Жулі кінула на камісара разгублены позірк.
— Што вы хочаце сказаць?
— Цяпер яны гуляюць у шашкі ў мэравым доме.
Дзяўчына падумала, што яе разыгрываюць, але калі Мэгрэ запэўніў яе, што гэта чыстая праўда, яна сумелася яшчэ больш.
— Не разумею…
— Чаму?
— Таму што мэр не такі ўжо просты з людзьмі… А галоўнае, я ведаю, як ён не любіць Луі. Колькі разоў чапляўся да яго! Хацеў нават пазбавіць пасведчання на права жыхарства…
— А з капітанам Жарысам?
— Што?
— Пан Гранмэзон сябраваў з капітанам?
— Як з усімі! Здароўкаецца за руку. Жартуе… Дадае колькі слоў пра надвор'е — але гэта ўсё. Іншы раз, я ўжо вам казала, ён браў майго гаспадара на паляванне… Але толькі каб не быць аднаму…
— Вы яшчэ не атрымалі ліст ад натарыуса?
— Атрымала! Ён паведамляе, што я адзіная спадчынніца… Што б гэта ўсё магло значыць? Праўда, што дом застаецца мне?
— І трыста тысяч франкаў таксама!
Амаль нерухомая, яна машынальна працягвала есці, пасля, круцячы галавою, вымавіла:
— Гэта немагчыма… Недарэчнасць нейкая… Я ж вам кажу: у капітана ніколі не было такіх грошай!
— Дзе яго звычайнае месца?.. Ён вячэраў на кухні?
— Там, дзе вы седзіце, у плеценым крэсле.
— Вы елі разам?
— Звычайна… Хіба што час ад часу я ішла зірнуць на пліту і падаць што-небудзь… За вячэраю ён любіў чытаць газету, іншы раз уголас…
Мэгрэ быў не надта чуллівы. І ўсё ж такі яго ўсхваляваў ідылічны спакой, у якім ён цяпер сябе адчуваў. Здавалася, што гадзіннік цікаў надзвычай марудна. Водбліск святла ад меднага маятніка адбіваўся на сцяне. І гэты салодкі пах какавы… Пры кожным руху Мэгрэ плеценае крэсла прыемна паскрыпвала — як і тады, пэўна, калі ў ім сядзеў капітан Жарыс…
Жулі было страшна адной у гэтым доме. Але яна не рашалася пакінуць яго. І камісар разумеў, што нешта трымала яе ў гэтых сценах — не адпускала, бадай, звычка… Яна ўстала і пайшла да дзвярэй. Мэгрэ сачыў за ёю вачыма. Жулі ўпусціла ў кухню белую кошку, якая падышла да міскі з малаком каля печы.
— Бедная Міну! — сказала дзяўчына. — Гаспадар так любіў яе… Сядзела пасля вячэры ў яго на каленях, пакуль ён не ішоў спаць…
Які глыбокі спакой — у ім адчувалася нават нейкая пагроза… Спакой цяжкі і напружаны…
— Вы напраўду нічога не хочаце мне сказаць, Жулі?
Яна дапытліва глянула на яго.
— Я думаю, што вось-вось адкрыю праўду… Любое ваша слова дапаможа мне… Вось чаму я і пытаюся, ці не хочаце вы расказаць мне што-небудзь…
— Клянуся вам…
— Пра капітана Жарыса…
— Нічога!
— Пра вашага брата…
— Нічога… Клянуся вам…
— Пра чалавека, які, пэўна, быў у гэтых мясцінах і якога вы не ведаеце…
— Не разумею…
Яна ўсё ела кавалкі хлеба, якія плавалі ў жоўтай ад масла какаве — Мэгрэ і глядзець на гэтакую ежу было непрыемна.
— Добра, я пайду!
Жулі кінула на камісара роспачны позірк, у якім адчувалася і нейкая крыўда. Дзяўчыну зноў чакала адзінота. Відаць было, што ёй хочацца пра нешта спытацца.
— Скажыце, а пахаванне… Я думаю, — узняла яна на яго вочы, — нельга так доўга чакаць… бо труп…
— Ён пакладзены ў лёд, — з цяжкасцю знайшоў камісар адказ.
Жулі ўздрыгнула.
— Ты тут, Люка?
Было так цёмна, што ўжо нічога нельга было разгледзець. Да таго ж бура заглушала ўсё навокал. У порце, кожны на сваім месцы, чакалі прыбыцця судна з Глазга, якое, зрабіўшы няправільны манеўр, гудкамі падавала каля пірса сігналы.
— Я тут.
— Што яны робяць?
— Ядуць. Хацеў бы я быць на іх месцы. Крэветкі, малюскі, амлет і нешта падобнае на халодную цяляціну.
— Яны абодва за сталом?
— Абодва. Луі ўсё яшчэ не зняў са стала локці.
— Гутараць?
— Мала. Час ад часу выціскаюць па слову, але, здаецца, ім няма пра што гаварыць.
— П'юць?
— Матрос п'е. На стале дзве бутэлькі. Дарагое віно. Мэр увесь час падлівае.
— Бы напаіць хоча?
— Выдае на тое. Служанка смешна трымаецца. Так баіцца зачапіць госця, што калі ёй трэба прайсці міма, дык абыходзіць яго.
— Ніхто больш не званіў?
— Не… Чакайце. Луі сморкаецца ў сурвэтку, устае… Ідзе па цыгары. Скрынка — на каміне. Падае мэру — той адмаўляецца, круціць галавою. Служанка нясе сыр… Хоць бы сесці на што-небудзь! — жаласна дадаў Люка. — У мяне ногі замерзлі. Паварушыцца баюся, каб не грымнуцца.
Гэтага было мала, каб разжаліць Мэгрэ: ён і сам дзесяткі разоў быў у падобных сітуацыях.
— Зараз прынясу табе паесці і выпіць.