Іншыя служачыя — таможнікі, механік, гаспадар вартавога кацера, інспектар рыбааховы — не рашаліся падысці да капітана з камісарам. Кідаючы ў іх бок позіркі, яны рыхтаваліся да працы.
Урэшце, гэта і былі тыя самыя людзі, постаці якіх Мэгрэ ледзь распазнаваў у начным тумане і якіх мог цяпер добра разгледзець.
«Марацкі прытулак» быў зусім побач. З яго вокнаў, прыгледзеўся Мэгрэ, можна было ўбачыць і шлюз, і мост, і пірс, і маяк, і Жарысаў дом.
— Хадзем вып'ем па шклянцы? — прапанаваў камісар.
Ён здагадаўся, што ў час дзяжурства, калі можна было, увесь невялікі персанал порта збіраўся ў шынку. Капітан паглядзеў на ўзровень вады.
— Паўгадзіны ў мяне ёсць, — сказаў ён.
Яны ўвайшлі ў шынок — за імі нерашуча прасунуліся і астатнія. Мэгрэ запрасіў усіх за свой столік.
Трэба было пазнаёміцца з людзьмі, знайсці да іх нейкі ключ, заваяваць іх давер і нават стаць тут, наколькі гэта было магчыма, сваім.
— Што будзеце піць?
Усе пераглянуліся. Людзі яшчэ пачувалі сябе няёмка.
— Звычайна гэтай парой мы п'ём каву з ромам, — адказаў нехта.
Афіцыянтка прынесла каву. Людзі, якія, ідучы ад Жарысавага дома, пераходзілі мост, так і стараліся зазірнуць у вокны шынка. Відаць было, што разыходзіцца па дамах ім не хацелася — цікавей было бадзяцца ў порце, чакаючы, што там будзе далей.
Набіўшы люльку, Мэгрэ пусціў капшук па крузе. Капітан Дэлькур адмовіўся: ён паліў цыгарэты. Але механік, пачырванеўшы, прамармытаў: «З вашага дазволу» — і паклаў у рот каліва тытуню.
— Дзіўная гісторыя, згадзіцеся, — вымавіў нарэшце Мэгрэ.
Усе ведалі, што ён пачне размову пра гэта, — і ўсё-такі над столікам запала маўчанне.
— Здаецца, капітан Жарыс быў слаўны чалавек…
Сказаўшы гэта, Мэгрэ ўпотайкі зірнуў на твары партавікоў.
— І не кажыце, — сказаў Дэлькур.
Ён быў крыху старэйшы за свайго папярэдніка, не такі акуратны, як той, — можна было меркаваць па адзежы, і, здаецца, не грэбаваў спіртным.
Аднак ён не забываўся, паглядваючы раз-пораз у акно, назіраць за ўзроўнем вады і за суднам, якое якраз падымала якар.
— Рана пачынаюць! Цячэнне Орны можа знесці іх на водмель…
— Ваша здароўе… Урэшце, ніхто не ведае, што здарылася шаснаццатага верасня…
— Ніхто… Ноччу быў туман, як і сёння ноччу… Я тады не дзяжурыў. Праўда, прабыў тут да дзевяці гадзін — гуляў у карты з Жарысам і з сябрамі, якіх вы тут бачыце…
— Вы сустракаліся кожны вечар?
— Амаль што… У Вістрэаме не дужа дзе адпачнеш, хіба што ў гэтым шынку… У той вечар Жарыс некалькі разоў выходзіў, каб паглядзець, як праходзілі судны… А палове дзесятай прыліў скончыўся… Жарыс знік у тумане — думалі, што пайшоў дамоў…
— Калі вы даведаліся, што яго тут няма?
— На раніцу… Жулі прыйшла ў порт спытаць, дзе ён… Яна заснула да таго, як капітан мусіў вярнуцца дамоў, і здзівілася, калі не застала яго ў спальні…
— Я не хачу сказаць пра яго нічога благога, толькі ён быў нейкі не такі, як усе… Не тое каб ганарлівы, не!.. Але надта ўжо глядзеў за сабою, разумееце!.. Ён ніколі не прыйшоў бы на працу ў сабо, як Дэлькур. Гуляў тут у карты, па вечарах, але ўдзень не заходзіў сюды ніколі… Са шлюзаўшчыкамі быў на «вы»… Не ведаю, ці разумееце вы, што я хачу сказаць…
Мэгрэ выдатна яго разумеў. Ён правёў у чысцюткім доме Жарыса, дзе ўсё так і патыхала добрым буржуазным парадкам, некалькі гадзін. А цяпер бачыў заўзятых наведнікаў шынка, людзей нашмат прасцейшых за нябожчыка. Яны, напэўна, прапускалі тут чарку за чаркаю. Гамонка рабілася ўсё больш гучная, вольная, нязмушаная.
— Жарыс шмат выпіў у той вечар?
— Ён ніколі не піў больш аднае чаркі, — сказаў таможнік, якому, як было відаць, не цярпелася далучыцца да гаворкі. — І не паліў!
— Ну, а… скажыце… у яго з Жулі…
Усе пераглянуліся. Некаторыя нерашуча заўсміхаліся.
— Цяжка сказаць… Жарыс кляўся, што не… Толькі…
У гаворку зноў уступіў таможнік:
— Жарыс заходзіў сюды толькі, каб пагуляць трохі ў карты. Ніколі не расказваў пра сваё прыватнае жыццё і ішоў дамоў пасля першай чаркі.
— Жулі ўжо каля васьмі гадоў жыве ў яго доме… Тады, як ён яе ўзяў да сябе, ёй было шаснаццаць… Была простая вясковая дзяўчына, лічы, смаркатая, кепска адзетая…
— А цяпер…
Падышла афіцыянтка, хоць яе ніхто і не клікаў, і зноў наліла рому ў шкляначкі, на дне якіх засталося крыху кавы. Мабыць, гэта таксама ўваходзіла ў рытуал.
— А цяпер вунь яна якая… Ну, вось… На вячорках яна ніколі не танцуе абы з кім… Калі хто ў краме з ёй па-простаму, дык яна ўжо сярдуе… А хто ты такая, калі ўжо на тое пайшло?.. А вось брат у яе…