Дзяўчаты пакорліва падыходзяць, прысядаюць у паклоне.
- Ваша маці распавяла мне пра тваю пракуду, Ганна. Не думай, што я не разумею, хто сапраўды вінаваты.
Юры падносіць руку да медальёна, які вісіць на шыі Ганны.
- Ты ведаеш, адкуль у цябе гэта?
- Так, ваша мосць. Ад маёй цёткі, яснавяльможнай Ганны Мазавецкай.
Юры Геркулес гладзіць пальцам срэбра.
- Яна прасіла аддаць гэты сімвал нашага роду маёй старэйшай дачцы.
Каб яе ўчынкамі заўсёды кіраваў гонар роду. А не дзявоцкія капрызы. Ты зразумела?
Ганна пакорліва нахіляе галаву.
- Так, ваша мосць.
Юры Геркулес неахвотна адводзіць руку ад медальёна, адступае:
- Ідзіце.
Дзяўчаты сыходзяць, намагаючыся рухацца паважна, як належыць высакародным дамам.
Юры Геркулес тужліва глядзіць ім услед:
- Шкада, што ёй самой кіраваў не гонар, а сэрца. Слабая... І моцная...
Міхал прытуліўся да сцяны замка, пад кустоўем, скурчыўся... Раптам аднекуль зверху яму на галаву падае штось невялікае, але цяжкое.
Міхал падымае з травы залатое пёрка, круціць у руках.
Задзірае галаву ўверх. Там вакно - ніхто з яго не выглядае, але Міхал ведае, ад каго падарунак. Залатое пёрка радзівілаўскага арла пяшчотна прыціснутае да сэрца.
Варакса Семяновіч у сваёй каморцы, высалапіўшы язык, майструе нейкую дзіўную рэч са шкляных слоікаў, дроту, кавалачкаў тканіны і скуры.
- Павінен быць сродак, які затрымлівае любую атруту... Без яго больш за стол тут не сяду... Алхімія, магія... Купрум, аргентум, ферум... Пан Магнус адстаў ад сапраўднай навукі! Механіка - вось сіла!
Раптам праз вакенца проста на стол з прыладамі плюхаецца жаба. Варакса палохаецца, ускоквае, яго вынаходніцтва разлятаецца на кавалкі. За вакенцам чуваць звонкі дзявочы смех. Гэта Зося і Магдаленка.
- Ненавіджу гэтых шылахвостак!
1529 г. Кракаў. Па вузкай вуліцы перад каралеўскім палацам вельмі марудна рухаецца дзіўная працэсія.
Людзі ў белым адзенні, запырсканым крывёй, босыя, з аголенымі спінамі, пакрытымі крывавымі шнарамі. Паперадзе нясуць скульптурную выяву Багародзіцы, белы пастамент ахутаны чырвонымі стужкамі. Людзі пяюць пакаяльны псалом. Кожны трымае бізун, якім час ад часу б’е сябе па спіне. Крычыць груганнё. Усе аканіцы зачынены. Толькі нейкі дзівак апынуўся на вуліцы, выштурхнуты ў спіну з дзвярэй. Невядома, ці гэта чыйсьці жорсткі жарт, ці спроба змусіць баязліўца выканаць сваю прысягу і далучыцца да працэсіі? Небарака, прыгорблены, няўклюдны, мітусіцца, спрабуючы размінуцца з працэсіяй. Раптам ён падае, ягоная калашына задзіраецца, і бачна, што на назе праступіў крывавы пот - прыкмета ангельскай гарачкі. Людзі ў працэсіі заўважаюць гэта, хтосьці кідаецца ўбок, хтосьці працягвае фанатычна ісці і сцябаць сябе, напяваючы пакаянны псалом. Чалавек курчыцца, трасецца... Крывавы пот выступае на ягоным твары.
Каралева Бона Сфорца нервова хутаецца ў футра і глядзіць праз вакно, як унізе рухаецца працэсія флагелянтаў. За яе спінай - Луіджы Сфорца, Вечны Інквізітар. Па пакоі спалохана лётаюць, мітусяцца дробныя птахі.
- У пакой каралевіча птушак запускалі?
Вечны інквізітар ківае галавой:
- Так, ваша вялікасць. Яны сваімі крылцамі разгоняць благое паветра. Ангельская гарачка не прабярэцца ў ягоны пакой.
Бона не адрывае вачэй ад страшнага відовішча ўнізе.
- Я гатовая сама далучыцца да гэтых вар’ятаў з бізунамі, абы каралевіч не захварэў. Абы чырвоная стужка не запаўзла ў ягоны ложак. Калі наш адзіны сын памрэ... Асабліва пасля таго, як наш другі сын нядаўна памёр... Мяне з’ядуць, Луіджы.
Нейкі час у пакоі пануе маўчанне, толькі чуваць ускрыкі людзей і свіст бізуноў.
- Кароль загадаў, калі скончыцца ангельская гарачка, падабраць Аўгусту світу, - горка зазначае Бона. - Юнакоў ягонага ўзросту з дзяцей магнатаў. Яны ўсе ненавідзяць мяне.
Вечны Інквізітар холадна ўсміхаецца:
- Ангельская гарачка звычайна доўжыцца два тыдні, ваша вялікасць. Гэтага часу дастаткова, каб нарабіць... венецыянскіх таблетак.
Бона выдыхае скрозь сціснутыя зубы:
- Як жа я баюся, што майму сыну не дадуць заняць трон. Сколькі спроб было давесці, што ён - не сын Жыгімонта... Мярзотнікі. Спадзяюся, Альбрэхт Гаштольд не забыўся пра нашу дамову... І падтрымае каранацыю Аўгуста.
Вечны Інквізітар выяўляе зацікаўленасць:
- Кароль згодны?
Бона холадна ўсміхаецца:
- Я ўмею ўгаворваць. Згадзіўся зрабіць Аўгуста вялікім князем літоўскім, згодзіцца і аддаць карону.
- Не баіцеся, донна, што Гаштольд занадта шмат запросіць за дапамогу?
Каралева адыходзіць ад вакна: