Выбрать главу

Ледзь трымаючыся на нагах, ён абапіраўся на камін, так моцна адхіліўшыся назад, што можна было толькі дзівіцца, як ён яшчэ не грымнуўся вобзем.

За два крокі ад яго стаяў Вялікі Луі. Валасы раскудлачаныя, на яшчэ сціснутых кулаках — кроў. Кроў мэра!

Выходзіць, гэта яго дыханне чулі яны ў калідоры. Гэта ён соп, лупцуючы Гранмэзона! Ад матроса пахла спіртным. На стале — перакуленыя шклянкі.

Камісар і інспектар былі настолькі разгублены, а мэр і Вялікі Луі так атупелі, знясіленыя, што прайшло яшчэ колькі часу, перш чым яны загаварылі.

Гранмэзон выцер вусны і падбародак крысам халата і, стараючыся трымацца на нагах, прамармытаў:

— Што ж… што ж гэта?..

— Выбачайце мяне за тое, што я ўвайшоў у дом, — пачціва сказаў Мэгрэ. — Я пачуў шум… Дзверы былі не зачыненыя.

— Хлусня!

Мэр сабраў усю сваю сілу, каб вымавіць гэтае слова.

— Ва ўсякім выпадку, я задаволены, што своечасова прыйшоў, каб абараніць вас і…

Мэгрэ кінуў позірк на Вялікага Луі, які не здаваўся разгубленым, — наадварот, неяк дзіўна ўсміхаўся, пільна гледзячы на мэра.

— Я не маю патрэбы ў ахове.

— Аднак гэты чалавек напаў на вас.

Стоячы перад люстрам, Гранмэзон спрабаваў прывесці сябе ў парадак і нерваваўся, бо кроў не пераставала цячы.

Цяпер гэта было неверагоднае, вычварнае спалучэнне сілы і слабасці, упэўненасці і млявасці.

Заплылае вока, сінякі і раны сагналі з яго твару лялечную гладкасць — ён стаў шэры.

З нечаканай хуткасцю мэр зноў напусціў на сябе самаўпэўнены выгляд і, прытуліўшыся спінаю да каміна, пачаў атаку на камісара з інспектарам:

— Мяркую, што вы зламалі дзверы майго дома…

— Прабачце! Мы хацелі памагчы вам.

— Хлусня! Вы не маглі ведаць, што мне што-небудзь пагражае. І мне нішто не пагражала! — наўмысна адчаканіў ён апошнія словы.

Мэгрэ ўважліва ўгледзеўся ў Вялікага Луі.

— Спадзяюся, аднак, што вы дазволіце мне забраць гэтага пана…

— Ні ў якім разе!

— Ён вас біў. І, дарэчы, жорстка…

— Мы ва ўсім разабраліся самі. І гэта нікога не датычыцца, апроч самога мяне!

— Я магу меркаваць, што вы, крыху спешна спускаючыся сёння раніцаю па лесвіцы, натыкнуліся менавіта на яго кулак…

Тут варта было б сфатаграфаваць усмешку Вялікага Луі: той проста свяціўся ад задавальнення. Аддыхваючыся, матрос разам з тым сачыў, што адбывалася вакол яго. Апошняя сцэна, здавалася, была яму асабліва прыемная — чыстая асалода. Бясспрэчна, Луі былі вядомыя таемныя спружыны таго, што хацеў цяпер разгадаць камісар!

— Я ўжо казаў вам, пан Мэгрэ, што і я са свайго боку вяду расследаванне. Я не ўмешваюся ў вашыя справы, дык, будзьце ласкавы, не ўмешвайцеся і вы ў мае… І не здзіўляйцеся, калі я падам на вас у суд за парушэнне недакранальнасці жытла з узломам.

Цяжка сказаць, чаго было больш у гэтай сцэне: камічнага ці трагічнага. Мэр хацеў здавацца важным, трымаўся, расправіўшы плечы, але з яго вуснаў па-ранейшаму цякла кроў, а твар быў як адзін вялізны сіняк, халат быў увесь памяты…

Нарэшце, прысутнасць Вялікага Луі, здавалася, усё роўна як падсцёбвала яго.

Памятаў ён, мусіць, і пра папярэднюю сцэну, якую няцяжка было ўявіць: катаржнік, напэўна, біў з блізкай адлегласці і з такою сілаю, што ўрэшце не мог ужо і размахнуцца як след.

— Выбачайце, пан мэр, але я не магу пайсці ад вас зараз. Улічваючы той факт, што вы — адзіны грамадзянін Вістрэама, у якога ноччу дзейнічае тэлефон, я дазволіў сабе даць ваш нумар, бо мне павінны званіць.

Замест адказу Гранмэзон суха сказаў:

— Зачыніце дзверы!

Сапраўды, дзверы былі зачыненыя.

Мэр узяў адну з рассыпаных на каміне цыгар, хацеў запаліць, але, відаць, адзін ужо дотык цыгары да вуснаў выклікаў у яго вельмі непрыемнае пачуццё, бо ён з раздражненнем адкінуў яе.

— Калі ласка, Люка, злучы мяне з Канам.

Камісар перавёў позірк з мэра на Вялікага Луі. Думкі імкліва праносіліся ў яго галаве.

На першы погляд жорстка адлупцаваны Гранмэзон павінен быў здавацца пераможаным, слабым не толькі фізічна, але і маральна: яго ж заспелі ў надзвычай непрыемнай сітуацыі, якая так уніжала яго!

Дык не! За колькі хвілін ён падабраўся і хоць збольшага вярнуў сабе рэспектабельны выгляд паважанага буржуа.

Цяпер ён быў амаль спакойны і глядзеў на Мэгрэ высакамерна.

У Вялікага Луі роля была прасцейшая. Ён быў пераможца, на ім не было ніводнае драпіны. І яшчэ хвіліну назад ва ўсмешцы ў яго ззяла амаль дзіцячая радасць.

Але неўзабаве матрос пачаў адчуваць сябе неяк няёмка і не ведаў цяпер, што рабіць, як стаць, куды глядзець.