Выбрать главу

«Хто з іх можа быць галоўны ў гэтай справе?» — задаваў сабе пытанне Мэгрэ.

Ні адзін, ні другі адказ відавочным не здаваўся. Пад падазрэннем заставаліся абодва.

— Алё! Паліцыя Кана? Камісар Мэгрэ просіць перадаць вам, што ён будзе ўсю ноч у доме мэра… Мэра… Тэлефануйце па нумары адзін… Алё!.. Ёсць што-небудзь новае? Ужо ў Лізьё?.. Дзякуй! Але.

Паклаўшы слухаўку, Люка сказаў камісару:

— Машына толькі што праехала праз Лізьё. Яна будзе тут праз сорак пяць хвілін.

— Калі я не памыляюся, — пачаў мэр, — вы сказалі…

— Што я застануся тут на ўсю ноч. З вашага дазволу, натуральна… Ужо два разы вы пачыналі расказваць мне пра ваша ўласнае расследаванне. Думаю, лепей за ўсё будзе, калі вы дазволіце аб'яднаць вынікі, якія мы атрымалі абодва.

Мэгрэ не іранізаваў. Ён злаваўся, бо нічога не разумеў у сітуацыі.

— Растлумачце мне, калі ласка, Луі, чаму, калі мы ўвайшлі, вы… хм… білі пана мэра?

Але Вялікі Луі не адказваў, пазіраючы на мэра так, нібыта прапаноўваў яму: «Гаварыце вы!»

Гранмэзон вымавіў:

— Гэта мая асабістая справа.

— Вядома! Кожны мае права быць адлупцаваным, калі яму гэта даспадобы, — усміхнуўся раззлаваны Мэгрэ. — Люка, папрасіце гатэль «Лютэцыя».

Удар быў дакладны. Гранмэзон разявіў рот, хочучы нешта сказаць. Яго рука сціснула мармуровую дошку каміна.

Люка гаварыў па тэлефоне:

— Пачакаць тры хвіліны?.. Дзякуй… Але…

Мэгрэ гучна запытаўся:

— Вам не здаецца, што расследаванне прымае дужа дзіўны характар? Дарэчы, пан Гранмэзон, вы маглі б зрабіць мне паслугу… Вы — суднаўладальнік і, пэўна, ведаеце некаторых людзей вашага кола з іншых краін. Ці не чулі вы пра такога… чакайце… як гэта яго… Марціно… ці Маціно… з Бергена або Транхейма… Нарвежца, словам…

Маўчанне. Твар у Вялікага Луі пасуровеў. Матрос машынальна наліў сабе ў шклянку віна.

— Шкада, што вы яго не ведаеце… Зараз ён прыедзе…

Усё! Можна было ні пра што больш не распытваць: ніхто не адкажа ні слова! Ніхто і не ўздрыгне нават! Гэта можна было зразумець па адных толькі паставах мэра і матроса.

Гранмэзон змяніў тактыку. Ён прытуліўся спінаю да каміна — вуголле палала каля самых яго ног, — і, гледзячы на яго збоку, можна было падумаць, што ў пакоі толькі ён адзін і быў.

Ну і твар быў у яго цяпер! Размытыя рысы, з падцёкамі і сінякамі, кроў на падбародку. Сумесь рашучасці і пакуты. Адчувалася, што ён панікуе.

Вялікі Луі, паставіўшы ногі на крэсла, усеўся на яго спінцы. Пазяхнуўшы тры ці чатыры разы, ён задрамаў.

Зазваніў тэлефон. Мэгрэ хутка зняў слухаўку.

— Алё! Гатэль «Лютэцыя»? Алё?.. Не вешайце слухаўку… Дайце мне, калі ласка, пані Гранмэзон… Але, яе… Яна павінна была прыехаць сёння пасля абеду ці ўвечары… Я чакаю…

— Спадзяюся, — бляклым голасам пачаў мэр, — вы не збіраецеся ўблытваць маю жонку ў вашыя, скажам так, прынамсі, дзіўныя манеўры?

Але камісар моўчкі чакаў, прыціснуўшы слухаўку да вуха і разглядваючы сурвэту на стале.

— Алё!.. Слухаю… Як вы кажаце?.. Паехала назад?.. Хвілінку… Давайце па парадку… Калі яна прыехала?.. У сем гадзін… Выдатна!.. На сваёй машыне і з шафёрам… Кажаце, павячэрала ў гатэлі, а потым яе паклікалі да тэлефона?.. І адразу ж паехала назад?.. Дзякуй… Не, гэтага дастаткова…

Ніхто не паварушыўся. Гранмэзон здаваўся яшчэ больш спакойным. Мэгрэ павесіў слухаўку, неўзабаве зняў зноў.

— Алё! Паштовае аддзяленне Кана?.. З вамі гавораць з паліцыі… Будзьце ласкавы, скажыце, абанент, ад якога я вам тэлефаную, заказваў размову з Парыжам яшчэ да майго званка?.. Кажаце, хвілін з пятнаццаць назад?.. Мусіць, прасіў злучыць з гатэлем «Лютэцыя»?.. Дзякую вам…

На лобе ў Мэгрэ блішчалі кропелькі поту. Ён паволі набіў пальцам люльку, потым наліў віна ў адну з дзвюх шклянак, што стаялі на стале.

— Мяркую, камісар, вы ўсведамляеце, што вашыя цяперашнія дзеянні — процізаконныя? Вы залезлі ў дом, зламаўшы дзверы. Застаяцеся тут без майго дазволу. Ды яшчэ сееце паніку ў маёй сям'і. Нарэшце, трымаецеся са мною ў прысутнасці іншага чалавека, як са злачынцам. Вам прыйдзецца адказваць за ўсё гэта.

— Адкажу!

— І раз ужо я не гаспадар у сваім уласным доме, прашу вашага дазволу пайсці спаць.

— Не!

Камісар ужо прыслухоўваўся да шуму матора на дарозе.

— Ідзі адчыні ім, Люка.

Мэгрэ машынальна кінуў у агонь шуфлік вугалю і павярнуўся да дзвярэй якраз у той самы момант, калі ў пакой увайшлі два жандары з Эўрэ.

Паміж імі ішоў мужчына ў кайданках.

— Пакіньце нас, — сказаў Мэгрэ жандарам. — Ідзіце ў партовы шынок і чакайце мяне там усю ноч.