— Ваш садоўнік носіць сандаліі на вяровачнай падэшве?
Мэр хутка зірнуў на паркет, дзе віднеліся сляды. Малюнак вяровачнай падэшвы быў выразны.
— Адкуль я ведаю?
— Прабачце, што перапыніў вас… Проста ў галаву прыйшла адна думка… Дык вы кажаце?..
Але працягваць свой наступ на камісара мэр не стаў.
— Перадайце мне, калі ласка, скрынку з цыгарамі… Вось гэтую… Дзякую…
Ён запаліў цыгару і прастагнаў, бо занадта шырока разявіў рот.
— Увогуле, што вам удалося даведацца? Вы, напэўна, багата што высветлілі…
— Так мала!
— Дзіўна… У партавікоў фантазіі хапае, асабліва пасля некалькіх чарак аперытыву…
— Мяркую, вы адправілі жонку ў Парыж, каб уберагчы яе ад хваляванняў, звязаных з усімі гэтымі драматычнымі падзеямі?.. І тымі, што могуць яшчэ здарыцца?..
З абодвух бакоў адчувалася непрыязнасць. Урэшце, камісар і мэр былі людзі з розных грамадскіх класаў, вельмі непадобныя адзін на аднаго.
Мэгрэ выпіваў у партовым шынку з рыбакамі і шлюзаўшчыкамі.
Мэр прымаў паноў з пракуратуры, частаваў іх чаем з лікёрамі і пірожнымі.
Мэгрэ быў просты чалавек, сацыяльную прыналежнасць якога цяжка было вызначыць.
Пан Гранмэзон належаў да мясцовае знаці, паходзіў са старадаўняй буржуазнай сям'і, меў рэпутацыю самавітага суднаўладальніка, прыбыткі якога няспынна растуць.
Вядома, паводзінам мэра была ўласцівая дэмакратычнасць. Ён размаўляў на вуліцы з простымі людзьмі. Але гэтая дэмакратычнасць была маскаю, якую трэба надзяваць, каб мець поспех і на наступных выбарах. Гэта была частка абдуманай жыццёвай лініі.
Камісар трымаўся вельмі ўпэўнена. А з пухлага ружовага твару пана Гранмэзона спакваля сыходзіла важнасць, саступаючы месца разгубленасці.
Каб не выдаць сябе, мэр зрабіў выгляд, што сярдуе.
— Пан Мэгрэ, — пачаў ён, вымавіўшы гэтыя два словы так, нібыта збіраўся дэкламаваць. — Пан Мэгрэ, я дазволю сабе нагадаць вам, што ў якасці мэра абшчыны…
Камісар падняўся — і зрабіў гэта так нязмушана, што субяседнік шырока расплюшчыў вочы. Мэгрэ падышоў да дзвярэй у гасцёўню і спакойна адчыніў іх.
— Ды ўваходзьце ўжо, Луі! Гэта дзейнічае на нервы — няспынна бачыць, як дрыжаць дзверы, і чуць, як вы за імі сапяце!
Калі Мэгрэ спадзяваўся на тэатральны эфект, дык яго чакала расчараванне. Вялікі Луі, скасабочыўшы як звычайна плечы і нахіліўшы галаву, пакорліва ўвайшоў у кабінет і ўтупіўся вачыма ў падлогу.
Гэта была поза чалавека, які трапіў у далікатнае становішча: як мог ён, просты матрос, апынуцца ў доме ў такой важнай і багатай асобы?
Што ж да мэра, дык гэты зацягваўся цыгараю, выпускаў густыя клубы дыму і глядзеў некуды нерухомымі вачыма.
У пакоі ўжо амаль нічога не было відаць. На вуліцы запалілі ліхтар.
— Я запалю святло, з вашага дазволу, — сказаў Мэгрэ.
— Хвілінку… Закрыйце спярша шторы… Мінакам неабавязкова бачыць… Вось так… Левы шнур… Асцярожна…
Вялікі Луі застыў пасярод пакоя. Мэгрэ павярнуў выключальнік, падышоў да каміна і паварушыў вуголле.
Гэта была яго старая звычка. Яшчэ ён мог, калі быў заклапочаны, стаяць каля печы, заклаўшы рукі за спіну, пакуль не пачынала пячы ў бакі.
Але ж ці змянілася хоць крыху сітуацыя? Гранмэзон па-ранейшаму насмешліва пазіраў на камісара, які на хвіліну задумаўся.
— Вялікі Луі быў тут, калі… калі з вамі гэта здарылася?
— Не! — суха адказаў мэр.
— Шкада! Вы маглі б упасці, скажам, на яго кулак…
— Што дазволіла б вам яшчэ больш растрывожыць некаторыя галовы, расказваючы ў партовым шынку розныя фантастычныя гісторыі… Лепей, мусіць, скончыць з гэтым, камісар?.. Гэтай драмай трэба заняцца нам абодвум… Вы прыехалі з Парыжа… Прывезлі мне адтуль капітана ў вельмі нецікавым стане, і ўсё гаворыць за тое, што не ў Вістрэаме яго так апрацавалі… Вы былі тут, калі яго забілі… Следства вы ведзяце, як вам заманецца…
У голасе ў мэра гучала рашучасць.
— Я мэр гэтага гарадка ўжо дзесяць гадоў, ведаю ўсіх яго жыхароў і лічу сябе адказным за ўсё, што з імі здараецца. І як мэр кірую адначасова і мясцовай паліцыяй… Дык вось!..
Ён спыніўся на нейкі момант, каб зацягнуцца цыгараю. Попел упаў і рассыпаўся ў яго на халаце.
— Пакуль вы бегаеце па шынках, я таксама не сяджу склаўшы рукі, хай гэта вас не пакрыўдзіць…
— І выклікаеце Вялікага Луі…
— Я выклікаю і іншых, калі знаходжу гэта патрэбным… А цяпер, мяркую, вы не маеце больш нічога істотнага паведаміць мне?..
Ён устаў, каб праводзіць наведніка да дзвярэй. Было відаць, што ногі ў яго трохі зацяклі.