Выбрать главу

Аднак відаць, што ёй не хочацца адпускаць яго. Пэўна, яна баіцца застацца адна з капітанам, бо і зірнуць цяпер на яго не асмельваецца.

— Вы думаеце, у доме няма нікога чужога? — пытаецца яна.

— Вы ж самі бачылі.

— Вы прыйдзеце заўтра раніцай?

Яна праводзіць яго да дзвярэй — і адразу ж зачыняецца. Туман такі густы, што Мэгрэ не ведае, куды ісці. Але брамку ўсё ж такі знаходзіць. Выйшаўшы з саду, ён адчувае спачатку, што ідзе па траве, пасля выходзіць на брук. Удалечыні чуваць нейкі гук, але нельга зразумець, што гэта такое.

Гук падобны на мычанне каровы, але нейкі роспачны.

— Во дзе дурань! — кажа раптам сам сабе Мэгрэ. — Гэта ж карабельны сігнал, на туман…

Камісар дрэнна арыентуецца. Далёка ўнізе, пад нагамі, ён бачыць ваду — яна дыміцца. Мэгрэ і не ведае, што стаіць на сцяне шлюза. Недзе скрыпяць дзержакі. Камісар не памятае, у якім месцы яны пераехалі канал, і, убачыўшы вузенькі масток, ужо мерыцца ступіць на яго.

— Асцярожна! — чуе ён голас.

Ну і ну! Голас зусім побач, Мэгрэ здаецца, што ён тут зусім адзін, а за тры метры ад яго, аказваецца, стаіць чалавек. Толькі пільна ўгледзеўшыся, Мэгрэ распазнае сілуэт.

Камісар адразу ж разумее перасцярогу: масток, на які ён ужо ледзь не ступіў быў, апускаецца. Гэта вароты шлюза. Неўзабаве відовішча робіцца яшчэ больш фантасмагарычнае: побач, за некалькі метраў ад Мэгрэ, узнікае ўжо не постаць чалавека, а сапраўдная сцяна вышынёю з добры дом. Уверсе, над сцяною — цьмяныя агеньчыкі.

Зусім побач з камісарам, як выцягнуць руку, праплывае параход! Падае швартоў, хтосьці падымае яго, цягне да кнехтаў і замацоўвае.

— Назад!.. Асцярожна! — зноў крычыць нехта, ужо на капітанскім мастку.

Яшчэ хвіліну назад усё навокал здавалася мёртвым, пустынным. А цяпер, ідучы ўздоўж шлюза, Мэгрэ прыкмячае, што ў тумане рухаюцца чалавечыя постаці. Хтосьці круціць дзяржак, нехта цягне другі швартоў. Таможнікі чакаюць, пакуль з борта спусцяць трап.

І ўсё гэта людзі робяць, лічы, усляпую.

Мэгрэ дакранаецца да вусаў — на іх цяжкія кроплі вільгаці.

— Хочаце перайсці? — крычыць яму зноў нехта.

Голас зусім побач з камісарам — Мэгрэ стаіць цяпер каля другіх варотаў шлюза.

— Давайце хутчэй, а то прыйдзецца чакаць хвілін пятнаццаць.

Мэгрэ пераходзіць, трымаючыся за парэнчы. Пад нагамі бурліць вада, а ўдалечыні гэтаксама, як і раней, чуецца роспачны гудок. Чым далей праходзіць наперад Мэгрэ, тым больш узнікае ў тумане постацей, тым жвавей віруе ў порце загадкавае жыццё. Увагу камісара прыцягвае недалёкі агеньчык. Мэгрэ падыходзіць бліжэй і ў прывязанай да пірса лодцы бачыць рыбака, які апускае і падымае вялікія сеткі, прымацаваныя да жэрдак.

Рыбак кідае на камісара абыякавы позірк і зноў пачынае разбіраць у сваім кашы дробную рыбу.

Побач з параходам трохі святлей. Відаць, як на палубе ходзяць людзі. На мастку ангельская гаворка. На краі пірса мужчына ў форменнай фуражцы візіруе дакументы.

Начальнік порта. Чалавек, які замяняе цяпер Жарыса.

Як і той, гэты мужчына невысокага росту, але худзейшы і рухавейшы. Ён перакідваецца жартамі з афіцэрамі на караблі.

Увогуле, свет цяпер раздзелены для Мэгрэ на дзве часткі: некалькі адносна светлых квадратных метраў порта і бясконцая цемра, у якой угадваюцца абрысы сушы і мора, што ледзь чутна шуміць злева.

Ці не ў такі вось вечар знік з Вістрэама Жарыс? Пэўна, ён правяраў дакументы, як гэта робіць цяпер яго калега, гэтаксама жартаваў, сачыў за шлюзам, за манеўрам судна. Бачыць нешта ў гэтым тумане яму не трэба было: ён выдатна арыентаваўся па прывычных гуках. У порце звычайна ніхто і не глядзіць сабе пад ногі, калі ідзе.

Мэгрэ распальвае люльку і хмурыцца: яму непрыемна адчуваць сябе тут няўклюдным, нязграбным сухапутнікам, якога палохае і хвалюе ўсё, што мае дачыненне да мора.

Вароты шлюза адчыняюцца. Судна выходзіць у канал, толькі троху вузейшы за Сену ў Парыжы.

— Прабачце, вы — начальнік порта? Камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі… Я толькі што прывёз дадому вашага калегу.

— Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння раніцай мне расказвалі… Праўда, што ён?.. — кранае начальнік порта пальцам скроню.

— У гэты момант… Звычайна вы ўсю ноч праводзіце ў порце?

— Не, не больш пяці гадзін запар: толькі ў прыліў. У гэты час узровень вады даволі высокі, каб судны маглі ўвайсці ў канал або выйсці ў мора. Час прыліву непастаянны… Сёння, напрыклад, ён толькі што пачаўся і закончыцца недзе а трэцяй гадзіне ночы…