Выбрать главу

Бацька ўздыхнуў:

«Што ты прынёс мне апошні раз?»

«Маленькага Манцічэлі, вы ж памятаеце... Вы далі мне хіба толькі за адну раму... Я пытаўся пасля і ведаю, што карціна каштуе сама меней сто тысяч франкаў...»

«Але ж яе яшчэ трэба прадаць і не папасціся... Бачыш, дружок, я таксама бедны чалавечак... Прынясі мне што-небудзь сур'ёзнае, і я заплачу табе як след... Я не настолькі багаты, каб строіць з сябе філантропа...»

«Але ж гэта будзе толькі аванс...»

«За што — аванс?»

«За тое, што на днях прынясу...»

«У цябе ёсць на прыкмеце што-небудзь вартае?»

Ясна было, што не. Хлопец вагаўся, расчырванеўся.

«Вось калі б ты прынёс мне Манэ... Толькі аднаго маленькага Манэ...»

У той час ён захапляўся Манэ. У яго пастаянна было якоесьці галоўнае захапленне.

«Што там ёсць?» — спытаўся хлопец.

«Яшчэ не ведаю... Відаць, усяго патроху, але гэта нялёгкая справа — прабрацца ўначы на выставу...»

«Ноччу яе сцерагуць... А электрычная сігналізацыя і процьма ўсялякіх новых штучак...»

«На тым тыдні адзін банкір набыў там на распродажы карціну, якая б мне спадабалася...»

«Што за ён?»

«Люка-Мартон... Запомні, тое, што я табе кажу...»

«Калі я прынясу вам ягонага Манэ, — перапыніў хлопец, — колькі вы мне дасце?»

«Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават...»

Праз два дні Жэрмэн прачытала ў ранішняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалі, начны вартаўнік забіў дваццацідвухгадовага злодзея ў той момант, калі той спрабаваў зламаць дзверы і залезці ў хатнюю галерэю.

«Ты чытаў?» — спыталася яна ў бацькі.

Ён прабег вачыма паведамленне — і нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.

«Табе ўсё роўна?»

«А пры чым тут я? Га?..»

Яна б многае магла яму сказаць. Але маўчала. А пасля пайшла з дому. Праз месяц, абышоўшы ўсе бюро па працаўладкаванні, нанялася прадаўшчыцаю ў краму сясцёр Каро.

З тае пары Жэрмэн бачыла бацьку толькі адзін раз, у яго ў краме.

«Падпішы», — сказала яна яму, працягваючы паперу.

«Што гэта?»

«Бланк на твой дазвол выйсці мне замуж».

«За каго?»

«Якое гэта мае значэнне?..»

Ён нахіліўся і падпісаў, уздыхнуўшы:

«Як хочаш...»

Глядзеў ёй услед, калі яна выйшла з крамы, але Жэрмэн не азірнулася — і таму не ўбачыла, які ўсхваляваны быў у яго твар.

Цяпер яна была з ім вельмі халодная, цвёрдая. Дапытвала, як суддзя:

— Што ты яшчэ яму сказаў?

Як ніколі раней, не магла яна забыць таго забітага ў Версалі хлопца. Забітага за нейкія трыццаць тысяч франкаў. Куды ж гэтым разам паслаў бацька Марсэля? Марсэля, які меў патрэбу ў грошах толькі таму, што ажаніўся нядаўна і не мог адмовіцца ад задумы звазіць маладую жонку на адпачынак у горы...

— Нічога я яму не сказаў... Дамовіліся адно, што ён прынясе мне што-небудзь і я дам яму грошы...

— Ён да цябе часта прыходзіў?

— Пяць-шэсць разоў...

— За які час?

— За тры гады... Заўсёды прыносіў неблагія штучкі... Калі што выгарала... Ён у гэтым разбіраецца... І не ўдаецца ў падрабязнасці...

Цяпер Жэрмэн зразумела, чаму — нібы насміхаючыся з самога сябе, як заўсёды гэта рабіў, калі казаў нешта сур'ёзнае, — прызнаўся ёй Марсэль:

«Шкада, што я не сустрэў цябе тры гады таму...»

Тады яна падумала, што ён жартуе. Яна ўвогуле ніколі не прымала ўсур'ёз яго прызнанняў, і шкадавала цяпер, што не зрабіла гэта тады!

«Я не які-небудзь жулік», — сказаў ён ёй неяк.

Яна зноў пачала распытваць бацьку.

— Апошнія месяцы ён прыходзіў?

— З год ужо, мусіць, як не быў...

— А цяпер я хачу ўсё-такі, каб ты сказаў, што іменна ты ў яго папрасіў. Чуеш?

Звычайны скупшчык крадзенага бярэ ўсё, што яму прыносяць, усё, што хоць нешта каштуе, што можна больш-менш лёгка прадаць. Але яе бацька быў не звычайны скупшчык, а чалавек, якога з'ядала маніякальная любоў да твораў мастацтва.

Размаўляў з тым хлопцам, якога забілі, пра Манэ... Гэта ж ён, урэшце, і паслаў няшчаснага на смерць у дом да банкіра...

— Адказвай...

— Цяпер я цікаўлюся перш за ўсё Рэнуарам... Не вялікімі штукамі, якія можна ўбачыць у любым музеі, а маленькімі Рэнуарамі... Жаночымі галоўкамі, нацюрмортамі... Ёсць нацюрморты, якія...

— Ты не сказаў яму, да каго ісці?

— Здаецца, не...

— Падумай...

— Не... З Марсэлем можна без гэтага... Ён сам добра ведае, дзе ёсць што вартае...

— Пачакай. Я пазваню...

Жэрмэн заказала свой нумар. Ледзь пачуўшы Івэцін голас, задрыжала. Тая была ўсхваляваная, думала, пэўна, што гэта званіў Марсэль.

— Гэта ты?.. Слухаю... Нічога, цётка... Я б табе з радасцю добрае што сказала, але, на жаль, нічога новага... Скажы мне вось што... Я тут кніжку захацела пачытаць, а знайшла толькі другі том... «Пармскі манастыр»... Не ведаеш, куды ты першы засунула?..