не вярнуўся. На стале побач са скрынкаю з прыладамі для швіва ружавеў бясхвосты парсючок, а паліто з вярблюджай воўны ўсё яшчэ ляжала на дыване.

Раздзел другі. ГАНДЛЯР БЯСХВОСТЫМІ ПАРСЮЧКАМІ

Гадзіны ў чатыры раніцы з усіх вокнаў, якія можна было бачыць з балкона кватэры Бланаў, святло гарэла толькі ў адным, дый тое за штораю там угадвалася постаць чалавека, які, мяркуючы па ўсім, даглядаў хворага.

Марсэль не вярнуўся. Ён не пазваніў, не даў па сабе знаку, і роўна а пятай гадзіне Жэрмэн вырашыла зрабіць яшчэ адзін тэлефонны званок.

— Алё... Гэта ты, Івэта?.. Спіш, бедная?.. Не злуйся на мяне... Ну, гэта я, Жэрмэн... Але... Хочаш выручыць мяне?.. Што ты кажаш?