У гатэлі «Універсаль» была добрая вячэра, але Мэгрэ абышоўся кавалкам хлеба з паштэтам, праглынуў яго стоячы. Пасля зрабіў калегу бутэрброд і ўзяў недапітую бутэльку бардоскага віна.
— А я зрабіў вам такі буайбэс[5], які вы і ў Марселі не пакаштуеце! — пачаў угаворваць прысесці гаспадар.
Але нішто ўжо не магло ўтрымаць камісара. Вярнуўшыся да Люка, ён у каторы раз задаў тое самае пытанне:
— Што яны робяць?
— Служанка прыбрала стол. Мэр у крэсле паліць адну за адной цыгары. Па-мойму, Луі засынае. Цыгара ў яго ўсё яшчэ ў роце, але дыму не відаць.
— Што яму далі выпіць?
— Поўную шклянку з бутэлькі, што на каміне.
— Арманьяк, — успомніў Мэгрэ.
— Чакайце… На трэцім паверсе запалілася святло… Пэўна, служанка збіраецца спаць. Мэр устае, ідзе…
Чуюцца нейкія галасы — недзе каля шынка. Шум матора. Можна разабраць адсюль некаторыя словы:
— За сто метраў? У доме?..
— Не. Каля дома.
Мэгрэ пайшоў насустрач машыне. Спыніў яе даволі далёка ад дома, каб не ўстрывожыць мэра. У машыне сядзелі некалькі чалавек у паліцэйскіх мундзірах.
— Што новага?
— З Эўрэ паведамілі, што чалавек у жоўтай машыне арыштаваны.
— Хто ён?
— Пачакайце! Ён пратэстуе. Пагражае, што выкліча пасла.
— Іншаземец?
— Нарвежац. Нам сказалі па тэлефоне яго прозвішча, але немагчыма было разабраць: Марціно ці Маціно… Здаецца, што дакументы ў парадку… Жандары пытаюцца, што з ім рабіць…
— Везці яго сюды, разам з жоўтай машынаю… Хто-небудзь з жандараў, напэўна, умее вадзіць. А вы едзьце ў Кан… Паспрабуйце даведацца, дзе звычайна спыняецца пані Гранмэзон, калі прыязджае ў Парыж…
— Нам гэта ўжо сказалі. Гатэль «Лютэцыя», бульвар Распай.
— Тэлефануйце туды з Кана і даведайцеся, ці прыехала яна і што робіць. Гэта не ўсё! Калі яна там, звярніцеся ад майго імя ў крымінальную паліцыю і папрасіце ўзяць яе пад нагляд. Але каб асцярожна!..
Машына ў тры прыёмы развярнулася на вузкай дарозе. Мэгрэ зноў падышоў да Люка — той чамусьці спускаўся ўніз.
— Чаму ты злез?
— А няма на што больш глядзець.
— Разышліся?
— Не. Але мэр падышоў да акна і зашмаргнуў шторы…
Метраў за сто ў шлюз паволі ўваходзіла судна з Глазга. Чуліся ангельскія каманды. Вецер сарваў з галавы камісара капялюш. Святло ў акне на трэцім паверсе раптам пагасла. Віла патанула ў цемры.
VIII. Мэр вядзе следства
Мэгрэ стаяў пасярод дарогі, засунуўшы рукі ў кішэні і нахмурыўшы бровы.
— Вы чымсьці ўстрывожаны? — спытаў Люка, які добра ведаў свайго шэфа.
Сам ён быў устрывожаны, бо надта змрочна пазіраў на вілу.
— Нам трэба быць там, усярэдзіне, — ціха сказаў камісар, узіраючыся ў кожнае акно.
Але ўсе яны зачыненыя. Не было ніякай магчымасці прайсці ў дом. Мэгрэ ціха падышоў да дзвярэй, нахіліў галаву, прыслухаўся. Зрабіў памочніку знак маўчаць. І абодва прыпалі вушамі да дубовых дзвярэй.
Галасоў чуваць не было. Але з кабінета даносіўся тупат ног і глухі, мерны стук.
Няўжо яны біліся? Наўрад ці: удары не былі б такія роўныя. Калі б яны біліся, дык, пэўна, перамяшчаліся б па пакоі, штурхалі адзін аднаго і натыкаліся на мэблю, а ўдары былі б то часцейшыя, то радзейшыя.
А тут нібыта палі забівалі. Можна было нават пачуць цяжкае дыханне таго, хто наносіў удары:
— Х-ха!.. Х-ха!.. Х-ха!..
І як кантрапункт гэтаму хаканню — глухі хрып.
Мэгрэ глянуў інспектару ў вочы, паказаў рукою на замок — і Люка ўсё зразумеў, выняў з кішэні набор адмычак.
— Толькі ціха! — папярэдзіў Мэгрэ.
І ў доме цяпер было ціха. Цішыня была нейкая цяжкая, трывожная. Ні ўдараў, ні крокаў. Хіба што чулася яшчэ крыху хрыплае дыханне чалавека, як бы з астатняй сілы.
Люка даў знак і адчыніў дзверы. Злева, з кабінета, прабівалася святло. Мэгрэ паціснуў плячыма, нічога не разумеючы. Ён перавысіў свае паўнамоцтвы. Вельмі перавысіў. І зрабіў гэта ў доме афіцыйнай асобы, ды яшчэ такой далікатнай, як мэр Вістрэама.
— Ну, што тут ужо зробіш!
З калідора выразна даносілася дыханне, але толькі аднаго чалавека. Ніякіх рухаў. Люка намацаў у кішэні рэвальвер. Адным штуршком Мэгрэ адчыніў дзверы.
І адразу ж, збянтэжаны, застыў. Ён не стаў сведкам новай драмы.
Перад яго вачыма было нешта зусім іншае.
Карціна, якую ўбачылі Мэгрэ і Люка, была дзіўная і недарэчная. Гранмэзон стаяў з разбітымі вуснамі і падбародкам, залітым крывёю. Халат, раскіданыя валасы, тупы выраз твару надавалі яму выгляд баксёра, які прыходзіць да прытомнасці пасля накаўта.