Выбрать главу

— Нічога новага?

— Больш не гуляюць. Луі раптам абрыдла, і ён змяшаў шашкі.

— Што цяпер робяць?

— Мэр сядзіць у крэсле, выцягнуў ногі. Луі паліць цыгары і п'е грог. Разламаў ужо з дзесятак цыгар. Робіць гэта з іранічным выглядам, каб больш раззлаваць мэра.

— Колькі ён грогу выпіў?

— Пяць або шэсць шклянак…

Мэгрэ бачыў толькі вузкую палоску святла. Міма праехалі на роварах да гарадка муляры — вярталіся з працы. Потым з'явілася нейкая павозка. Разгледзеўшы ў цемры постаці людзей, селянін пачаў паганяць каня — аддаляючыся, колькі разоў з трывогаю азірнуўся.

— А што служанка?

— Яе больш не відаць. Мабыць, на кухні. Мне яшчэ доўга тут стаяць?.. Прынясіце ўжо хоць яшчэ колькі камянёў, а то ж на дыбачках стаю…

Мэгрэ прынёс камяні. Мора ўсё больш раз'юшвалася. Хвалі каля берага падымаліся, пэўна, метры на два і разбіваліся на пяску ў белы шум.

У раёне порта нехта гучна бразнуў дзвярыма. Відаць, у шынку. У садзе з'явілася чыясьці постаць — чалавек нешта выглядваў. Мэгрэ кінуўся да яго.

— А, гэта вы… Вас просяць да тэлефона… Выклікаў Кан.

— Алё!.. Камісар Мэгрэ? Як вы гэта ўгадалі?!. Пані Гранмэзон праехала сёння раніцаю праз Кан з Вістрэама ў Парыж. Яна пакінула дачку дома, пад нагляд гувернанткі… Апоўдні выехала на машыне… Наконт незнаёмага вы таксама ўгадалі… Толькі мы звярнуліся ў першы ж гараж, насупраць вакзала, нам адразу адказалі… Гэты чалавек прыехаў на ровары… Хацеў узяць напракат машыну без шафёра… Яму адказалі, што яны такіх паслуг не робяць… Чалавек спяшаўся… Ён спытаў, ці нельга купіць якую машыну, хуткую на хаду, але пажадана старую… Яму прадалі аўтамабіль за дванаццаць тысяч франкаў, якія ён адразу ж і выклаў… Машына — жоўтая, спартовага тыпу, з адкрытым верхам… Як і на ўсіх машынах, што на продаж, на ёй напісана літара «w»…

— Вам вядома, куды яна накіравалася?

— Чалавек пытаўся, як праехаць у Парыж праз Лізьё і Эўрэ.

— Тэлефануйце ў паліцыю і жандармерыю Лізьё, Эўрэ, Манту, Сэн-Жэрмэна… Папярэдзьце Парыж, каб сачылі за ўсімі ўездамі ў горад, асабліва ў раёне Маё…

— Машыну трэба спыніць?

— Але, і арыштаваць вадзіцеля! У вас ёсць яго апісанне?

— Гаспадар гаража кажа, што ён даволі высокага росту, сярэдніх гадоў, у светлым элегантным гарнітуры…

— Загад у сіле: тэлефанаваць мне ў Вістрэам, як толькі…

— Прабачце, хутка сем гадзін… Пасля сямі тэлефоннай сувязі з Вістрэамам няма… Хіба што вы звернецеся да мэра…

— Чаму?

— Таму што яго нумар першы і ноччу ў яго прамая сувязь з Канам.

— Пасадзіце каго-небудзь на камутатар. Калі папросяць мэра, трэба праслухаць размову… У вас ёсць машына?

— Але, малалітражка.

— Ну й хопіць, каб даехаць да мяне з паведамленнем… Я па-ранейшаму ў «Марацкім прытулку».

У шынку капітан Дэлькур асмеліўся спытацца ў Мэгрэ:

— Гэта вы забойцу ловіце?

— Не ведаю!

Людзі ў шынку не маглі зразумець, чаму Мэгрэ, яшчэ ўчора такі сардэчны і просты, здаваўся цяпер далёкім ад іх і нават злым.

Ён выйшаў, нічога не растлумачыўшы. Вецер усё больш хваляваў мора. На мосце, які дрыжаў пад націскам буры, камісару прыйшлося шчыльна зашпіліцца.

Каля Жарысавага дома ён спыніўся і пасля некаторых ваганняў зазірнуў у замок. У глыбіні калідора ён убачыў зашклёныя дзверы кухні. Гарэла святло. Нехта хадзіў паміж плітою і сталом.

Мэгрэ пазваніў. Жулі замерла са сподачкам у руках, пасля паставіла яго на стол і выйшла з кухні да дзвярэй.

— Хто там? — спытала яна з трывогаю.

— Камісар Мэгрэ!

Жулі адчыніла, прапусціла яго. Яна нервавалася, увесь час азіралася, вочы ў яе былі чырвоныя ад слёз.

— Уваходзьце… Я рада, што вы прыйшлі. Ведалі б вы, як мне страшна ў гэтым доме адной! Мусіць, я тут не застануся…

Мэгрэ ўвайшоў у кухню, як звычайна старанна прыбраную.

На стале, засланым белай цыратаю, стаялі толькі кубак і талерка з хлебам і маслам. Ад рондаля на пліце ішоў салодкі пах.

— Какава? — спытаўся Мэгрэ.

— Не хочацца гатаваць сабе адной… Вось абыходжуся кубкам какавы…

— Не звяртайце на мяне ўвагі… Ешце…

Спачатку яна саромелася, пасля, рашыўшыся, наліла ў кубак какавы і пачала ўмачаць у яе вялікія кавалкі намазанага маслам хлеба, які ела потым з лыжкі, апусціўшы застылыя вочы.

— Ваш брат яшчэ не прыходзіў?

— Не! Нічога не разумею… Толькі што хадзіла ў порт, думала сустрэць яго там. Маракі, калі ім няма чаго рабіць, заўсёды бадзяюцца ў порце…

— Вы ведалі, што ваш брат сябруе з мэрам?