Выбрать главу

— Зноў на ўсю ноч у гэтую вату! — уздыхнуў капітан.

І адразу ж завыла сірэна.

— Гэта сігнальны буй, там, пры ўваходзе ў фарватэр.

— Капітан Жарыс часта хадзіў у Нарвегію? — спытаўся раптам Мэгрэ.

— Калі служыў у Ангельска-Нармандскай кампаніі, дык нярэдка. Асабліва адразу пасля вайны: не хапала дрэва. Паршывы груз, ніякай магчымасці манеўраваць…

— Вы служылі ў адной кампаніі?

— Нядоўга. Я больш служыў у бардоскай кампаніі «Вормс». Хадзіў, як мы кажам, на «трамваі», гэта значыць па адным і тым самым маршруце: Бардо — Нант, Нант — Бардо… І так — васемнаццаць гадоў!

— Адкуль родам Жулі?

— Дачка рыбака з Порт-ан-Бэсэна… Зрэшты, які там рыбак!.. Бацька ніколі сур'ёзнай справай не займаўся… Памёр у вайну… Маці, напэўна, і сёння гандлюе на вуліцы рыбай, а больш п'е ў шынку.

І зноў, думаючы пра Жулі, Мэгрэ ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Ён згадаў, як яна рашуча ўвайшла ў яго кабінет у Парыжы, а потым, як сёння раніцай спрабавала вырваць у яго з рук братаву цыдулку.

Жарысаў дом ужо знікаў у тумане. Святла не было ні на другім паверсе, адкуль забралі нябожчыка, ні ў сталовай — яно гарэла толькі ў калідоры і, мабыць, на кухні, дзе суседкі сядзелі з Жулі.

У шынок увайшлі памочнікі шлюзаўшчыкоў. Каб не замінаць камісару і капітану, яны селі за столік у глыбіні шынка і пачалі партыю ў даміно. У порце запалілі маяк.

— Паўтарыце! — сказаў капітан афіцыянтцы, паказваючы на чаркі. — Цяпер я частую, — зноў павярнуўся ён да Мэгрэ.

А той спытаў у яго нечакана мяккім голасам:

— А дзе б ён цяпер быў, Жарыс, калі б быў жывы? Тут?..

— Не! Сядзеў бы ў сябе дома ў пантофлях!

— У сталовай? У спальні?

— На кухні… чытаў бы газету, потым садовую кнігу… З нейкага часу ён захапіўся кветкамі… Паглядзіце! Позняя восень, а ў яго поўны сад кветак…

Астатнія наведнікі шынка засмяяліся. Але, відаць, ім было крыху ніякавата ад таго, што яны марнуюць час тут, а не маюць якога-небудзь вартага захаплення, накшталт кветак, як у Жарыса…

— Ён не хадзіў на паляванне?

— Зрэдку… Хіба што калі яго хто запрашаў…

— З мэрам?

— І такое бывала… Калі качак было багата, яны разам палявалі з будана…

Святло ў шынку было такое слабае, што ў тытунёвым дыме амаль не было відаць гульцоў у даміно. І паветра было спёртае: увесь час палілі ў печцы. На вуліцы была поўная цемра, але ў тумане яна рабілася мутная — нечым нездаровым патыхала ад яе. Па-ранейшаму выла сірэна. Люлька ў Мэгрэ патрэсквала.

Адкінуўшыся на крэсле і прыплюшчыўшы вочы, ён спрабаваў злучыць асобныя дэталі справы, пакуль яшчэ нічым між сабою не звязаныя.

— Жарыс знік на паўтара месяцы і вярнуўся з разбітым і залатаным чэрапам! — сказаў ён, не прыкмеціўшы, што думае ўголас. — А ў дзень вяртання яго чакала тут атрута. І толькі на раніцу Жулі знайшла цыдулку ад брата!

Мэгрэ цяжка ўздыхнуў і прамармытаў, нібы рабіў выснову:

— Урэшце, яго спрабавалі забіць! Пасля вылечылі. А потым усё ж такі забілі! Калі толькі…

Гэтыя тры падзеі ніяк не звязваліся ў адно. І тут раптам у галаву прыйшла дзіўная думка — настолькі дзіўная, што нават спалохала яго.

«Калі толькі першы раз яго спрабавалі не забіць, а проста зрабіць ідыётам…»

Хіба парыжскія медыкі не казалі, што аперацыю зрабіў майстар сваёй справы?

Але няўжо, каб зрабіць чалавека непаўнацэнным, трэба раскраіць яму чэрап?

І потым, што гаворыць за тое, што Жарыс страціў розум?

На Мэгрэ глядзелі ў пачцівым маўчанні. Хіба што таможнік паказаў адзін раз афіцыянтцы на чаркі:

— Тое ж самае…

Усе сядзелі, ёмка ўладкаваўшыся на крэслах, разамлелыя ад цяпла і задуменныя. І думкі гэтыя, і без таго не надта ясныя, рабіліся зусім цьмяныя.

Чуваць было, як праехалі тры машыны: прадстаўнікі пракуратуры вярталіся ў Кан пасля прыёму ў мэра. А цела капітана Жарыса ў гэты час ужо ляжала ў халодным моргу Інстытута судова-медыцынскай экспертызы.

Усе маўчалі. У куце пастуквалі па абшарпаным стале костачкамі даміно памочнікі шлюзаўшчыкоў. І адчувалася ўжо, што загадка Жарысавай смерці занепакоіла спакваля і партавікоў, ціснула на кожнага з іх, здавалася, павісала ўжо ў паветры і не давала думаць ні пра што іншае… Твары нахмурыліся. Сама малады таможнік не выцерпеў і ўстаў.

— Пайду дамоў… Жонка чакае…

Мэгрэ працягнуў свой капшук суседу, які, набіўшы люльку, перадаў яго далей. Тады пачуўся голас Дэлькура. Той таксама ўстаў, бо не мог тут болей трываць.

— Колькі я вінен вам, Марта?