Выбрать главу

— Ён самы… Яны ішлі з хуткасцю парахода…

Унізе, на палубе, гарэла толькі адна маленькая лямпачка, якая асвятляла бочку, груду канатаў, чалавека, што бег ад руля да носа шхуны.

Адзін за адным падыходзілі шлюзаўшчыкі і, не верачы вачам, глядзелі на судна.

— На месцы, хлопцы!.. Давайце!.. Гэй там, каля дзержакоў!

Калі вароты зачыніліся, вада пайшла праз засаўкі і судны пачалі падымацца. Слабы агеньчык наблізіўся яшчэ больш. Палуба была ўжо на ўзроўні прычала, і чалавек на ёй загаварыў з начальнікам порта:

— Як справы?

— Нічога, — адказаў Дэлькур. — Хутка ж вы ўправіліся!

— Вецер быў спадарожны, і Луі паставіў усе ветразі. Нават абышлі нейкі параход!

— Ты ў Кан ідзеш?

— Але, на разгрузку! Тут нічога новага?

Мэгрэ стаяў за два крокі ад капітана «Сэн-Мішэля», з якім гаварыў Дэлькур, Вялікі Луі — крыху далей, але яны амаль не бачылі адзін аднаго.

Начальнік порта павярнуўся да камісара, не ведаючы, што і сказаць.

— Праўда, што Жарыс вярнуўся? Здаецца, пра гэта пісалі ўжо ў газеце…

— Ён вярнуўся і зноў паехаў…

— Як гэта?

Засунуўшы рукі ў кішэні, Вялікі Луі падышоў крыху бліжэй. Незвычайна высокі і шырокі ў плячах, быў ён нейкі нязграбны, скасабочаны, азызлы. Праўда, у гэтакай цемрадзі ён мог здацца шмат больш непрыгожы целам, чым быў на самой справе.

— Ён памёр…

Цяпер Луі наблізіўся да Дэлькура ўсутыч.

— Гэта праўда? — выціснуў ён з сябе.

Толькі цяпер пачуў Мэгрэ ягоны голас. Ён быў нейкі млявы, хрыплы, манатонны. Твар па-ранейшаму быў нябачны.

— У першую ж ноч, як вярнуўся, яго атруцілі…

Абачлівы Дэлькур паспяшаўся дадаць — з яўным намерам папярэдзіць:

— Вось камісар з Парыжа, якому даручана справа.

Дэлькуру стала лягчэй. Ён ужо даўно думаў, як ім пра гэта паведаміць. Можа, ён баяўся якой-небудзь неабачлівасці экіпажа «Сэн-Мішэля»?

— А, гэта пан з паліцыі…

Судна ўсё яшчэ падымалася. Капітан перамахнуў праз борт на прыстань, не ведаючы, падаваць Мэгрэ руку ці не.

— Ну і ну! — вымавіў ён, думаючы пра Жарыса.

Адчувалася, што ён таксама занепакоены — і яшчэ больш, чым Дэлькур. Велізарны нязграбны Луі тупаў на месцы. Ён усё роўна як прагаўкаў нешта зусім неразборлівае.

— Што ён кажа? — спытаў камісар.

— Балбоча па-тутэйшаму: «Свалата на свалаце!..»

— Хто — свалата? — спытаўся Мэгрэ ў былога катаржніка.

Але той толькі паглядзеў яму ў вочы. Цяпер Мэгрэ і Луі стаялі амаль побач. Відаць было, што твар у матроса азызлы, адна шчака таўсцейшая або здавалася такой, бо ён трымаў галаву набок. Вочы — вялікія, лупатыя.

— Учора вы былі тут, — сказаў яму камісар.

Шлюзаванне скончылася. Адчыніліся верхнія вароты. Параход паплыў па канале, і Дэлькуру прыйшлося бегчы за ім, каб спытаць, які ў яго танаж і адкуль ён ідзе. З мастка данеслася:

— Дзевяцьсот тон!.. Руан…

Але «Сэн-Мішэль» са шлюза не выходзіў. Людзі, якія стаялі на сваіх месцах, гатовыя да манеўру, адчувалі, што адбываецца нешта незвычайнае, і напружана чакалі.

Вярнуўся Дэлькур, занатоўваючы на хаду ў нататнік атрыманыя звесткі.

— Ну дык як? — нецярпліва спытаўся Мэгрэ ў Луі.

— Што — як? — прабурчаў той. — Вы кажаце, што я быў тут. Ну, значыцца, быў…

Зразумець яго было нялёгка, бо ён неяк дзіўна глытаў словы, гаварыў, не разяўляючы рота, усё адно як жаваў штосьці. Да таго ж у яго было тыповае тутэйшае вымаўленне.

— Навошта вы прыходзілі?

— З сястрою пабачыцца…

— А раз яе не было дома, пакінулі ёй цыдулку.

Мэгрэ ўпотайкі разглядваў капітана шхуны, які быў апрануты гэтаксама проста, як і яго матрос. Нічога асаблівага ў ім не было. Выдаваў хутчэй на заводскага майстра, чым на капітана.

— Прастаялі тры дні на рамонце ў Фекане. Вось Луі і скарыстаўся выпадкам, каб праведаць Жулі! — умяшаўся ён.

Людзі, што стаялі вакол шлюза, прыслухоўваліся, напэўна, да размовы і стараліся не шумець. Удалечыні выла сірэна. Туман рабіўся ўсё больш вільготны, і брук пад нагамі аж блішчаў.

На палубе шхуны адкрыўся люк, высунулася нечыясь галава. Валасы ў чалавека былі раскудлачаныя, твар няголены.

— Ну і што?.. Так і будзем стаяць тут?..

— Заткніся, Сэлестэн! — рэзка крыкнуў гаспадар шхуны.

Дэлькур прытупваў нагамі — можа, каб сагрэцца, а можа, каб не выдаць сваёй збянтэжанасці, бо не ведаў, што цяпер рабіць: заставацца тут ці ісці, куды яму трэба.

— Чаму вы лічыце, Луі, што Жарысу пагражала небяспека?

— Ну… раз яму рассадзілі чэрап, — паціснуў плячыма матрос, — дык няцяжка здагадацца.