Выбрать главу

— Але. Прынясіце мне кавы, і, калі ласка, як мага хутчэй. А ванну ў вас можна прыняць?

— Калі толькі катлы распаліць.

— Тады не варта…

Раніца была шэрая, усё яшчэ стаяў туман, але ўжо празрысты. Пашчыпвала павекі. Чакаючы, калі гаспадар прынясе каву, Мэгрэ падышоў да адчыненага акна.

Дзіўная ноч. Нічога асаблівага ён не знайшоў — хіба што адкрыў колькі больш-менш цікавых дэталяў. Аднак ён усё ж пасунуўся крыху наперад у расследаванні гэтай драмы, намацаў у ёй новыя звенні.

Прыбыццё «Сэн-Мішэля». Паводзіны Ланэка. Нельга, вядома, сказаць, што яны двухсэнсоўныя. Але ж адчувалася ў іх і нейкая няўпэўненасць. Тое самае можна было сказаць і пра Дэлькура. Дый пра ўсіх астатніх, хто быў тады ў порце!

Напрыклад, наводзяць на падазрэнні паводзіны Вялікага Луі. Ён не адправіўся на шхуне ў Кан, а пайшоў начаваць у драг. І было ясна, што быў ён там не адзін.

А крыху пазней стала вядома, што перад тым, як увайсці ў порт, «Сэн-Мішэль» згубіў шлюпку. У канцы пірса быў знойдзены прадмет, дужа незвычайны для гэтага месца: асадка з залатым пяром.

Пірс быў драўляны і стаяў на палях. У канцы яго, каля зялёнага сігнальнага агню, у мора спускалася жалезная лесвіца. Там і знайшлі лодку.

Значыць, на «Сэн-Мішэлі», калі той прыбыў у порт, быў пасажыр, якому важна было, каб у Вістрэаме яго не заўважалі. Ён прычаліў да берага ў шлюпцы, а потым яна паплыла па цячэнні. На верхніх прыступках лесвіцы, калі ён нахіліўся, каб выбрацца на пірс, з яго кішэні выпала асадка з залатым пяром.

Пасажыр схаваўся на адной дразе, куды і прыйшоў да яго потым Луі.

Дакладнасць гэтай лагічнай пабудовы была амаль матэматычная. Растлумачыць гэтыя факты неяк інакш было немагчыма.

Выснова: у Вістрэаме хаваецца незнаёмы. Прыбыў ён сюды не проста так: у яго была пэўная мэта. І быў ён з таго кола людзей, у якім карыстаюцца асадкамі з залатым пяром!

Гэта не марак! І не просты бадзяга! Раз чалавек меў такую асадку, значыцца, і вопратка ў яго была адпаведная. Такога чалавека ў гэтых мясцінах назавуць, вядома, панам.

А зімою ў Вістрэаме такую асобу не могуць не прыкмеціць. Удзень ён драгу пакінуць не мог. Тады, можа, ноччу выберацца дзеля справы, якая яго сюды прывяла?..

Не ў лепшым гуморы згадзіўся Мэгрэ з неабходнасцю сачыць гэтай ноччу за драгаю: гэта ж занятак для вышукніка-пачаткоўца. Гадзінамі трэба будзе сядзець пад дажджом і напружліва ўзірацца ў вычварныя абрысы гэтай драгі.

І прамучыўся ён гэтую ноч марна, нікога не падпільнаваў. А на світанку злаваўся, што не можа прыняць гарачую ванну. Глядзеў на свой ложак і думаў, ці варта класціся на колькі гадзін.

Гаспадар прынёс каву.

— Вы спаць не збіраецеся?

— Пакуль не ведаю. Маглі б вы зрабіць ласку занесці на пошту тэлеграму?

Гэта быў загад інспектару Люка, з якім камісар звычайна вёў разам справу, прыехаць у Вістрэам. Мэгрэ не хацелася зноў правесці ўсю ноч на нагах.

Праз расчыненае акно былі добра бачныя порт, Жарысаў дом, пясчаныя водмелі бухты.

Пакуль Мэгрэ пісаў тэкст тэлеграмы, гаспадар стаяў каля акна і пазіраў на вуліцу. Не надаючы значэння сваім словам, ён сказаў:

— А вунь і капітанава служанка выйшла прагуляцца…

Камісар узняў галаву і ўбачыў Жулі, якая, зачыніўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.

— Што ў тым баку?

— Пра што гэта вы?

— Куды яна можа пайсці? Там ёсць дамы?

— Ніякіх дамоў там няма. Проста бераг, на які ніколі не ходзяць, бо там хвалярэз і ямы з цінаю.

— А ёсць якая-небудзь дарога ці хоць сцежка?

— Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты… Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак…

Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, і, калі выйшаў на бераг, паміж ім і Жулі было толькі нейкіх дзвесце метраў.

Бераг — суцэльная пустка. Адны чайкі з крыкамі лёталі ў тумане. Справа былі дзюны, і камісар зайшоў за іх, каб заставацца нябачным.

Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся і накатваўся, разбіваючыся, на бераг. Шапацелі раструшчаныя ракавіны.

Жулі не прагульвалася. Яна ішла хутка, захінаючыся ў чорнае паліто. Пасля смерці Жарыса яна не паспела яшчэ справіць сабе жалобную адзежу і насіла ўсё чорнае ці проста цёмнае, што толькі знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохі, капялюш з паламанымі палямі, паліто, якое даўно ўжо выйшла з моды…

Ногі яе гразлі ў пяску, і таму паходка была вельмі няроўная. Двойчы яна азіралася, але не прыкмеціла Мэгрэ, які ішоў, хаваючыся за дзюнамі.

Нарэшце, прыкладна за кіламетр ад Вістрэама, яна павярнула направа — і зрабіла гэта так раптоўна, што камісар ледзь не выдаў сябе.