Выбрать главу

— Значыць, вы нічога не ведаеце, ні адзін, ні другі, пра знікненне капітана Жарыса і яго смерць?

Абодва моўчкі пакруцілі галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позірк на Марціно.

У гэты момант звонку пачуліся хуткія крокі і стук у дзверы. Пасля кароткіх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулі. Яна цяжка дыхала. Спыніўшыся, ледзь вымавіла:

— Камісар, мой брат…

І адразу ж здзіўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гіганцкую постаць Вялікага Луі, які ўстаў з крэсла.

— Ваш брат?.. — перапытаў Мэгрэ.

— Нічога… Я…

Яна паспрабавала ўсміхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спінаю назад, наткнулася на Марціно, павярнулася да яго.

— Прабачце, пан…

Стала ясна, што яна не знаёмая з ім.

Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.

IX. Змова маўчання

Жулі спяшалася ўсё расказаць:

— Я была дома зусім адна… Мне было страшна… Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалі… Прыйшоў Ланэк, братаў капітан…

— «Сэн-Мішэль» у порце?

— Ён быў у шлюзе, калі я праходзіла міма… Ланэк хацеў тэрмінова пабачыць брата… Здаецца, яны спяшаюцца адплыць… Я сказала яму, што Луі нават не заходзіў да мяне… І ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзіўнае, я нават не разабрала нічога…

— Чаму вы прыйшлі сюды? — спытаўся Мэгрэ.

— Хацела даведацца, ці няма для Луі якой небяспекі… Ланэк сказаў, што небяспека ёсць і што, мажліва, нічым ужо не паможаш… А ў порце мне перадалі, што вы тут…

Незадаволены матрос паціснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.

— Вам пагражае небяспека? — спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавіць яго позірк.

Вялікі Луі засмяяўся. Смех у яго быў штучны і здаўся ідыёцкім.

— Чым устрывожаны Ланэк?

— А я адкуль ведаю?

Агледзеўшы прысутных, камісар задуменна, з горыччу вымавіў:

— Значыцца, вы нічога не ведаеце! І ўсе ў аднолькавым становішчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марціно і не ведаеце, чаму Вялікі Луі, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з ім у шашкі, корміце і поіце, пачынае раптам біць вас па твары кулакамі, проста м а л а ц і ц ь…

Ні слова ў адказ.

— І гэта яшчэ не ўсё! Вы лічыце такія паводзіны матроса натуральнымі! Не бароніцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там — і не думаеце выставіць «вашага сябра» за дзверы!

Камісар павярнуўся да Вялікага Луі.

— Вы таксама нічога не ведаеце! Праводзіце ноч на дразе, але хто там быў з вамі — сказаць не можаце… Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасціннасць вы плаціце гаспадару лупцоўкаю… І, вядома, вы, як і ўсе, ніколі не сустракаліся з панам Марціно!..

Ніхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалі карункі на сурвэце.

— І вы, пан Марціно, таксама ведаеце не больш за іншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылі з Нарвегіі ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгі, чым у мяккім ложку ў гатэлі… У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну… Але вы не ведаеце нічога і нікога! Ні пана Гранмэзона, ні Луі, ні капітана Жарыса… Ну, а вы, Жулі, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за іншых!..

Камісар разгублена зірнуў на Люка. Той зразумеў: і думаць нават не прыходзілася, каб арыштаваць усіх.

Кожны з іх паводзіў сябе вельмі дзіўна, маніў і сам сабе пярэчыў. Але ж і ніхто не даваў сапраўднага доказу!

Гадзіннік паказваў адзінаццаць вечара. Мэгрэ выбіў люльку ў камін.

— Я вымушаны прасіць вас усіх заставацца ў руках правасуддзя. Мне, несумненна, прыйдзецца яшчэ задаць вам некалькі пытанняў, нягледзячы на тое, што вы нічога не ведаеце… Мяркую, пан мэр, вы не маеце намеру пакінуць Вістрэам?

— Не!

— Я вам удзячны… Вы, пан Марціно, маглі б зняць нумар у гатэлі «Універсаль», дзе спыніўся і я…

Нарвежац пачціва нахіліў галаву.

— Люка, правядзі пана ў гатэль, — сказаў камісар памочніку і павярнуўся да Вялікага Луі і Жулі. — Вы абое ідзіце за мною…

Выйшаўшы з вілы, Мэгрэ рушыў спачатку ў шынок. У перапынку паміж шлюзаваннямі партавікі пілі там гарачы грог, грэліся. Камісар адпусціў жандараў, што чакалі яго тут, як ён загадаў. На дварэ зірнуў услед Люка і Марціно. У гатэлі яшчэ гарэла святло: гаспадар не клаўся спаць, чакаў пастаяльцаў.

Жулі была без паліто і дрыжала цяпер ад холаду. Луі зняў куртку і сілаю накінуў яе дзяўчыне на плечы.

Дзьмуў такі моцны вецер, што амаль немагчыма было гаварыць. Закладвала вушы. Халоднае паветра апякала твар, балелі павекі. Ішлі, нахіляючыся ўперад. Партавікі ў шынку глядзелі ім у спіну.