— Не… Я, мабыць, хутка вас убачу…
Яна не рашалася ўвайсці ў дом, дзе зноў застанецца адна.
Прайшло некалькі гадзін. Нічога не здарылася. Мэгрэ хадзіў вакол драгі, паглядаючы на яе, усё роўна як разявака ў нядзелю, які з міжвольнай пачцівасцю назірае новае для сябе відовішча. А тут было што разглядаць: вялікія трубы, каўшы, ланцугі, кабестаны…
Гадзін у адзінаццаць ён выпіў аперытыву з партавікамі.
— Не бачылі Вялікага Луі?
Яго бачылі раніцай. Ён выпіў у шынку дзве чаркі рому і рушыў некуды па шашы.
Мэгрэ хацелася спаць. Ноччу ён, мусіць, прастудзіўся. І настрой у яго быў, як у чалавека, які захварэў на грып. Гэта можна было прыкмеціць па яго рухах і млявым твары.
Камісар і не спрабаваў хаваць свой дрэнны настрой, што яшчэ больш устрывожыла наведнікаў шынка, якія ўпотайкі паглядвалі на яго. Размова не клеілася. Капітан Дэлькур спытаў:
— Што мне рабіць са шлюпкаю?
— Прышвартуйце яе дзе-небудзь.
І зноў Мэгрэ задаў пытанне без неабходнай хітрасці:
— Ніхто не бачыў сёння на вуліцы незнаёмага?.. Не заўважылі нічога такога каля драг?..
Ніхто нічога не бачыў! Але цяпер, пасля гэтага пытання, усе пачалі нечагась чакаць.
Цікава: людзі чакалі, што здарыцца нейкая драма. Прадчуванне? Пачуццё таго, што ланцуг падзей не замкнуўся, што ў ім не хапае нейкага звяна?
Пачуўся гудок парахода, які запрошваў у шлюз. Партавікі ўзняліся. Мэгрэ пайшоў на пошту паглядзець, ці няма яму якіх паведамленняў. Люка адбіў тэлеграму, што прыедзе ў дзве гадзіны дзесяць хвілін.
У названы час цягнічок, які ішоў уздоўж канала Кан — Вістрэам і быў падобны на дзіцячую цацку — са сваімі вагонамі ўзору тысяча васемсот пяцідзесятага года, прагудзеў удалечыні. Пад грукат тугіх тармазоў і свіст пары ён спыніўся каля самага порта.
Люка выйшаў, падаў камісару руку. Здзівіўся, убачыўшы хмурны твар Мэгрэ.
— Ну як?
— Нармальна.
Нягледзячы на розніцу ў чыне, Люка не ўтрымаўся ад смеху.
— Па вас не скажаш!.. Ведаеце, я не абедаў…
— Хадзем у гатэль. Там што-небудзь засталося напэўна, каб перакусіць…
Яны селі ў вялікай зале, дзе гаспадар зладзіў стол новаму жыльцу. Гаварылі вельмі ціха. Гаспадар, здавалася, чакаў моманту, каб уставіць слова.
Падаўшы сыр, ён рашыў, што момант настаў, і спытаўся ў Мэгрэ:
— Ведаеце, што здарылася з мэрам?
Мэгрэ ўздрыгнуў. Твар у яго быў такі ўстрывожаны, што гаспадар сумеўся.
— Нічога асаблівага… Карацей кажучы, ён упаў у сябе дома на лесвіцы… Не ведаю, як гэта яго собіла, але твар у яго цяпер такі размаляваны, што ён нават злёг…
У галаве ў Мэгрэ адразу ж бліснула здагадка. Менавіта здагадка, бо ў адно імгненне ён выразна ўявіў, як яно здарылася.
— Пані Гранмэзон цяпер у Вістрэаме?
— Не. Раніцаю, як толькі развіднела, паехала з дачкою на машыне… Думаю, у Кан…
У камісара грыпозны настрой як рукою зняло.
— Доўга ты яшчэ будзеш аб'ядацца? — буркнуў ён інспектару.
— Ну, вядома, — спакойна адказаў Люка, — таму, у каго жывот поўны, галодны за сталом здаецца монстрам… Яшчэ тры хвіліны! Не забірайце камамбер[4], гаспадар!
VI. Падзенне на лесвіцы
Гаспадар гатэля не падмануў. Але ўсё-такі перабольшыў: Гранмэзон не ляжаў у ложку.
Калі, адаслаўшы Люка назіраць за драгаю, Мэгрэ падыходзіў да мэравай вілы, ён заўважыў за адным акном постаць чалавека ў класічнай позе хворага, вымушанага сядзець дома.
Камісар не разгледзеў твару. Але, відавочна, гэта быў мэр.
Далей ад акна стаяў яшчэ адзін чалавек, распазнаць якога было немагчыма.
Калі Мэгрэ пазваніў, крокаў у доме пачулася больш, чым калі б нехта проста пайшоў адчыняць. Нарэшце з'явілася служанка, жанчына сярэдніх гадоў, даволі свавольнага выгляду. Пэўна, яна без меры пагарджала ўсімі наведнікамі, бо нават слова не сказала.
Адчыніўшы, яна ўзнялася па прыступках, якія вялі ў хол, і Мэгрэ прыйшлося самому зачыняць за сабою дзверы. Потым яна пастукалася ў мэраў кабінет і знікла, калі камісар ужо ўваходзіў.
Ва ўсім гэтым адчувалася штосьці загадкавае. Гэта быў не той выпадак, калі нешта адразу ж кідаецца ў вочы. Здзіўлялі розныя дробязі, якія выдавалі, што ў доме не зусім спакойна.
Віла была вялікая, амаль новая, пабудаваная ў стылі, які часта сустракаецца на ўзбярэжжы.
Але, улічваючы той факт, што Гранмэзон быў уладальнікам амаль усіх акцый буйной Ангельска-Нармандскай кампаніі, можна было чакаць большага багацця.
Можа, яго дом у Кане быў раскошнейшы? Мэгрэ ступіў некалькі крокаў, і толькі тады пачуўся голас: