Выбрать главу

— Спадзяюся, — ціха сказаў Мэгрэ, — вы не будзеце мець нічога супраць, калі Луі пойдзе са мною… Учора ноччу ён ужо даваў мне паказанні… Мне трэба задаць яму яшчэ некалькі пытанняў…

Гранмэзон паказаў жэстам, што яму гэта ўсё роўна. Але сам Вялікі Луі і з месца не скрануўся, усё адно як здранцвеў, — стаяў, апусціўшы вочы.

— Пакуль што не, — буркнуў ён як звычайна.

— Заўважце, — сказаў мэр, — я зусім не супраць таго, каб ён ішоў з вамі. І хачу, каб вы зафіксавалі гэты факт у сваёй памяці і не закідалі мне, што я ўстаўляю вам палкі ў колы… Я выклікаў Вялікага Луі для высвятлення некаторых акалічнасцей… Калі ён пажадаў застацца ў мяне, значыцца, яму ёсць яшчэ што мне сказаць…

Аднак цяпер у вачах у мэра была трывога — не, паніка! Вялікі Луі ўсміхаўся з нейкім жывёльным задавальненнем.

— Я пачакаю вас на вуліцы! — сказаў Мэгрэ матросу.

Але адказу камісар не пачуў. Толькі мэр выціснуў з сябе:

— Да сустрэчы, пан камісар…

Дзверы былі адчыненыя. З кухні прыйшла служанка і моўчкі, з незадаволеным тварам праводзіла Мэгрэ да дзвярэй вілы, якія адразу ж і зачыніла, толькі ён выйшаў.

Дарога была пустынная. Метраў за сто ад вілы ў акне нейкага дома гарэла святло, і далей свяціліся агеньчыкі, але адлегласць паміж імі была вельмі вялікая: пабудовы ўздоўж дарогі Рыва-Бэла танулі ў велізарных садах.

Засунуўшы рукі ў кішэні і ссутуліўшыся, Мэгрэ ступіў некалькі крокаў і апынуўся ў канцы садовага плота, за якім пачыналася пустка. Усе вістрэамскія дамы цягнуліся ўздоўж дзюнаў. За садамі не было нічога, апроч пяску і асакі.

У цемры з'явілася чыясьці постаць. Пачуўся голас:

— Гэта вы, камісар…

— Люка? — адгукнуўся Мэгрэ.

Яны хутка сышліся.

— Чалавек з драгі…

— Выйшаў адсюль? — перапыніў Мэгрэ.

— Не, яшчэ тут.

— Даўно?

— Не больш чвэрці гадзіны… Адразу за вілай.

— Праз плот пералез?

— Не… Здаецца, чакае некага… Я пачуў вашы крокі і пайшоў паглядзець…

— Вядзі…

Яны абышлі сад і апынуліся за вілаю. Люка вылаяўся.

— Што такое?

— Яго тут болей няма…

— Ты ўпэўнены?

— Ён стаяў каля таго куста тамарыксу…

— Думаеш, зайшоў у дом?

— Не ведаю…

— Заставайся тут і не сыходзь з месца ні ў якім выпадку…

Мэгрэ пабег да дарогі. Але і там нікога не ўбачыў. У акне кабінета віднелася палоска святла, аднак да падаконніка нельга было дацягнуцца.

Камісар не стаў вагацца. Рашуча прайшоў праз увесь сад і пазваніў у дзверы. Служанка адчыніла амаль адразу.

— Здаецца, я пакінуў у кабінеце пана мэра люльку…

— Зараз пагляджу.

Яна пакінула яго на ганку, але як толькі жанчына трохі адышла, камісар увайшоў і, ціха падняўшыся на колькі прыступак, зазірнуў у кабінет.

Мэр па-ранейшаму сядзеў на сваім месцы, выцягнуўшы ногі. Перад ім стаяў маленькі столік, з другога боку якога сядзеў Вялікі Луі. На століку ляжалі шашкі.

Перасунуўшы шашку, былы катаржнік усё адно як гаўкнуў:

— Ваш ход…

З раздражненнем гледзячы на служанку, якая марудліва шукала яго люльку, мэр ледзь не сарваўся на крык:

— Ну, вы ж бачыце, што яе тут няма… Скажыце камісару, што ён згубіў яе, мабыць, недзе на вуліцы… Ваш ход, Луі…

— А потым вы прынесяце нам выпіць! — самаўпэўнена, нахабна сказаў матрос.

VII. Дырыжор

Калі Мэгрэ выйшаў з вілы, Люка зразумеў, што настае вельмі адказны момант. Выгляд у камісара быў дужа заклапочаны — здаецца, ён нічога не бачыў перад сабою.

— Ты яго не знайшоў?

— Думаю, што і шукаць не варта. Каб злавіць чалавека ў дзюнах, трэба арганізаваць натуральную аблаву.

Пакусваючы канец люлькі, Мэгрэ зашпіліў паліто і засунуў рукі ў кішэні.

— Бачыш шчыліну ў шторах? — паказаў ён на акно кабінета. — І сцяну насупраць. Дык вось, стаўшы вунь на той карніз, што на гэтай сцяне, ты, я думаю, зможаш сёе-тое праз гэтую шчыліну ўбачыць.

Люка быў такі ж масіўны, як і Мэгрэ, але меншы ростам. Уздыхнуўшы, ён палез на карніз, адначасова гледзячы на дарогу, каб пераканацца, што там цяпер няма мінакоў.

Са змярканнем пацягнула ветрам. Ён хутка набіраў сілу, дрэвы ў садзе шумелі.

— Бачыш што-небудзь?

— Не, трошкі не дацягваюся, сантыметраў пятнаццаць — дваццаць.

Мэгрэ моўчкі падышоў да груды камення ўскрай дарогі і прынёс некалькі.

— Паспрабуй так.

— Край стала бачу, людзей — яшчэ не.

Камісар прынёс яшчэ некалькі камянёў.

— Цяпер добра! Яны гуляюць у шашкі. Служанка падае шклянкі, яны дымяцца — думаю, гэта грог.