— Гэта жудасна, пан камісар!.. Вы не можаце сабе ўявіць… Падымайцеся хутчэй!.. Можа быць…
Калі Мэгрэ ўвайшоў у спальню, доктар, які нахіліўся над ложкам, выпрастаўся. Па яго твары было ясна відаць, што капітану ўжо нічым не паможаш.
— Я з паліцыі…
— А, добра… Усё скончана. Магчыма, яшчэ дзве-тры хвіліны можа… Пэўна, гэта стрыхнін, калі я не памыляюся…
Ён падышоў да акна і расчыніў яго: капітану, здавалася, не хапала паветра. А за акном — усё тая ж карціна: сонца, порт, лодкі з узнятымі ветразямі, рыбакі, якія перакладвалі рыбу, што так і зіхацела луской, з перапоўненых кашоў у скрыні.
На гэтым фоне Жарысаў твар здаваўся яшчэ больш жоўтым, бадай, нават зялёным — немагчыма было разабраць, што гэта за колер, настолькі ён не адпавядаў звычайным уяўленням пра чалавечае цела.
Рукі і ногі ў капітана выгіналіся і торгаліся, у той час як твар заставаўся спакойны і нерухомы, вочы нібы застылі, утаропіўшыся ў сцяну.
Доктар трымаў руку на капітанавым запясці, сачыў, як слабеў пульс. Нарэшце ён вачыма даў знаць Мэгрэ: «Зараз… зараз…»
У гэты момант здарылася нешта зусім нечаканае.
Пэўна, няшчасны апрытомнеў на якоесь імгненне. Твар у яго зморшчыўся, усё адно як у дзіцяці, што зараз заплача, склаўся ў жаласную грымасу пакутніка, які не можа больш цярпець невыноснага болю… Па шчоках каціліся дзве буйныя слязіны…
І тут — прыглушаны доктараў голас:
— Усё. Кончана.
Неверагодна, але слёзы цяклі па твары ў самы момант смерці.
Яны яшчэ жылі, гэтыя слёзы, сцякалі на падушку, а капітан ужо быў мёртвы.
На лесвіцы пачуліся крокі. Унізе гучна ўсхліпвала Жулі. Яе абступілі жанчыны. Мэгрэ выйшаў на пляцоўку і паволі вымавіў:
— У спальню не ўваходзіць.
— Ён… — пачаў быў нехта.
— Але! — адно і сказаў камісар, перапыняючы пытанне.
І адразу ж вярнуўся ў заліты сонцам пакой. Доктар рыхтаваў шпрыц, збіраючыся зрабіць Жарысу ўкол у сэрца, — бадай што, толькі дзеля таго, каб выканаць да канца свой абавязак.
А на садовым муры сядзела зусім белая кошка.
II. Спадчына
Недзе ўнізе, мабыць, на кухні, у акружэнні суседак гучна рыдала Жулі.
Праз адчыненае акно Мэгрэ ўбачыў, што з гарадка ішлі і беглі людзі — жанчыны з дзецьмі на руках, мужчыны ў сабо… Хлопчыкі ехалі на роварах. Гэты стракаты ўсхваляваны натоўп дасягнуў моста, пераваліў праз яго і рушыў да капітанавага дома, нібы ўсіх там чакала прадстаўленне вандроўнага цырка або аўтамабільная аварыя.
Неўзабаве на дварэ быў ужо такі гвалт, што Мэгрэ зачыніў акно. Муслінавыя шторы змякчалі сонечнае святло, і камісар адчуў сябе ў пакоі ямчэй, вальней. Агледзеўся.
Ружовыя шпалеры, светлая, начышчаная мэбля. На каміне — ваза з кветкамі.
Мэгрэ вярнуўся да доктара, які разглядваў на святло шклянку і графін, што стаялі на начным століку. Доктар памачыў палец у вадзе ў шклянцы і лізнуў яго.
— Атрута?
— Але. Мабыць, капітан меў звычку піць ноччу ваду. Калі я не памыляюся, ён піў гадзіны ў тры ночы. А чаму не паклікаў нікога — не разумею.
— Ды таму, што не мог гаварыць, нават гуку вымавіць быў няздольны, — здзіўлена паглядзеў на доктара Мэгрэ.
Ён паклікаў палявога вартаўніка і адправіў яго папярэдзіць мэра і пракурора ў Кане. Чуваць было, як унізе ўсё яшчэ ўваходзілі і выходзілі людзі. На дарозе яны збіраліся ў групкі. Некаторыя, каб было ямчэй чакаць, садзіліся на траву.
Пачынаўся прыліў, мора затапляла пясчаныя водмелі каля ўвахода ў порт. На гарызонце віднеўся дым парахода, які чакаў моманту, каб падысці да шлюза.
— У вас ужо ёсць якія-небудзь меркаванні? — пачаў быў доктар, але змоўк, убачыўшы, што Мэгрэ заняты. Камісар адчыніў сакрэтнік з чырвонага дрэва, які стаяў паміж вокнамі, і з уласцівай яму ў такія моманты засяроджанасцю разглядваў змесціва скрынак. Цяпер Мэгрэ каму хочаш здаўся бы грубым. Паволі зацягваючыся, ён паліў велізарную люльку і бесцырымонна перабіраў тоўстымі пальцамі кожны прадмет.
Больш за ўсё было фатаграфій — толькі паспявай разглядваць. На многіх — сябры ў марской форме, амаль усе Жарысавага ўзросту. Відаць было, што капітан падтрымліваў сувязь з таварышамі па марской школе ў Брэсце. Яны пісалі яму з усіх канцоў свету. Фатаграфіі ці не ўсе з паштоўку, з аднолькава банальнымі, ледзь не стандартнымі надпісамі, адкуль бы яны ні прыходзілі, з Сайгона ці з Сант'яга: «Прывітанне ад Анры!» або «Нарэшце трэцяя лычка! Салют! Эжэн!».
Большасць гэтых фотакартак высланы на адрас: «Кан. Ангельска-Нармандская кампанія, судна «Дыяна», капітану Жарысу».