Выбрать главу

— Я ведала, што ўсё гэта прывядзе да няшчасця. Але брат мой, знайце, не рабіў нічога благога! Я клянуся вам, што, калі б ён забіў капітана, я была б першая, хто адплаціў бы яму тым самым.

У яе глухім голасе пачулася рашучасць.

— Проста бываюць супадзенні. А тут яшчэ гэтая гісторыя з катаргай, якую ўвесь час прыгадваюць. Зробіць чалавек у жыцці адну памылку, ну і вешаюць на яго пасля ўсе чужыя грахі…

— Які ў Луі быў план?

— Гэта быў не план. Усё намнога прасцей. Ён сустрэў нейкага чалавека, вельмі багатага, не ведаю вось толькі — у Гаўры ці ў Ангельшчыне. Мне ён яго прозвішча не называў. Чалавеку гэтаму надакучыла жыць на сушы, і ён хацеў купіць яхту. Вось і папрасіў брата знайсці яму судна.

Яны ўсё яшчэ стаялі. Удалечыні, там, дзе быў Вістрэам, адсюль віднеўся толькі бялюткі маяк, які добра вылучаўся на фоне бледнага неба.

— Луі расказаў пра гэта гаспадару. Ланэк і сам з некаторага часу падумваў прадаць «Сэн-Мішэль». Вось і ўсё! «Сэн-Мішэль» — лепшы кабатажнік, які толькі можна знайсці, каб перарабіць яго на яхту. Спачатку брат павінен быў атрымаць, калі тое выйдзе, дзесяць тысяч франкаў. А пасля пакупнік прапанаваў яму застацца на гэтым судне капітанам — як даверанаму чалавеку.

Яна адразу ж пашкадавала, што сказала апошнія словы — Мэгрэ мог іранічна засумнявацца, — і ўгледзелася цяпер у яго твар, чакаючы ўсмешкі.

Не ўбачыўшы яе, дзяўчына адчула ўдзячнасць. Мэгрэ ж мог і прыкладна так адказаць: «Катаржнік — давераная асоба?!»

Але нічога падобнага яму ў галаву не прыйшло. Камісар думаў. Ён быў здзіўлены простасцю гэтага расказу, тою простасцю, якая надавала словам Жулі праўдзівасць.

— Толькі вы не ведаеце, хто гэты пакупнік?

— Не ведаю.

— Дзе ваш брат мусіў зноў сустрэцца з ім?

— Не ведаю.

— Калі?

— Вельмі хутка. Здаецца, шхуну хацелі пераабсталяваць у Нарвегіі, а праз месяц яна павінна была адправіцца ў Міжземнае мора, да Эгіпта.

— Гэты чалавек — француз?

— Не ведаю.

— А сёння вы прыйшлі ў капліцу забраць вашу ракавіну?

— Таму што падумала: знойдуць яе — чаго толькі не падумаюць, апрача праўды. Прызнайцеся, вы ж не верыце мне?

Замест адказу ён спытаў:

— Вы бачыліся з братам?

Яна ўздрыгнула.

— Калі?

— Сёння ноччу ці раніцай.

— Луі тут?

Здавалася, што пытанне напалохала яе, збіла з панталыку.

— «Сэн-Мішэль» прыйшоў.

Гэтыя словы крыху яе супакоілі, быццам яна баялася, што брат з'явіцца тут без шхуны.

— Дык ён адправіўся ў Кан?

— Не! Ён пайшоў спаць на драгу.

— Хадзем! — сказала яна. — Мне холадна.

Вецер з мора ўсё свяжэў, а хмары яшчэ больш зацягвалі неба.

— І часта ён спіць на старых суднах?

Яна не адказала. Гаворка абарвалася сама сабою. Яны ішлі, чуючы толькі шапаценне пяску пад нагамі і гудзенне прыбярэжнай машкары — устрывожаная людзьмі, яна спыніла свой пір і кружыла цяпер над водарасцямі, выкінутымі на бераг прылівам.

«Яхта… Асадка з залатым пяром», — круцілася ў галаве ў Мэгрэ.

Камісар думаў. Раніцай цяжка было растлумачыць, хто б мог згубіць на пірсе гэтую асадку: знаходка ніяк не вязалася ні з экіпажам «Сэн-Мішэля», ні з ягонымі гасцямі, людзьмі для такой рэчы дужа простымі. «Яхта… Асадка з залатым пяром…»

Цяпер з'яўлялася логіка! Багаты немалады мужчына шукае яхту для падарожжаў і губляе асадку з залатым пяром…

Але заставалася яшчэ растлумачыць, чаму гэты чалавек, замест таго каб прыйсці ў порт са шхунаю, сышоў з яе і перасеў у лодку, потым выбраўся на пірс і схаваўся на дразе, якая ці не напалову ўжо затанула.

— У той вечар, калі знік Жарыс, брат, як прыходзіў да вас, нічога не казаў пра свайго пакупніка? Не казаў, напрыклад, што той на шхуне?

— Не… Ён толькі аб'явіў мне, што справа амаль ужо скончана.

Яны падышлі да маяка. Жарысаў дом стаяў побач, злева, і ў садзе яшчэ віднеліся кветкі, пасаджаныя капітанам.

Жулі пахмурнела, разгублена азірнулася вакол, як чалавек, які ўжо не ведае, што рабіць у жыцці.

— Мусіць, вас хутка выклічуць да натарыуса з нагоды завяшчання. Цяпер вы багатая…

— Ды кіньце вы! — сказала яна суха.

— Што вы хочаце сказаць?

— Самі добра ведаеце… Казкі ўсё гэта — пра багацце… Капітан не быў багаты…

— Вы не можаце гэта ведаць.

— Ён нічога не ўтойваў ад мяне. Калі б у яго былі сотні тысяч франкаў, ён сказаў бы. І, вядома, купіў бы летась зімою паляўнічую стрэльбу за дзве тысячы франкаў. Яна ж яму так спадабалася! Ён убачыў яе ў мэра і даведаўся пра цану…

Яны падышлі да брамкі.

— Вы зойдзеце?