Нядаўна ў папцы з надпісам «Адмоўленае» я знайшоў аповяды, якія меў нахабства падсоўваць гэтай выдатнай жанчыне, і толькі тады ўсвядоміў усю ступень яе выдатнасці.
Аднак здарылася немагчымае: урэшце я зразумеў, чаго яна ад мяне чакае. На гэта спатрэбілася некалькі месяцаў.
— Яшчэ трохі літаратурна, галубок... Гісторыя! Проста распавядзіце гісторыю... Усё астатняе дадасца...
У дзень, калі я гэта зразумеў, я перастаў хадзіць у «Матэн»: мне было сорамна, і толькі праз шмат гадоў я зноў сустрэў Калет і пасябраваў з ёю. Мне трэба было вучыцца расказваць гісторыі.
Гэтае вучэнне доўжылася дзесяць гадоў, і я не зусім перакананы, што і цяпер яно скончанае.
Расказваць гісторыі, інакш кажучы, чалавечыя жыцці... Гэта значыць прымушаць людзей жыць, запоўніць дзве ці там пяць сотняў старонак кнігі чалавечым духам — як мага паўней... Чым больш я сталею, чым больш пішу, тым больш разумею, колькі ў гэтым гардыні. Такой гардыні, што я знаходжу — толькі не палічыце гэта блюзнерствам — адно такія словы, каб выкласці сваю думку: «Дасканалы раманіст мусіць быць своеасаблівым богам-бацькам...»
Ствараць людзей, несці ў далонях свет... Але хіба героі Бальзака, Дзікенса, По, Дастаеўскага не такія ж рэальныя, як тыя людзі, з якімі вы сустракаецеся на вуліцы? Хіба пані Бавары не здаецца вам больш знаёмай, чым сама блізкая сяброўка?
Аднак Калет казала мне:
— Галоўнае, ніякай літаратуры!
І казала праўду.
Проста распавядаць гісторыі, з самага пачатку, са стараннасцю чырванадрэўшчыка, які працуе за варштатам. І няважна, ці здарыцца цуд, ці не, дадасца астатняе ці не дадасца. Я, некалі такі неўтаймаваны, раптам настолькі змірнеў, што вырашыў расказваць свае гісторыі сама простым людзям.
Аднае раніцы я скупіў у кіёсках усе танныя народныя раманы, якія мог знайсці. Тады іх было безліч, прычым усіх відаў. Раманы для краўчых, для машыністак, неверагодныя драмы для брамніц, гісторыі на ружовай вадзічцы для анемічных паненак. Былі і прыгодніцкія раманы для хлопчыкаў — пра індзейцаў, буканьераў, піратаў, разбойнікаў з вялікае дарогі і джэнтльменаў-рабаўнікоў. Я адкрыў сапраўдную індустрыю, якая выпускала велізарную колькасць дакладна вызначанай ці, як мы сказалі б цяпер, стандартызаванай прадукцыі — ад кніжачкі ў некалькі старонак за дваццаць пяць сантымаў да таўшчэзнага, надрукаванага дробненькім шрыфтам на шурпатай паперы народнага рамана за франк дзевяноста пяць.
Я навучыўся вырабляць усе віды гэтае прадукцыі, пачынаючы са сціплага танюткага раманчыка, які краўчыха суне сабе ў сумку, каб потым праліваць над ім слёзы, і канчаючы чуллівай гісторыяй, якая паўгода друкуецца на апошняй старонцы тыднёвіка. І цяпер я зусім не саромеюся. Наадварот. Прызнаюся вам, што гэты перыяд свайго жыцця я ўспамінаю з сама вялікай пяшчотаю, калі не з журбою. Безумоўна, тады я не надта ганарыўся сваімі творамі, якія падпісваў шаснаццаццю псеўданімамі. І, каб не вельмі ўжо апускаць галаву, мне прыходзілася часта паўтараць сабе, што Бальзак дый многія іншыя пісьменнікі дэбютавалі гэтаксама. Сціпласць прыходзіць да чалавека з узростам, і гэта, несумненна, цудоўна.
Я быў гэтакі дробны рамеснік, вырабляльнік, так бы мовіць. І, як такі, кожны тыдзень прыходзіў па заказы да буйных прадпрымальнікаў — выдаўцоў народных раманаў. І, як кожны рамеснік, пачаў з адліку сабекошту ў залежнасці ад гадзіннай выпрацоўкі.
«Значыцца, — прыкідваў я, — працуючы па восем гадзін, я магу друкаваць па восемдзесят старонак у дзень. Інакш кажучы, тры дні на прыгодніцкі раман у дзесяць тысяч радкоў* за пятнаццаць тысяч франкаў ці шэсць дзён на раман пра каханне ў дваццаць тысяч радкоў за тры тысячы франкаў...»
* Тут пісьменнік, канечне, мае на ўвазе нейкія іншыя, а не нашыя звыклыя кніжныя або машынапісныя старонкі. 10 000 радкоў — гэта сама болей 37 старонак такой кнігі, якую вы цяпер чытаеце. Найлепшая машыністка наўрад ці зможа механічна перадрукаваць за дзень 80 старонак чыстага «сіменонаўскага» тэксту. (Заўв. перакладніка.)
І я выстройваў свой бюджэт. За столькі вось тысяч радкоў у год, інакш кажучы, за столькі вось гадзін працы, я меў мажлівасць набыць аўтамабіль. За столькі вось мог дазволіць займець шафёра, які будзе развозіць мае рукапісы. А пачынаючы з вось столькіх — гэта ўжо яхта, якую мне страшэнна хацелася мець, гэта плаванні, адкрыты мне цалкам свет.
Але гэта толькі адзін бок праблемы. Разумееце, я хацеў жыць. Але не дзеля сябе, не праз звычайную прагу жыцця, а таму, што ўсвядоміў: іншаму чалавеку можа быць перададзена з дапамогаю літаратуры толькі тое, што я перажыву сам. Мне трэба было зведаць свет ва ўсіх ягоных абліччах, па гарызанталі, інакш кажучы, на ўсім ягоным працягу: убачыць краіны і народы, мясціны і звычаі, але адначасна зведаць гэты свет і па вертыкалі, інакш кажучы, трапіць у сама розныя слаі грамадства, быць сваім і ў маленькім бістро, куды ходзяць рыбакі, і на кірмашы сярод гандляроў худобаю, і ў салоне ў банкіра.