Выбрать главу

— Цягнік адпраўляецца!

Жулі скарысталася адсутнасцю Мэгрэ і прыпудрыла кончык носа. Вочы ў яе яшчэ чырвоныя ад слёз.

Дзіўна, але яна то здаецца прыгожай і нават вытанчанай, то невядома чаму робіцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.

Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капітана, свайго «гаспадара», як сама яго называе. Робячы гэта, Жулі глядзіць на Мэгрэ, нібыта заяўляе: «Гэта маё права — даглядаць яго!»

Сям'і ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулі жыве ў яго доме. Капітан называў яе сваёй ахмістрыняй.

«Ён любіў мяне, як родную дачку», — усхвалявана падкрэсліла Жулі.

Ворагаў у яго не было! Чалавек самавіты, ніякіх благіх звычак не меў.

Пасля трыццацігадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасці і, нягледзячы на пенсійны ўзрост, папрасіў назначыць яго начальнікам вістрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькі домік…

І вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знікае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакім выглядзе!

Жулі проста сумелася, калі ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнітуры. Яна прывыкла бачыць яго толькі ў форме марскога афіцэра.

Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калі глядзіць на капітана, на твары ў яе і замілаванасць, і няясны страх, і нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе «гаспадар», але ў той жа час і не зусім ён.

«Ён паправіцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць…»

Па шкле сцякаюць цяжкія кроплі. Вагон уздрыгвае, і масіўная галава Мэгрэ ківаецца з боку на бок… Камісар спакойна назірае за спадарожнікамі. Жулі, мусіць, думае, што можна было ўсё-такі абысціся, як яна казала, вагонам трэцяга класа — гэтак яна звычайна і робіць. Жарыс час ад часу прачынаецца і азіраецца, нічога не разумеючы, па баках.

Яшчэ адзін прыпынак у Кане, пасля — Вістрэам.

«У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, — сказаў камісару адзін саслужывец, родам з тых мясцін. — Порт невялікі, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якім праходзяць караблі ў пяць тысяч тон і болей».

Мэгрэ не спрабуе ўявіць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памыліцца. Пакуль што ён проста едзе туды, і позірк яго раз-пораз падае на парык, якім прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.

Да таго, як капітан знік, у яго былі густыя, вельмі цёмныя валасы з ледзь прыкметнай сівізною на скронях. Яшчэ адна прычына адчаю Жулі: яна бачыць не можа гэты голы чэрап! І кожны раз, калі парык спаўзае, яна спяшаецца паправіць яго.

«Я так думаю, што яго хацелі забіць», — сказала Жулі ў кабінеце.

У яго стралялі, гэта факт! Але потым давялі да ладу такія выдатныя дактары…

Калі ён знік, грошай пры ім не было. А знайшлі яго з пяццю тысячамі франкаў у кішэні!

Ёсць над чым падумаць.

А тут яшчэ Жулі адкрывае раптам сумачку.

— Зусім забылася! Я прывезла карэспандэнцыю гаспадара.

Пошта не дужа багатая. Праспекты фірм, якія гандлююць марацкімі таварамі, квітанцыя на ўплату сяброўскіх унёскаў у прафсаюз капітанаў гандлёвага флоту… Паштоўкі ад сяброў, якія яшчэ плаваюць, адна — з Пунта-Арэнас[2]

Ліст з Нармандскага банка ў Кане. Бланк запоўнены на машынцы:

«…маем гонар паведаміць вам, што праз пасрэдніцтва Нідэрландскага банка ў Гамбурзе на Ваш рахунак 14 173 пераведзена сума ў 300 000 франкаў».

А Жулі ўжо колькі разоў казала, што капітан небагаты! Мэгрэ глядзіць па чарзе на абаіх спадарожнікаў.

Трасковая ікра… Гамбург… Чаравікі нямецкай вытворчасці…

Адзін толькі Жарыс мог бы ўсё растлумачыць! Жарыс, які шырока і зычліва ўсміхаецца, як толькі прыкмячае, што Мэгрэ глядзіць на яго.

— Кан. Цягнік ідзе да Шэрбура. Пасажыры на Вістрэам Ліён-сюр-Мэр, Люк…

Сем гадзін вечара. Туман такі густы, што святло ліхтароў на платформе ледзь прабіваецца праз яго малочную заслону.

— Чым цяпер паедзем? — пытаецца Мэгрэ ў Жулі, прабіраючыся праз шчыльны натоўп пасажыраў.

— Больш няма чым. Цяпер прыгарадны ходзіць толькі два разы на дзень.

Каля вакзала стаяць таксі, можна садзіцца. Але Мэгрэ хоча есці. Ён не ведае, што чакае яго ў Вістрэаме, і прапануе Жулі павячэраць у буфеце.

Капітан Жарыс усё такі ж памяркоўны. Есць усё, што яму даюць, усё роўна як паслухмянае дзіця. Нейкі чыгуначнік круціцца каля іх стала, разглядвае Жарыса, пасля пытаецца ў Мэгрэ:

— Ці не начальнік гэта вістрэамскага порта?

І круціць пальцам каля скроні. Мэгрэ ківае, і той адыходзіць. Відаць, яму нялёгка паверыць у тое, што ён бачыць.

А Жулі ўсё незадаволеная:

— Дванаццаць франкаў за гэтакую вячэру! Дый згатавана не на масле. Нібыта нельга было павячэраць дома…

вернуться

2

Горад і порт у Чылі.