Палова восьмай раніцы. З балкона бачны быў грузавічок паштовай службы, які развозіў газеты і спыніўся цяпер каля шынка насупраць іх дома. Шафёр у скураной кепачцы выйшаў на ходнікі з тоўстым стосам пошты.
Жэрмэн збегла па лесвіцы з непакрытаю галавою. Брамніца якраз мыла калідор. Жэрмэн яшчэ мала ведала гэтую крыху касавокую жанчыну. Вось ужо з месяц, як яна ўлашчвала кансьержку: у Парыжы з імі трэба ладзіць. У брамніцы, можа, таму, што яна касавурыла, позірк быў поўны падазрэння.
— Сёння ноччу да вас, здаецца, прыходзілі? — спыталася яна. — Я званіла вам тры ці чатыры разы. У вас усё ў парадку, га?
Ёсць людзі, якія проста чуюць бяду. Вось і гэтая жанчына была такая. Нельга нічым выдаць сябе! Жэрмэн, падабраўшыся, адказала з усмешкаю:
— Гэта муж паслаў дадому сакратарку з рэдакцыі перадаць мне, што тэрмінова адбывае ў Лондан... Там сёння сур'ёзны матч... Марсэля паслалі ў сама апошні момант... Мне трэба было завезці ў рэдакцыю яго рэчы...
— Дык добра!.. А то я падумала, што ў вас хто-небудзь захварэў...
Жэрмэн выйшла на вуліцу, купіла газету. Зайшла ў бар і, нязмушана гартаючы газету, выпіла кавы і з'ела рагалік.
Матч у зале «Ваграм»... Рэпартаж на тры чвэрці калонкі... Падпісаны Марсэлем Бланам.
Гэта зрабіла на яе такое ўражанне, быццам яна атрымала раптам ліст ад чалавека, які ўжо даўно памер, ці ўбачыла яго раптам у кінакроніцы.
Але не! Марсэль не памёр!
Яна з'ядае яшчэ тры рагалікі. Ёй сорамна, што так шмат есць уранку, але яна галодная. Чатыры рагалікі!
Прачытаўшы рэпартаж, Жэрмэн адразу зразумела, што напісаны ён не Марсэлевай рукою. Ёсць нешта ў гэтых радках не ўласцівае яму: пабудова асобных фраз, выразы, словы... Ёй вядома, што час ад часу журналісты робяць адзін аднаму такія паслугі: пішуць за калегу і пасылаюць у газету патрэбны матэрыял.
Вярнулася ў кватэру. Глынуць, каб узбадзёрыцца, каньяку? Івэта, аказваецца, выпіла амаль усю бутэльку. Жэрмэн заўсёды падазравала, што сяброўка не грэбуе спіртным. Яна дапіла рэшту і выпрасталася на канапе: забалелі ныркі. За тое, што выпіла, было сорамна яшчэ больш, чым за жудасны апетыт, але яна заснула.
У газеце не было паведамлення ні пра які кватэрны ўзлом, ні пра іншае здарэнне, якое магло б датычыць мужа.
Але гэта нічога яшчэ не значыла: не кожная ранішняя газета газета паспявае паведаміць пра ўсе начныя здарэнні, а тут яшчэ яна чытала тую, у якое працуе сам Марсэль!
Дзесяць гадзін. Тэлефон маўчаў. Праз паўгадзіны на Вялікіх бульварах пачнуць прадаваць дзённыя газеты. Жэрмэн апранулася. І хоць яна і выпіла ўсяго толькі два-тры глыткі каньяку, адчуванне было такое, як пасля сапраўднай гулянкі. І як гэта Івэта магла выпіць ажно тры чвэрці бутэлькі?
У кашальку — троху меней за сто франкаў. Нягуста! Але ўсё ж яна ўзяла таксі!
Купіла ў вулічнага гандляра газету. Ногі зрабіліся проста ватныя. Яна і праўда была п'яная — і гэта нагадала ёй адзін вечар, калі яны былі разам з Марсэлем у гасцях і выпілі лішняе...
Зайшла ў кавярню «Мазарыні» — і вось там раптам убачыла на першай старонцы газеты тое, што шукала: «Няўдалы напад на кватэру графа Ньёля».
Граф і Маленькая Графіня — так завуць у свеце яго жонку за яе мініяцюрныя фігурку, тварык і неверагодную рухавасць... Арыстакраты, якія займаюцца ўсім: спортам, мастацтвам, кіно... Пастаянна выбіраюцца на балі, кактэйлі і розныя іншыя вечарыны. З Енскага праспекта, на якім знаходзяцца мастацкія выставы-аўкцыёны, у іх кватэру шмат чаго прыбывае. Аднаго разу Жэрмэн хадзіла да іх з Марсэлем на адкрыты вечар паглядзець на калекцыю твораў жывапісу. Было сама мала трыста чалавек: журналісты, акторы тэатра і кіно, знакамітыя дактары і адвакаты... Стаяў гармідар.
«Глядзі, — сказаў Марсэль, — у іх, бадай што, сама прыгожыя Рэнуары ружовага перыяду...»
Яна амаль што нічога не ўбачыла. Надта ўжо зашмат было народу. Слугі, падыходзячы да кожнага госця, налівалі віскі, шампанскае проста бесперапынна. Можна было сказаць, спіртное лілося ракою.
Вось тое, што яна так доўга хацела ўведаць уначы: граф і графіня Ньёль. Матч па боксе яны не прапусцяць, гэта ўжо напэўна: ім гэта тое самае, што тэатральная прэм'ера... Безразважная Маленькая Графіня проста зачараваная гэтым мужным спортам...
«Гэтай ноччу на кватэру вядомых усяму Парыжу графа і графіні Ньёль быў зроблены напад з узломам, які ледзь не закончыўся смерцю рабаўніка. Граф і графіня былі тым часам на матчы па боксе ў зале «Ваграм». Цікавая дэталь, выяўленая неўзабаве пасля замаху: вярнуўшыся дамоў у дзве гадзіны ночы, графіня заўважыла, што згубіла на матчы ключ ад кватэры, які быў у яе сумачцы яшчэ тады, калі яна выпраўлялася з дому. Гэты факт дазваляе меркаваць, што напад не быў запланаваны загадзя і насіў выпадковы характар.