Гэта нагадала Жэрмэн пра тое, што колькі дзён таму Марсэль чытаў, лежачы разам з ёю ў ложку, другі том «Пармскага манастыра».
— Ты не вяртаешся?
— Думаю, што хутка... Кніга павінна быць у спальні... Там ёсць невялічкая палічка побач з ложкам...
— Дзякуй... Жадаю ўдачы!..
Паклаўшы слухаўку, Жэрмэн ціха загаварыла сама з сабою. Пра бацьку, які хацеў легчы, ужо не думала.
— У газету званіць нельга: калі яго яшчэ не ўзялі, гэта будзе небяспечна... Цікава, ці аддаў ён у рэдакцыю рэпартаж?.. Калі аддаў, значыцца, заставаўся на матчы да канца, да адзінаццаці гадзін... Пасля пісаў, заносіў у рэдакцыю ці перадаваў праз кагось... У гэтым разе...
Яна зірнула на гадзіннік. Палова шостай. Яна ўжо праседзела ў бацькі амаль паўгадзіны. А лічыльнік у таксі з'ядаў паціху грошы, якіх і так не было, толькі пра гэта яна не думала.
— Рэнуары... — пачала была яна, хочучы спытацца, дзе цяпер ёсць «малыя» Рэнуаравы творы.
— Шмат у каго яны ёсць, — уздыхнуў бацька. — Ехала б лепш дадому, паспала... Ну з чаго ты ўзяла ў галаву, што яго накрылі?.. Дый калі б павязалі, то гэта яму не задужа страшна: яго ж яшчэ не бралі ні разу... Разумееш? Іншая справа, калі б ён быў рэцыдывіст... З добрым адвакатам...
Яна зразумела. Бацька ёй не адкажа. Можа, не хоча, а хутчэй за ўсё, калі верыць яго словам пра Марсэля, проста не ведае, дзе той шукае грошы...
Грошы ці...
Не, гэтага не можа быць. Узяўшы сябе ў рукі, яна ўстала. Задуменна сама сабе паўтарыла:
— Рэнуары...
Чаму ёй здаецца, што менавіта ад яе залежыць выратаванне Марсэля? Ніводнага разу не падумала пра яго са злосцю. А чаму яна павінна была злавацца? Хіба не сама ўтойвала ад яго, хто ў яе бацька?
І, паколькі Жэрмэн была дачкою такога чалавека, яна ведала, як усё гэта робіцца. Перш за ўсё, думала яна, адпадае, што крадзеж, на які ён сёння, пэўна, пайшоў, быў даўно абдуманы. Тады б яна адчула, што голас у Марсэля ненармальны, калі ён тэлефанаваў ёй яшчэ першы раз, у сем гадзін.
А палове адзінаццатай ён толькі прыняў рашэнне. Чаму менавіта ў дзесяць трыццаць? І чаму ў зале «Ваграм»?..
Бацька праводзіў яе да дзвярэй.
— На вуліцу Каленкур, — сказала яна шафёру на вуліцы.
Усё яшчэ ішоў дождж, па-ранейшаму дробны. Было холадна і ў таксі: акно да канца не зачынялася.
Марсэль, як і большасць бацькавых «кліентаў», мусіў дзейнічаць хіба што ў пустой кватэры. Так лягчэй. У Парыжы прыслуга амаль заўсёды кладзецца спаць не ў саміх апартаментах, а на сёмым ці восьмым паверхах, дзе ёй адведзены пакоі.
Але хлопец, якога ў Версалі забіў вартаўнік, памыліўся...
Яна зноў і зноў міжволі вярталася да пачатку.
Ён пазваніў другі раз а палове адзінаццатай...
Зала «Ваграм». Заліты святлом рынг... Канаты... Тысячы балельшчыкаў... Марсэль за столікам прэсы...
Напэўна, ідэя прыйшла яму ў галаву там... Рэнуары... Значыцца, ён некага ўбачыў там, у натоўпе, хто мае гэтых Рэнуараў... Некага, у каго кватэра будзе пустая да канца вечара...
Жэрмэн здалося, што прыдуманая ёю гіпотэза настолькі бясспрэчная, што яна ўжо і пад сумненне яе не ставіла.
Зала «Ваграм»... Адпачынак у гарах, мажліва, аўтамабіль, які ён так хоча мець... І гэты стары корч, які адмовіўся пазычыць яму колькі там тысяч франкаў, але затое абяцаў даць шмат больш, калі ён прынясе аднаго, некалькі маленькіх Рэнуараў...
Сярод гледачоў, твары якіх высвечвалі пражэктары, у сама першых радах, вядома, сядзеў нехта той, хто навёў Марсэля сваім з'яўленнем у зале на думку аб Рэнуары, зімовым адпачынку ў гарах, хуткім аўтамабілі...
І паколькі гэты нехта глядзеў у той час бокс, Марсэль вырашыў: небяспекі ў тым, што задумаў, няма...
Але чаму тады ён пазваніў ёй? Прадчуванне?.. Можа, ён, ні разу раней не злоўлены, адчуў раптам інтуітыўна, што гэтым разам замах будзе няўдалы? Ці яшчэ вагаўся? Што, як яна пачала б настойваць на тым, каб ён вярнуўся раней, бо ёй сумна адной?..
Але не! Яна, наадварот, яшчэ пялася перад ім прыкінуцца бадзёрай! Ніколі не хацела замінаць яму ў чым-небудзь, бо з першага дня іх сумеснага жыцця вырашыла, што ён павінен адчуваць сябе з ёю вольным.
Нават не сказала яму, калі ён званіў увечары, што хацела:
— Не вяртайся надта позна...
А гэта зрабіла б любая жанчына.
Не прызналася яму, што ў гэты вечар у яе быў вельмі меланхалічны настрой.
Гэта была яе віна.
У яго была ў запасе прыблізна адна гадзіна.
Куды ж ён пайшоў? У які квартал?