Ідыёт, так!.. Хлапчук, смелы на словах, нават у нейкіх учынках, але зусім яшчэ баязлівы ў душы.
Хацеў — пан такі! — звазіць яе на адпачынак у горы і пакатаць на аўтамабілі! А яна і не пярэчыла, не заікнулася нават: адкуль жа мы возьмем на гэта грошы? Усміхалася адно. А трэба было сказаць:
«Ты з глузду з'ехаў, дурненькі... Пра гэта падумаем неяк пазней... А пакуль што пішы свае рэпартажы пра бокс ды рэгбі...»
Вядома, уначы яна не памылілася, калі адчула раптам, што ён яе кліча. Як яна была яму тады патрэбная! Толькі духу ў яго не хапіла паклікаць яе на дапамогу.
— Пан вельмі горды, — з'едліва сказала яна сама сабе.
Ну і дурань, ну і ідыёт!.. Але ж які дарагі ёй!.. Дагэтуль яшчэ не набраўся розуму...
Толькі ж не застаўся ён на вуліцы на ўсю ноч?.. Дзе ён мог спыніцца, каб прывесці сябе ў парадак?..
Ці ж думаў ён пра тое, што перажывае цяпер яна? Ну, вядома! Мабыць, уяўляе яе ўсю ў слязах. Думае, ягоная Жэрмэн баіцца, што ён кінуў яе, падмануў!..
Дурненькі...
Толькі таму і не паддалася роспачы, што, нягледзячы ні на што, адчувала радасць: цяпер яна ведала, што ён яшчэ зусім маленькі і мае патрэбу ў ёй.
Напачатку баялася яна. Думала, што прыйдзе неяк дзень і Марсэль даведаецца, хто яна такая, чым займаецца яе бацька, дрыжала, бо ў параўнанні з мужам, журналістам, яна была зусім ніхто...
А ён, аказваецца...
Яна ішла і ўсё яшчэ думала, думала — толькі ўжо старалася не гаварыць сама з сабою, бы старая дзеўка.
Трэба было спяшацца, каб паспець Марсэлю на выручку. Хто-небудзь мог прыкмеціць яго ў зале «Ваграм», якраз тады, калі ён падбіраў з падлогі ключ Маленькай Графіні.
Цяпер ужо роўна гадзіна, як Марсэль павінен быў з'явіцца ў рэдакцыі. Яна зноў зайшла ў кавярню. Божа мой, і тут мандарынавы лікёр! Падышла да тэлефона, набрала нумар.
— Алё, мадэмуазэль, будзьце так ласкавы, дайце мне рэдактара. Гэта пані Блан...
Так, спакойна, не хвалявацца. Жэрмэн не ведала, ці правільна яна рабіла, што званіла, але трэба было захоўваць абсалютны спакой.
— Алё? Пан Манш?.. Гэта пані Блан... Муж просіць у вас прабачэння... Калі ён вярнуўся ноччу, пасля таго, як паслаў вам рэпартаж, я ўжо чакала яго з тэлеграмай ад цёткі з правінцыі: у яе толькі што памёр муж... Марсэль выехаў першым ранішнім цягніком... Некалькі дзён яго не будзе...
Яна адчувала ўздым усіх сваіх сіл. Пазваніўшы рэдактару, адразу ж згадала пра Жуля.
Марсэль двойчы прыязджаў разам з ім у Марсанг. Гэта быў доктар. Ён атрымаў дыплом яшчэ летась, але, каб практыкаваць самому, яму не хапала яшчэ грошай, і ён служыў нарыхтоўшчыкам лекаў у вялікай аптэцы на Севастопальскім бульвары. Высокі, кашчавы хлопец з крыху падобным на конскі тварам і кучаравымі, усё роўна як у херувімчыка, светлымі валасамі, што так не адпавядалі яго фізіяноміі.
Трэба было знайсці яго. А яна нават прозвішча яго не помніла. І адраса ніколі не ведала.
Узяла таксі. А ў кашальку толькі сто франкаў. Ды дзе там: частку гэтай сумы растраціла ўжо ў кавярне... А што заставалася рабіць, калі час быў такі дарагі?..
— Выбачайце, пане, я хацела б пагаварыць з мсьё Жулем... Вы ведаеце: высокі бландзін, часта бывае ў гэтым раёне...
— Доктар Бэлуар?
— Але... Кучаравы бландзін, з вялікім носам.
Адрас ёй даваць не хацелі.
— Сёння раніцай доктар не прыходзіў і не тэлефанаваў. Прыходзьце пасля абеду. Можа, з'явіцца.
— Мне трэба бачыць яго цяпер. Я яго стрыечная сястра. Толькі што прыехала ў Парыж, а ён мяне падвёў: павінен быў чакаць на вакзале...
Шушуканне. Нарэшце:
— Калі вы на самай справе яго кузіна...
— Ды клянуся вам... Мой бацька — ягоны...
— Вуліца Мон-Сэніз, дзвесце сорак шэсць...
Зноў таксі. Яна праехала ўверх па Манмартры, да сабора Сакрэ-Кэр... Заплаціла пятнаццаць франкаў. Дзіўны двор, усё адно як на вясковай ферме. У глыбіні — невялікая двухпавярховая будыніна. На першым паверсе жыве сталяр.
— Дзе тут можна знайсці пана Бэлуара?
— На другім паверсе...
Яна паднялася, пастукала ў зашклёныя дзверы: званка не было.
— Што там такое? — крыкнуў нехта незнаёмы.
— Гэта я! — холадна адказала яна.
Чаканне. Асцярожныя крокі. Нарэшце да шкла прыціснуўся конскі твар Марсэлевага сябра. Яшчэ праз нейкі час Жуль павярнуўся і знік. Жэрмэн была ўпэўнена, што гаспадар з кімсьці гаварыў. Сэрца ў яе часта білася.
— Адчыняйце...
Адзеты быў Жуль па-хатняму, твар — няголены.
— Выбачайце, не пазнаў вас. За што такі гонар?..
— Дзе Марсэль?