Выбрать главу

А як з ключом? Звычайна гэта праблема, вырашэнне якой патрабуе часу. Трэба дастаць ключ ад кватэры або зрабіць злепак і ўжо з яго — сам ключ.

Часу ў Марсэля на гэта не было. Жэрмэн была ў тым упэўнена. Ёй хацелася верыць, што ён нічога загадзя не падрыхтаваў. Цэлы ж год не быў у яе бацькі!

Так ці інакш, адчуў Марсэль агіду да гэтага занятку ці не, але ён захацеў змяніць сваё жыццё. Доказ — тое, што ажаніўся з ёю. А можа, ён зрабіў гэта толькі дзеля таго, каб цягнула на новыя замахі, бо пачаў баяцца, што зловяць?

Бывае і такое: калі ўдаюцца тры-чатыры буйныя пакражы, злодзей раптам не можа саўладаць са страхам. Тады ён звычайна кажа сабе, што дагэтуль проста ішла дзікая лафа, што гэта не можа працягвацца бясконца і ўжо наступным разам прыйдзецца за ўсё заплаціць.

Небяспечны стан, калі менавіта ў гэты час ён надумае распачаць свой ранейшы занятак: вось тады яго і «накрываюць». Бо няма ўпэўненасці. Падводзіць нядбаласць. «Падстаўляюцца» па-дурному, «гараць» на якойсьці ідыёцкай драбніцы.

Пазваніць у паліцыю яна не магла. Газеты з'явяцца толькі праз гадзіну.

Яна ўжо ўяўляла, як ён сядзіць у паліцэйскім участку, у кабінеце ў якога-небудзь інспектара на допыце. Гальштук, рэмень, шнуркі з чаравікаў ужо адабралі... А то раптам бачыла яго ў бальніцы...

Але не ў трупярні! Толькі гэтае слова, адно з усіх, што з'яўляліся ў яе ў думках, выклікала жаданне крычаць.

— Рэнуары...

Цікава: ёй здавалася, што варта яшчэ крышачку напружыцца — і яна разгадае праўду. Чаму імя Рэнуара — карціны мастака былі ёй, вядома, знаёмыя — развярэджвала памяць, падказвала нешта звязанае з Марсэлем, штосьці пачутае зусім нядаўна?..

Больш таго: яна магла паклясціся, што менавіта Марсэль і прамовіў перад ёю гэтае імя. Але калі? Дзе? З якой нагоды?

Таксі спынілася, і яна ўбачыла святло ў вокнах сваёй кватэры. Пачала шукаць у сумачцы кашалёк... Грошай было вельмі мала. Пра ўсё ж думала раней, толькі не пра гэта.

— Пачакайце мяне, калі ласка, хвілінку. Я падымуся, вазьму грошы...

Пабегла па лесвіцы. Чырванела пры адной толькі думкі, што аддала ўчора шпалершчыку ўсе грошы, якія толькі мела...

— Слухай, Івэтачка, дарагая...

Ёй было сорамна, як ніколі яшчэ ў жыцці. Івэта, якая, каб адчуваць сябе ямчэй, раздзелася да камбінацыі, чытала, лежачы на канапе ў зале.

— У цябе ёсць грошы?

— Многа трэба?

— За таксі заплаціць... Не ведаю, колькі... Марсэля няма, а ў яго ўсе нашы грошы...

Івэта пашукала, дастала чатырыста франкаў.

— Думаеш, хопіць? — спытала яна.

— Здаецца...

Жэрмэн спусцілася ўніз, размаўляючы сама з сабою: рэпеціравала размову з шафёрам. Якую ж страшэнную спляжанасць адчувала яна сёння ў душы — быццам перад усім светам была вінаватая.

Паволі паднялася наверх. Стамілася ўжо, цяжка дыхала. Івэта надзела сукенку і з капелюшом у руцэ ішла да дзвярэй.

— Думаю, я табе больш не патрэбна?

Жэрмэн хацела сказаць, што, наадварот, неабходная, што ёй страшна заставацца тут адной, але не асмелілася.

— Дзякуй табе, Івэтачка... І прабач яшчэ раз... Праўда, ты можаш зрабіць мне яшчэ адну паслугу... Калі а восьмай я не прыйду ў краму, будзь ласкавая, скажы тады патранэсам, што я кепска сябе адчуваю, з'яўлюся пазней, а можа, і зусім мяне не будзе... Добра?.. Я табе калі-небудзь растлумачу... Гэта шмат страшней, чым ты думаеш...

— Усе замужнія так кажуць!.. Дый незамужнія таксама...

— Ты не зразумееш...

— Ведаю... Ніхто ніколі нічога не разумее...

Пасля, надзяваючы паліто, дадала:

— Можа, хочаш, каб я засталася?

— Дзякуй... Гэта вельмі далікатна з твайго боку... Я паспрабую крыху паспаць...

— Ну, добра... Усё будзе ў парадку... Я табе пакінула трохі каньяку... Раю выпіць каліва...

Бледны твар, чырвоныя павекі — рыхтык клоўн, як паглядзець на яе цяпер. А грымаса, дзіўнаватая ўсмешка, якой яна, мусіць, думала падбадзёрыць сяброўку, адно павялічвала гэтае падабенства.

— Дабранач, цётка...

Жэрмэн ледзь ужо была не паклікала Івэту назад, бо, толькі засталася адна, здалося, што яе кліча Марсэль, які меў дзесьці патрэбу ў ёй, чакаў жончынай дапамогі.

Але дзе?

Праз паўгадзіны развіднела, зазіхацелі дахі дамоў, з усіх гарадскіх комінаў пацягнуўся ў неба дымок, ажывалі вуліцы, пад'езды, пайшлі аўтобусы, тысячы людзей рушылі на працу халоднай снежаньскай раніцай...

Марсэль быў недзе ў гэтым вялікім горадзе... Жэрмэн, трымаючыся рукамі за мокрыя парэнчы балкона, глядзела ва ўсе бакі гіганцкай панарамы, нібы спадзеючыся ўбачыць у ёй яго...

Раздзел трэці. ВЯЛІКАЯ СЭЎРСКАЯ ВАЗА І ГРАФІНІН ДЗЯДЗЬКА