Выбрать главу

Мэгрэ апусціў галаву, настолькі збіты з панталыку, што забыўся ўжо зусім на дзяўчыну.

Праз чвэрць гадзіны начальнік порта сказаў яму, што «Сэн-Мішэль» цяпер, мабыць, у Фекане і прыйдзе сюды, калі не пераменіцца вецер, ноччу.

— Вы ведаеце, дзе якое судна ў які час?

Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зіхоткае мора — недзе ўдалечыні віднеўся адзінокі дымок.

— Паміж портамі існуе сувязь. Паглядзіце, вось спіс суднаў, якія мы чакаем сёння, — паказаў капітан Дэлькур на чорную дошку, што вісела на сцяне партовай канторы: там былі напісаны крэйдаю назвы суднаў.

— Знайшлі што-небудзь?.. Не верце надта таму, што расказваюць… Нават калі гэта людзі сур'ёзныя!.. Ведалі б вы толькі, колькі тут можа быць розных дробных разлікаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда, — сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капітану судна, што выходзіла ў мора. Потым, зірнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў. — Убачыце самі!

Гадзіны ў тры дня прадстаўнікі пракуратуры закончылі агляд дома нябожчыка, выйшлі на двор, адчынілі садовую брамку і накіраваліся да сваіх машын, каля якіх сабралася нямала вістрэамцаў.

— Мабыць, тут багата качак! — сказаў пракурораў намеснік мэру, акінуўшы позіркам наваколле.

— Сёлета не вельмі… А вось летась…

Мэр кінуўся да першае машыны, якая кранулася з месца.

— Спынімся на хвілінку ў мяне, добра? Жонка чакае нас…

Мэгрэ застаўся на вуліцы адзін, і мэр, хочучы здавацца ветлівым, сказаў яму:

— Едземце з намі. Вам трэба пабыць трохі з гэтымі людзьмі.

У капітанавым доме засталіся толькі Жулі і дзве жанчыны, а каля дзвярэй палявы вартаўнік чакаў фургон, які павінен быў забраць нябожчыка ў Кан.

У машынах размовы ўжо дужа выдавалі на тыя, што нярэдка здараюцца пасля пахавання і заканчваюцца ў люднай кампаніі вельмі і вельмі весела. Мэгрэ ўладкаваўся не лепшым чынам: сядзеў на адкідным крэсле. Мэр гаварыў з пракуроравым намеснікам:

— Калі б гэта залежала ад мяне аднаго, я жыў бы тут увесь год. Але жонцы вёска не вельмі даспадобы, таму і жывём больш у нашым доме ў Кане… Цяпер яна вярнулася з Жуан-ле-Пэн, дзе адпачывала месяц з дзецьмі…

— Колькі гадоў старэйшаму?

— Пятнаццаць.

Партовыя служачыя глядзелі на машыны, што праехалі акурат міма іх, з відавочнай цікаўнасцю.

Неўзабаве пад'ехалі да мэравай вілы. Стаяла яна каля дарогі на Ліён-сюр-Мэр. Гэта быў вялікі дом, пабудаваны ў нармандскім стылі. Вакол яго былі газоны з белымі агароджамі і фаянсавымі фігуркамі звяркоў.

У вялікай прыхожай гасцей сустрэла пані Гранмэзон, у сукенцы з цёмнага шоўку. Яна стрымана ўсміхалася, як і належыць даме з вышэйшага свету. Дзверы ў гасцёўню былі адчыненыя. На стале было поўна лікёраў і скрыначак з цыгарамі.

Усе добра ведалі адно аднаго: тут сабралася цяпер ці не ўся канская эліта. Служанка ў белым фартуху прымала паліто і капелюшы.

— Пан суддзя, вы напраўду не былі ні разу ў Вістрэаме, хоць і жывяце ў Кане столькі гадоў?..

— Дванаццаць гадоў, пані… Бог ты мой, а вось і мадэмуазель Жызэль…

Да гасцей выйшла пакланіцца дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, якая здавалася ўжо дзяўчынаю, асабліва манераю трымацца, вельмі свецкай, як і ў яе маці. Між тым пазнаёміць Мэгрэ з гаспадыняю дома забыліся.

— Мяркую, пасля таго што вы ўбачылі, вы ахвотней вып'еце чарачку лікёру, а не гарбаты… Трошкі каньяку, пан намеснік пракурора? Ваша жонка ўсё яшчэ ў Фантэнбло?..

Гаварылі з усіх бакоў разам. Мэгрэ лавіў абрыўкі фраз.

— Не!.. Дзесятак качак за ноч — сама болей… Клянуся, зусім не холадна… Будан уцеплены…

З іншага боку:

— …вялікія маюць страты ад крызісу ў фрахтаванні?..

— Усё залежыць ад кампаніі. Тут гэта не адчуваецца. Ніводнага судна не паставілі на прыкол. Але дробныя суднаўладальнікі, асабліва тыя, у каго толькі маленькія кабатажныя шхуны, ужо ў накладзе… Можна сказаць, у прынцыпе ўсе шхуны мэтазгодна прадаць: яны сябе не акупляюць…

— Не, мадам, — шэптам тлумачыў непадалёк пракурораў намеснік. — Не трэба нічога баяцца. Тайна гэтага забойства, калі яна існуе, хутка будзе разгадана. Ці ж не так, пан камісар?.. Але… Дарэчы, вас пазнаёмілі?.. Камісар Мэгрэ, адзін з выдатных кіраўнікоў нашай крымінальнай паліцыі…

Мэгрэ ўсё роўна як застыў на месцы, твар у яго быў абсалютна абыякавы. Ён неяк дзіўна зірнуў на Жызэль, якая падавала яму талерку з пірожнымі.

— Дзякую, не трэба.

— Вы не любіце пірожных?

— Ваша здароўе!

— За здароўе нашай мілай гаспадыні!