Выбрать главу

— Які выпадак?

— Адкаркоўваў бутэльку... Бутэльку з воцатам, жонка папрасіла... Рыльца адскочыла, і асколак шкла трапіў у вока...

— Ну і ну!.. А ты доўга яшчэ заставаўся ў Афрыцы?

— Дзевяць гадоў... Усяго тры кантрактныя тэрміны па тры гады, разам з адпачынкам. Пасля мяне перавялі ў Марсель.

— Тут ты і стаў вялікім начальнікам? Дырэктарам, здаецца?

— Намеснікам дырэктара... Пяць гадоў назад я пайшоў на пенсію, з-за вока...

— Багаты, мусіць?.. Грошы, відаць, не лічыш...

У Лябро з'явілася надзея. А што, калі адкупіцца грошамі? Чаму не? Нават пасля суда, калі выносяць смяротны прысуд, і то не заўсёды вядуць на гільяціну. Ёсць катарга, турма, штраф, нарэшце.

Чаму б не заплаціць штраф?

Але адначасна з надзеяй прыйшла і трывога. Лябро не ведаў апетытаў гэтага аднаногага і баяўся назваць першы суму, на якой яны маглі б пагадзіцца.

— Жыву няблага, — адказаў асцярожна Лябро.

— Рэнту ж маеш! Які пасаг даў ты за Івонаю?

— Хацінку ў Гіеры.

— А ў цябе яшчэ ёсць такія хацінкі?

— Ёсць... Дзве. Невялікія...

— Ты, напэўна, скупы?

— Не ведаю...

— Зрэшты, гэта не мае значэння, бо нічога не мяняе...

Што ён хацеў гэтым сказаць? Што яму не патрэбныя грошы? Што прагне выканаць свой колішні прысуд?

— Ты разумееш, Аскар, я, калі ўжо што вырашыў, ніколі не перадумваю. Слова даю адзін толькі раз! Хіба што цяпер у мяне ёсць час...

Але, думаў Лябро, гэта не сон, а праўда. І плошча — хоць і цьмяна ён яе бачыў цяпер — стаіць на месцы. І галасы ў кавярне і на тэрасе былі знаёмыя.

Праходзячы міма кавярні па вуліцы, Віяль, босы, з сеткаю на спіне, спыніўся і крыкнуў:

— Пан Лябро! Лодка ў парадку!

— Дзякуй, Віяль, — адказаў машынальна Лябро.

Ніхто, вядома, і не падазраваў, што ён, іх добры знаёмы, былы іх мэр і паважаны на выспе чалавек, — асуджаны на смерць. І якім чынам асуджаны — горш ужо і не прыдумаеш!

У судзе хоць ёсць адвакаты. Журналісты, якія даюць у друку паведамленні аб ходзе працэсу. Нарэшце, рашэнне суда можна абскардзіць. І апошні злачынца можа выклікаць спачуванне ці нават нейкія сімпатыі. А тут...

— Урэшце, гэта будзе залежаць ад таго, што за жыццё будзе ў мяне на тваёй выспе, ты разумееш?

Не, Лябро нічога не разумеў. Бачыў адно, як зноў наліваў яму Жуль у шклянку віно. Няўмольны погляд прымусіў паднесці шклянку да вуснаў і зноў піць...

А Жуль ужо крычаў:

— Жажо, паўтарыць!

Лябро зусім атупеў. Пяць бутэлек — гэта ўжо занадта. Ды яшчэ раніцай! Ён ніколі і за тыдзень столькі не выпіваў. Страўнік у яго яшчэ з Афрыкі быў не ў парадку.

— А нумар мой нічога, га? — спытаўся Жуль. — Спадзяюся, плошчу з яго відаць?

— Вядома... Пайду скажу Марысу...

З'явіўся шанц хоць на якую хвіліну адысці ад гэтага невыноснага тыпа, пастаяць аднаму ў цяньку, перадыхнуць крыху ад яго няўмольнага, здзеклівага позірку. Але толькі Лябро прыўзняўся, як аднаногі паклаў яму на плячо сваю цяжкую, бы свінцовую, руку.

— Паглядзім яшчэ... Мажліва, мне тут спадабаецца, і тады нам хопіць часу на сёе-тое...

Ці ж не давалі гэтыя словы хоць якую надзею?

— Не думай пра гэта, Аскар. Ты яшчэ мяне не ведаеш.

Лябро не сказаў ні слова. Твар у яго быў абсалютна нерухомы, а вочы, дакладней, вока праз цёмныя акуляры ніяк нельга было разгледзець.

Дык як тады ўгадаў аднаногі, пра што ён думае?

— Я ж сказаў: «Пад страхам смерці» — хіба не так? Га?.. Але пакуль што, у чаканні прысуду, нішто не перашкаджае нам пазнаёміцца трохі бліжэй. Урэшце, мы ж зусім не ведаем адзін аднаго... Дык праўда, што твая жонка не надта памяркоўная?.. Іду ў заклад, што яна намыліць табе шыю, бо ты смярдзіш шынком і праседзеў тут да паўдня... У піжаме... А дзіўна, братка, бачыць цябе ў такім выглядзе ў гэты час... Жажо!..

— Я малю вас...

— Апошняя... Пляшку, Жажо!.. Што я табе казаў?.. А, што ў нас ёсць час пазнаёміцца бліжэй... Рыбу разам палавіць... Ніколі не было на гэта ні часу, ні магчымасці... Заўтра ты мяне навучыш... Як тут, бярэ?

— Бярэ.

— І ў цябе?

— І ў мяне... Як і ў іншых...

— Ну, і мы пойдзем на рыбалку... Возьмем з сабою віна... Ты гуляеш у шары?.. Выдатна, я так і думаў... Навучыш і мяне... Мы час марнаваць не будзем!.. За тваё здароўе!.. «Пад страхам смерці», не забывай... А цяпер я пайду спаць...

— Не пад'еўшы? — спытаўся збянтэжаны Лябро.

— Крошка Жажо прынясе мне снеданне ў нумар...

Ён устаў, уздыхнуў і, хістаючыся, рушыў да дзвярэй, у якія так і не патрапіў. Нехта засмяяўся, і Жуль раз'юшана агледзеў прысутных.