Выбрать главу

Судовы следчы, высокі хударлявы чалавек гадоў пяцідзесяці, які вельмі дрэнна бачыў, хоць і насіў акуляры з тоўстымі лінзамі, адвёў Мэгрэ ўбок.

— Вядома, я даю вам поўную свабоду дзеяння. Але тэлефануйце мне кожны вечар і трымайце ў курсе. Што вы пра ўсё гэта думаеце? Забойства з мэтаю рабунку, праўда?..

І паколькі да іх падыходзіў Гранмэзон, ён загаварыў гучней:

— Вам пашанцавала з мэрам: ён аблегчыць вашу задачу… Ці ж не, мой мілы сябар?.. Я казаў камісару, што…

— Калі ён таго пажадае, мой дом будзе і яго домам… Мне здаецца, вы спыніліся ў гатэлі?

— Але. Дзякую за запрашэнне, толькі там мне бліжэй да порта.

— І вы мяркуеце, што падступіцеся да разгадкі ў шынку?.. Асцярожней, камісар!.. Вы не ведаеце Вістрэама!.. Падумайце, чаго толькі не забяруць у галаву людзі, што днямі сядзяць у шынку!.. Ды яны на бацьку нагавораць, на маці, абы языкамі пачасаць…

— Давайце не будзем болей пра гэта, — прапанавала пані Гранмэзон, лагодна ўсміхаючыся. — Пірожнае, камісар?.. Няўжо?.. Вы праўда не любіце салодкага?..

Другім разам! Гэта ўжо лішне! Мэгрэ ледзь не выцягнуў з кішэні сваю велізарную люльку.

— Дазвольце развітацца… Мне трэба разабрацца ў некаторых дэталях справы…

Ніхто і не спрабаваў яго трымаць. Зрэшты, яго прысутнасцю тут не даражылі, як і сам ён не адчуваў асалоды ад кампаніі гэтых людзей. На вуліцы ён набіў люльку і пайшоў паволі ў порт. Камісара тут ужо ведалі. Знаючы, што ён прапусціў з партавікамі ў шынку, некаторыя здароўкаліся з ім, як з добрым знаёмым.

Калі ён падыходзіў да пірса, машына, якая забрала цела капітана Жарыса, каціла ўжо ў бок Кана. За акном на першым паверсе дома нябожчыка можна было разгледзець твар Жулі, якую жанчыны спрабавалі вывесці на кухню.

Каля рыбацкага баркаса, які вярнуўся толькі што з уловам, стаяла некалькі чалавек. Два матросы перабіралі рыбу. Таможнікі, абапершыся на парапет моста, бавілі доўгія гадзіны дзяжурства.

— Мне толькі што пацвердзілі, што «Сэн-Мішэль» прыбывае заўтра, — сказаў капітан, падыходзячы да Мэгрэ. — Ён прастаяў тры дні ў Фекане на рамонце бушпрыта…

— Скажыце, ён перавозіць калі-небудзь сушоную трасковую ікру?

— Трасковую ікру? Не. Яе прывозяць з Нарвегіі на скандынаўскіх шхунах ці параходзіках… Але яны не заходзяць у Кан, а ідуць адразу да портаў, у раёнах якіх ловяць сардзіны, — у Канкарно, Сабль-д'Алон, Сэн-Жандэ-Люз…

— А маржовы тлушч?

Капітан аж вочы вылупіў.

— А гэта нашто?..

— Не ведаю…

— Не! Судны кабатажнага плавання перавозяць заўсёды амаль адно і тое ж: гародніну, асабліва цыбулю — у Ангельшчыну, вугаль — у брэтонскія парты, камень, цэмент, шыфер… Я гаманіў са шлюзаўшчыкамі наконт апошняга заходу «Сэн-Мішэля». Шаснаццатага верасня ён прыйшоў з Кана якраз у канцы прыліву. Партавікі збіраліся закончыць работу. Жарыс сказаў, што ў фарватэры мала вады, каб выходзіць у мора, асабліва ў тумане. А капітан дамогся ўсё ж такі свайго, і ім дазволілі прайсці шлюз, каб яны маглі адплыць ужо на золку. Яны правялі ноч вось тут, у пярэдняй частцы порта, прышвартаваўшыся да паляў. У адліў судна ледзь не села на водмель, і яны адплылі толькі а дзевятай гадзіне раніцы…

— Брат Жулі быў на борце?

— Вядома! Іх усяго трое: капітан, ён жа і гаспадар судна, і два матросы. Вялікі Луі…

— Гэта мянушка катаржніка?

— Але. А імя — Луі. Ён ростам вышэйшы за вас і прыдушыць любога адной рукою…

— Небяспечны тып?

— Калі вы спытаеце пра яго ў мэра або ў іншага тутэйшага буржуа, вам скажуць, што небяспечны. Ну, а я ведаў яго да таго, як ён трапіў на катаргу. Нячаста ён тут і бывае. Магу адно сказаць, што ў Вістрэаме ён глупстваў ніколі не рабіў. П'е, вядома… Ці пэўна п'е… цяжка сказаць… Заўсёды нейкі спляжаны… То з'явіцца, то знікне… Накульгвае на адну нагу, галава і плечы ўсё роўна як крыху перакошаныя — вось і выглядае падазрона… Толькі капітан «Сэн-Мішэля» ім задаволены…

— І ён быў учора, калі адсутнічала сястра?

Дэлькур адвярнуўся, не рашыўшыся зманіць. І Мэгрэ зразумеў, што ўсяе праўды яму тут ніколі не скажуць: усе гэтыя людзі мора былі звязаны нейкім моцным духам еднасці.

— Не адзін ён.

— Што вы хочаце сказаць?

— А нічога. Кажуць, што бачылі нейкага незнаёмага… Зрэшты, хто яго ведае…

— Хто яго бачыў?

— Не ведаю… Кажуць так некаторыя… Можа, вып'ем?..

Гэтым разам Мэгрэ ўвайшоў у шынок, паціскаючы працягнутыя рукі.

— Хуценька ж яны ўправіліся, пракуратуршчыкі!..

— Што будзеце піць?

— Піва.

За ўвесь дзень сонца ні разу не схавалася. Але паміж дрэвамі працягнуліся ўжо смугі туману, дый вада ў канале пачынала дыміцца.