Выбрать главу

Некалькі гадоў таму ў краму прыйшоў коміваяжор і паказаў пану Франсуа адну такую забаўку.

«Гэта сапраўдны ліможскі фарфор, — растлумачыў ён. — Іх роўна тысяча — абсалютна аднолькавых. Не буду расказваць пра тонкасць фарфору і колеру: самі бачыце. Гэта частка велізарнага заказу... Партыя розных жывёлін, на экспарт... Што здарылася, пра што думаў мастак, як так магло выйсці, што на заводзе ніхто не прыкмеціў памылкі, не ведаю. Так ці інакш, праца была выканана, калі ўрэшце нехта заўважыў, што парсючкі бясхвостыя... Ну, дык вось, пан Франсуа: бясхвостых іх ніхто не хоча купляць... Я аддаю вам усю партыю, тысячу штук... Колькі вы за яе дасце?..»

Гаспадар назваў смяхотную цану — і назаўтра ў яго былі поўныя скрыні гэтага дабра. За год ён прадаў толькі двух парсючкоў: кожны раз, калі паказваў забаўку кліенту, той круціў галавою:

«Шкада як, што хвост адламаны...»

«Ён не адламаны — яго ніколі не было...»

Аднак патроху парсючкі знікалі адзін за адным з крамы. Больш таго, тыя кліенты, што забіралі іх, не прадавалі забаўкі зноў, не шукалі нічога ў краме, толькі пыталіся, ледзь пераступіўшы парог:

«У вас ёсць фарфоравыя парсючкі?»

Пры гэтым адбывалася нешта зусім дзіўнае. Калі кліент пытаўся пра цану, гаспадар думаў больш, чым звычайна, і называў амаль кожны раз іншую.

«Дваццаць два франкі...»

Або дваццаць адзін ці дваццаць тры, радзей — менш за дваццаць. А іншы раз, напрыклад, і ўвогуле толькі адзін франк.

Дваццаць два франкі — дваццаць дзве гадзіны, вось што гэта значыла. Дзесяць гадзін вечара. Адзін франк — гадзіна ночы. У гэты час пан Франсуа мусіў чакаць кліента ў сябе на віле.

Такім чынам, усе гэтыя людзі маглі прыходзіць да гаспадара ў краму, і ніхто чужы ні пра што не здагадваўся. Дый госцю, нават новаму, не трэба было нічога расказваць: толькі ён пытаўся пра парсючкоў, як адразу ж рабілася ясна, што прыслаў яго сюды свой чалавек, які прадаў яму арыгінальную забаўку, — і гаспадар назначаў кліенту час спаткання ў Жуанвілі.

— Ён прынёс табе што-небудзь? — спытала Жэрмэн, утупіўшыся позіркам у бацьку.

— Гэты раз — не, — паціраў той хворую нагу.

Марсэль прыходзіў да яго тры ці чатыры дні назад... А пяць-шэсць дзён таму гаварыў з ёю пра паездку ў горы...

— Ну, і чаго яму ад цябе было трэба?..

— Таго, дзеля чаго звычайна прыходзяць, калі з грашыма нявыкрутка... Бабкі прасіў... Калі ў іх ёсць што піхнуць мне, тады яны памяркоўныя і прымаюць маю цану моўчкі... А як не свеціць нічога, дык тон у іх мяняецца... Песня адна і тая ж: «Вы няблага зарабілі на мне... Апошні раз вы мяне абдурылі... Вы б маглі пазычыць мне колькі тысяч, пакуль выгарыць справа...» І тут яны пачынаюць расказваць, на што выйшлі. Ну, сенсацыйныя проста палотны: Рэнуар, Сезан, а то ажно і старыя майстры... «Праз тыдзень прынясу, не, праз пяць дзён, добра?.. Трэба, каб я пачакаў зручнага выпадку, разумееце?.. Гэта ж больш у вашых інтарэсах, чым у маіх: які будзе мой заробак — і які ваш...»

Ён перадаў усё гэта ляніва, з пагардаю. Уздыхнуў.

— Усе аднолькавыя! Думаюць, я скупы. Дзіўлюся нават, як гэта хто з іх не прыйдзе сюды, каб прыкончыць мяне ды прыхапіць мае бабкі... Бо ж думаюць, я сплю над імі, што матрац у мяне набіты купюрамі, золатам...

Зрэшты, Жэрмэн знала, што ён не быў скупы. Яна была, бадай што, адзіны чалавек, які ведаў яго. Бацька не быў скупы — ён быў маньяк.

Мала якія з карцін і іншых каштоўнасцей з тых, што кралі яму на вілах і ў багатых кватэрах гэтыя дурні (як казаў, бязмерна пагарджаючы кліентамі, пан Франсуа), прадаваліся. Аматар мастацтва згаджаўся развітацца з некаторымі набыткамі толькі тады, калі яны выклікалі ў яго сумненне ў сваёй арыгінальнасці або былі відавочна другарадныя.

Лічылі, што нявартыя рэчы ішлі ў Амерыку, а большасць калекцыі, творы сапраўды каштоўныя, заставаліся на віле, і па вечарах стары ў адзіноце з асалодаю аглядаў сваё багацце.

— Ты яму што-небудзь даў?

— Не.

— Што ён табе сказаў?

Яна добра ведала бацьку. Менавіта таму, што ведала, і пайшла аднойчы з яго дому. Ёй не было тады яшчэ і дваццаці.

Адзін з яго кліентаў, дваццацідвухгадовы хлопец, загінуў, здабываючы бацьку антыкварную рэч. Ён таксама купіў у аднаго з ранейшых кліентаў бясхвостага парсючка, прыйшоў у краму, на сценах якой віселі жудасныя літаграфіі ў чорных рамках. Хто б мог надумацца шукаць у гэтым склепе якія-небудзь шэдэўры?

Жэрмэн выпадкова апынулася сведкам іх размовы.

«Толькі дзве тысячы, — упрошваў малады чалавек. — Клянуся вам, што прападаю без іх... Мая сяброўка хворая... Трэба рабіць аперацыю... Я не хачу пасылаць яе ў дзяржаўны шпіталь... Вы разумееце?..»