Дзяўчына на другім канцы лініі прамармытала:
— Ну, што табе?..
Івэта працавала разам з ёю. Гэта была мажная дзяўчына дваццаці васьмі гадоў, зусім непрыгожая. Яна ведала сваю непрывабнасць і, адкінуўшы ўсякую зайздрасць да панаднай Жэрмэн, патрапляла заставацца лепшай яе сяброўкай — сама вясёлай і зычлівай.
— Хуценька апранайся, няважна як. А каб хутчэй паспела, закажу табе таксі. Адразу ж едзь да мяне...
Сказаўшы: «Ну, што табе?..» — Івэта не выявіла ні здзіўлення, ні цікаўнасці. Праз чвэрць гадзіцы яна ўжо была ў Жэрмэн.
— Ты, мусіць, здзіўлена...
— Усякае бывае, цётка...
— Марсэля няма...
— Я і не сумнявалася. Калі б быў, ты б мяне не клікала...
— Я табе пазней усё растлумачу... Не, скажу табе шчыра, я не змагу растлумачыць гэта, нават табе...
— Куды мне ісці шукаць яго?.. Сказаць яму, што ты захварэла ці што стралялася?
— Гэта я выйду... Ты застанешся тут... Толькі слухай... Сядзі каля тэлефона... Пазвоняць — запішы як след, што скажуць... Калі гэта будзе Марсэль, скажаш, хто ты... Ён цябе ведае... Скажы яшчэ, што я выйшла і хутка вярнуся... Калі ж ён прыйдзе, скажы тое самае... скажы, што я ўстрывожылася... і пайшла яго шукаць...
— Палова пятай, — заўважыла Івэта. — І раздзявацца не варта... Можна легчы на канапу?..
— Вядома!
— Піць у цябе нічога няма?..
— Ёсць бутэлька каньяку ў насценнай шафе...
Праз хвіліну-другую Жэрмэн ужо садзілася ў таксі, якое прывезла сюды Івэту і чакала дагэтуль новага кліента.
— У Жуанвіль... Уздоўж Марны... Я скажу, дзе спыніцца.
Яна супакоілася, узяла сябе ў рукі. Чакаць яна ўжо больш не магла. Трэба было нешта рабіць.
Вуліцы былі пустыя, толькі некалькі грузавікоў з гароднінай праехалі на рынак.
Менш чым праз паўгадзіны таксі ўехала ў Жуанвіль. Трохі пазней Жэрмэн спыніла машыну каля вялікай адзінокай вілы на беразе ракі.
— Чакайце мяне, калі ласка.
Яна пазваніла. Ведала, што не хутка адчыняць. Да таго як пачула першыя мяккія крокі за дзвярыма, дакладней, перш чым, напружыўшы слых, угадала іх, званіць прыйшлося некалькі разоў. Цяпер чакала, пакуль гаспадар уважліва разгледзіць яе праз вочка ў дзвярах. Нервавалася. Ішоў дождж. Яна была ўжо ўся мокрая.
— Гэта я, — сказала Жэрмэн. — Адчыні.
— Прынесла ж цябе халера! — прабурчаў за дзвярыма бацька.
Аднак адчыніў. Зачыніўшы за ёю дзверы, запаліў ярчэйшае святло і запрасіў дачку ў пыльную, няпаленую залу. Там было сыра, непрыбрана, пахла цвіллю.
— Не вярнуўся муж? — спытаў ён, хутаючыся ў халат, асцярожна сеў у старое крэсла.
— Калі б вярнуўся, мяне б тут не было.
Гэты вялізны чалавек з гадамі стаў азызлы, твар у яго праз хваробу сасудаў пабарвовеў ледзь не да сінявы, пад вачыма з'явіліся страшэнныя мяшкі. Час ад часу ён дакранаўся рукою да распухлай ад падагры нагі.
Бацька глядзеў на дачку з цікаўнасцю. Не без іроніі, але і крыху задаволена.
— Ну, як жывеш?.. Не заязджаеш... Не варта задужа казырыцца... Калі я іншы раз думаю пра ўсё, што ты мне колісь напляла...
— Пасля пра гэта... Я прыехала пагаварыць з табой сур'ёзна... Ты ведаеш Марсэля...
— Ты ж не лічыш, мусіць, што я ведаю толькі аднаго Марсэля... Ты б хоць прозвішча сказала, а не задавала загадак... Што з ім здарылася, га?.. У турму засадзілі?
Яна не стала абурацца, толькі прашаптала:
— Не ведаю... Ён яшчэ не вярнуўся дамоў сёння ноччу... І я выпадкова знайшла ў яго ў кішэні аднаго з тваіх парсючкоў... Калі ён прыходзіў да цябе?
Бацька, якога ўсе ведалі як пана Франсуа, праводзіў на гэтай вялізнай цаглянай віле толькі ночы і выхадныя. У самым цэнтры Парыжа, каля сабора святой Маці Ларэты, за два крокі ад залы мастацкіх выстаў Друо, у яго быў вялікі салон антыкварыяту, які больш выдаваў на краму старызніка. У краме можна было знайсці ўсё: старадаўнія фатэлі, сакрэтнікі, зжаўцелыя эстампы, карціны — нібыта арыгіналы, кітайскія забаўкі з нефрыту, вырабы са слановай косці...
Там, таксама, як і на віле, было пыльна, адусюль патыхала старызнаю, дый сам гаспадар крамы быў заўсёды ў пракаветным, завэдзганым гарнітуры, які проста вісеў на ім, — локці свецяцца, засалены каўнер ажно блішчыць.
— Дні тры-чатыры назад, — адказаў ён.
У глыбіні крамы можна было ўбачыць на паліцы некалькі бясхвостых парсючкоў, адзін з якіх, знойдзены ў кішэні ў Марсэлевым паліто, так усхваляваў Жэрмэн. А ў падсобным памяшканні гэтых парсючкоў была цэлая скрыня.
Калісьці іх было тысяча — падобных адзін на адзін як дзве кроплі вады. Адсутнасць звычнага скручанага хвосціка, які надае жывым парсючкам такі вясёлы выгляд, рабіла іх фарфоравых братоў вельмі прыкметнымі.