- Нават не сумняюся, што запросіць. Але ж у нас ёсць... венецыянскія таблеткі.
Магнус мажа спіну Міхалу лекавай маззю.
- Чаму адразу не прыйшоў, навошта цярпеў, пакуль не ўтварылася запаленне?
Міхал неахвотна адказвае:
- Шляхціц не мусіць зважаць на боль. Тым больш такі.
Лекар дакорліва бурчыць:
- Цела - твой інструмент. Ты павінен сачыць за ягоным станам, як сочыш за вастрынёй свайго мяча.
Міхал уздыхае.
- Дзякую, пан Магнус. Вы заўсёды былі добрым да мяне.
- Дабрыня - рэчыва, якое немагчыма здабыць з адных душ і немагчыма вычарпаць у другіх.
Лекар заканчвае сваю працу, выпростваецца.
- Чаму закінуў заняткі лацінай?
Міхал устае, апранае кашулю.
- Я рыцар...
Магнус хмурыцца.
- У такім выпадку будзь ласкавы прачытаць, што піша пра вайсковую навуку Плутарх. Калі хочаш быць не проста бязмозглым мясам, якое кідаюць на чужыя мячы. Праз тыдзень раскажаш, што зразумеў. На лаціне.
Шпурляе Міхалу цяжкі том. Міхал ловіць кнігу, разгублена ўздыхае, але не наважваецца пярэчыць.
Маладыя рыцары трэніруюцца ў фехтаванні на драўляных мячах. Радзівіл Чорны ў пары са шляхціцам са сваёй світы, Станіславам Давойнам, таўсманым юнаком з невыразным тварам. Радзівіл Руды - з Міхалам Рашчынскім. Чорны б’ецца нервова, часта губляе меч. Руды і Міхал - зацята, па-майстэрску, але відаць, што Міхал куды больш моцны. З галерэі палаца назіраюць дзяўчаты
- Ганна, Барбара і іх камерысткі Зося і Магдаленка, са смехам лічаць, хто колькі разоў выпусціў меч.
Унізе за бойкай уважліва назірае Сымон Жух, які адказвае за вайсковую падрыхтоўку моладзі. Да яго падыходзіць Радзівіл Геркулес, ягоная рука ўжо не на перавязі.
- Ну як поспехі маладых рыцараў?
Сымон Жух кланяецца, але не дагодліва, так, нахіляючы галаву - ён стары вой, не яму запабягаць перад сваім баявым камандзірам.
- Па-рознаму, ваша княская мосць. Руды - сапраўдны вой, увесь у вас. Чорны, ваш пляменнік, не так здатны да баявой справы. Яму нібыта нешта не дазваляе нанесці ўдар у поўную сілу. Хаця ўхіляцца добра ўмее.
Геркулес гмыкае, не адрываючы позірку ад бойкі.
- Брат мой Ян таксама саступаў мне ў бойцы на мячах.
Жух пасля некаторай паўзы асцярожна прамаўляе:
- Ваш сын выказаў жаданне ўзяць Міхала Рашчынскага за збраяносца. Гэта правільна. Міхал - чалавек надзейны, як і ягоны бацька быў. І моцы нябачанай вырасце. Не ў крыўду вашай княскай мосці сказана.
Радзівіл няўважна ківае:
- Што ж, няхай служыць.
Крычыць:
- Руды і Чорны, падыдзіце!
Бойка спыняецца, Руды і Чорны падбягаюць да Геркулеса.
- Трэцяга чысла адпраўляецеся да каралеўскага двара. Будзеце ў свіце каралевіча Жыгімонта Аўгуста.
Руды і Чорны радасна пераглядаюцца.
Геркулес паблажліва глядзіць на братоў.
- Так, вы будзеце ствараць уласную будучыню і будучыню ўсяго нашага роду. Як у свой час мы з Янам патрапілі ў світу да маладога Аляксандра Ягелончыка і назаўсёды захавалі ягонае сяброўства. Якое трывае нават пад ціскам клятай італьянкі. Асцерагайцеся яе.
Мікалай Руды нецярпліва перапытвае:
- Пан бацька, а калі вы дазволіце нам пайсці на вайну разам з вамі?
Геркулес паблажліва ўсміхаецца:
- Вайны яшчэ ніхто не пазбег, калі ўмее трымаць у руках меч. Прыйдзе і ваш час.
Старэйшы Радзівіл сыходзіць. Мікалай Руды кліча да сябе Міхала:
- Скажы, каб рыхтавалі нашы рэчы. Едзем у Кракаў, ты са мной. Арбалет галандскі не забудзь пакласці.
Маладыя княжычы вяртаюцца ў дом, на хаду радасна перамаўляючыся.
- Трэба адпаведнае адзенне... Каб не выглядаць смешнымі. Пры двары цяпер новая мода.
На такія разважанні Чорнага Руды толькі моршчыцца.
- Ты як дзеўка. Хто з нас насмеліцца пасмяяцца? На месца нахабаў ставіць!
Да Міхала, які збірае зброю і час ад часу касавурыцца на галерэю, дзе сядзяць дзяўчаты, падбягае Варакса. Вынаходнік злосна зрывае з шапкі Міхала залатое пёрка.
- Злодзей! Гэта ад майго механізму, які ты парушыў!
Міхал адной рукой бярэ хударлявага Вараксу за каўнер і адрывае ад зямлі. Яго твар спакойны, але ў ім такая моц і пагроза, што Варакса страшэнна пераляканы. Ён прыладжвае дрыжачай рукой залатое пёрка зноў на шапку Міхала.
- На, на! Падумаеш! Гэта ж нават не золата! Так, пазалочаная медзь! Я яшчэ зраблю!
Міхал акуратна ставіць Вараксу на месца і моўчкі сыходзіць, падабраўшы мячы. Дзяўчаты ў вакне пляскаюць у ладкі.
Варакса абражаны.
- Мядзведзь пушчанскі... Трэба паспець паказаць майго арла да ад’езду княжычаў...
1529 г. Геранёны. Замак Гаштольдаў.