Невядомы...»
Жэрмэн збялела.
«...які трапіў у кватэру, скарыстаўшыся ключом, у дванаццатай гадзіне, мог завалодаць ім толькі ў зале «Ваграм». Немагчыма, каб ключ быў наўмысна ўкрадзены якімсьці спрытным «кішэннікам»: сумка ў графіні была на засцежцы-маланцы.
Маленькая Графіня, як заве яе ўвесь Парыж, згадала, што калі яна падыходзіла да свайго месца, то дастала з сумкі насоўку. Можа, ключ упаў на падлогу якраз у той самы момант? У натоўпе ёй самой цяжка было тое прыкмеціць.
Ва ўсякім разе, той, хто падняў ключ, добра ведаў, каму ён належаў і якую можна тут мець выгаду.
Далей невядомы трапіў у кватэру, у якой нікога не павінна было быць. Толькі выпадак прывёў у яе дзядзьку графіні Ньёль пана Марціно, які зайшоў да пляменніцы ўвечары і, адчуўшы стому, застаўся ў кватэры адпачыць замест таго, каб пайсці на матч у зале «Ваграм».
Ледзь ён заснуў, як яму пачуўся шум у вестыбюлі, дзе былі вывешаны сама каштоўныя палотны з калекцыі гаспадароў. І, натуральна, спалоханы, пан Марціно ўзяў у рукі рэвальвер...»
Словы, літары расплываліся. Прагнучы ведаць, чым усё скончылася, Жэрмэн усё ж была вымушана, каб дайсці да сэнсу, перачытваць кожны радок па два-тры разы. Хлопчык-афіцыянт паставіў на яе стол мандарынавы лікёр.
«У вестыбюлі стаяў на крэсле невядомы з кішэнным электрычным ліхтаром. Убачыўшы пана Марціно з рэвальверам у руцэ, ён выключыў ліхтар, скочыў на падлогу і збіў графінінага дзядзьку з ног ударам кулака.
Устаўшы, пан Марціно стрэліў, будучы, як ён кажа, у стане афекту. А куля выпадкова трапіла ў злодзея, бо і на дыване, і на лесвіцы былі знойдзены сляды крыві.
Наколькі цяжка быў ранены нападчык? Немагчыма меркаваць аб гэтым цяпер, але, бясспрэчна, яго арышт — пытанне сама блізкага часу. Вечарам вы, напэўна, ужо даведаецеся пра тое. Пан Марціно, чалавек у гадах, да таго ж яшчэ і збянтэжаны незвычайным здарэннем, не мог дагнаць злодзея.
Напэўна, ім быў або дэбютант у гэтай справе, або аматар-выпадковец — але толькі не рэцыдывіст-прафесіянал. На гэтую думку наводзіць той факт, што шум, які пачуў дзядзька Маленькай Графіні, быў выкліканы падзеннем вялізнай сэўрскай вазы, рэчы сапраўды гістарычнай, вельмі вялікай каштоўнасці: датуецца яна напалеонаўскай эпохаю. Стаяла ваза пад адмысловай карцінай Рэнуара ружовага перыяду «Купальшчыца», якую, бадай, усхваляваны прафан-няўдаліца выпусціў з рук, ледзь зняўшы.
Вось і ўсе нашы здагадкі, якімі мы можам падзяліцца з чытачом. Але ў зале «Ваграм» было, заўважым, некалькі тысяч гледачоў — і...»
Жэрмэн машынальна выпіла лікёр, склала газету і паклала яе ў сумку.
Нягледзячы на ўсё, што здарылася, вочы ў яе, калі яна выходзіла з кавярні, свяціліся радасцю. Яна была ўпэўнена: Марсэля яшчэ не ўзялі! Хвалявалася і таму яшчэ, што некалькі гадзін назад сама аб усім здагадалася.
Яна прайграла загадзя ў сваім уяўленні ўсю гэтую гісторыю дзякуючы толькі званку Марсэля а палове адзінаццатай і знойдзенаму ў кішэні ў мужавым паліто бясхвостаму фарфораваму парсючку. Яна ўжо бачыла і постаць невядомай тады яшчэ ёй арыстакраткі, якая ўпусціла ключ, і пра Рэнуара згадала — сама.
А што больш за ўсё было ёй прыемна ўведаць, дык гэта тое, што ён быў няспрытны! Выпусціў карціну на сэўрскую вазу. Можа, рукі ў яго дрыжалі? Ва ўсякім разе, яму было страшна. Ён паводзіў сябе, быццам пачатковец або нявопытны дылетант, які кажа сабе:
«Яшчэ раз... Толькі раз!..»
Кажа гэта сабе, адчуваючы, што бярэцца не за сваю справу, што і праўда не будзе больш ёю займацца...
— Ідыёт, — ледзь чутна сказала яна сама сабе ў натоўпе, калі выйшла на Вялікі бульвар.
Але дарагі ёй ідыёт! Што ён рабіў, паранены, на вуліцы, пакідаючы за сабою сляды крыві? Трэба было адбегчыся ад дома графа Ньёля. Толькі б ён не дадумаўся ўзяць таксі!.. Тады яго непазбежна знойдуць: паліцыя ж, вядома, апытае ўсіх шафёраў таксі. Ужо апытвае. Але нават усхваляваны, Марсэль мусіў быць хітрэйшы.
— Ідыёт! — зноў паўтарыла сама сабе.
Але, ідыёт, што не прыйшоў адразу ж дадому. Яна б дагледзела яго, вядома ж! Знайшла б знаёмага доктара, любога доктара, які б перавязаў яго і зрабіў усё неабходнае, не выдаючы паліцыі. Каго хочаш можна знайсці, як спатрэбіцца.
Напэўна, яму было сорамна перад ёю.
«Урэшце, я не які-небудзь жулік», — зноў успомніла яна яго словы.
Ідучы, Жэрмэн размаўляла з Марсэлем — і ні разу яшчэ не была яна з ім такая лагодная. Гэты хлапчук, але, нягодны хлапчук, што так гарэзліва ўсміхаўся, меў цяпер як ніколі патрэбу ў ёй: яго трэба было выцягнуць з бруднай гісторыі, у якую ён трапіў.