Выбрать главу

Гаспадар замка Альбрэхт Гаштольд, змрочны, не вельмі прыемны барадаты тыпус, даволі мажны, з запалымі вачыма, і сівымі доўгімі валасамі, дзелавіта збівае кулакамі і нагамі просьбіта ў простым каптане. Выштурхоўвае яго за дзверы. У куце пакоя за экзекуцыяй назірае спадчыннік Альбрэхта, адзіны сын гаспадара Станіслаў Гаштольд, хлопчык з тонкімі рысамі твару і трохі сплоханы.

- Лярва! Пагражаць рокашам хлопаў! Падаткі ім вялікія! Брахун!

Твар Альбрэхта чырвоны ад злосці.

- Але, пан бацька, я сам бачыў, як нашы сяляне закідалі камянямі карэту... І яны былі страшныя... Худыя, счарнелыя...

Альбрэхт усаджваецца за стол, на якім ляжыць вялізарны стос спісаных папер.

- Запомні, сын, як толькі ты дабраахвотна ад чагосьці адмовішся - у цябе паступова адбяруць усё. Ніколі не адмаўляйся ад магчымасці штосьці дадаць да свайго багацця, славы і ўлады.

Станіслаў паныла глядзіць у падлогу.

- Нас паўсюль праклінаюць, пан бацька...

Старэйшы Гаштольд толькі ўсміхаецца:

- Няхай. Калі табе плююць у спіну, значыць, ты наперадзе.

Але сын яшчэ не выказаў усё, што набалела:

- Яны кажуць, Гаштольды не маюць літасці... Хцівыя і акрутныя... Нас не любяць...

Альбрэхт паблажліва глядзіць на яшчэ нявопытнага спадчынніка:

- Пачынаюць папракаць - цытуй Біблію. Скардзяцца на ўціск - спасылайся на волю Божую. Адшкадуй на кляштар - станеш святым. Думаеш, я дарэмна наняў гэтага доктара Францыска Скарыну з Полацку напісаць наш радавод? Ён ужо знайшоў нам продка - рымскага князя Палямона... Хто заплаціць пісцу - застанецца героем. Сёння мы, Гаштольды

- самыя багатыя ў гэтым краі. Мы запячатваем лісты чырвоным воскам, а не зялёным. Адны Радзівілы могуць з намі зраўняцца... Толькі таму, што іх шмат. Пакуль яшчэ шмат.

Падыходзіць да сына, кладзе рукі яму на плечы.

- Ты едзеш у Кракаў, да каралеўскага двара. Увойдзеш у світу каралевіча.

Станіслаў радасна ўскідваецца:

- Калі?

Альбрэхт задумваецца:

- Пошасць у Кракаве скончылася... Так што... трэцяга дня наступнага месяца. Пастарайся пасябраваць з Аўгустам. Адкрыю таямніцу... Да канца года каралевіч падзеліць з бацькам трон. А я стану ягоным намеснікам у Вялікім Княстве Літоўскім.

Станіслаў з асцярогай:

- А калі я каралевічу не спадабаюся?

Адказ бацькі гучыць жорстка:

- Пастарайся спадабацца. Галоўнае, каб клятыя радзівіляняты не сталі да яго бліжэй, чым ты. Не паўтарай маёй памылкі, сыне. Не пасябруй з радзівілаўскімі вырадкамі, як я ў свой час.

Станіслаў праз нейкі час наважваецца папытацца:

- А чаму ты іх так не любіш, пан бацька?

Альбрэхт глядзіць у вакно.

- Ёсць за што...

1506 г. Вільня. Каралеўскі суд.

Альбрэхта Гаштольда, нягледзячы на супраціў, выводзяць з залы каралеўскія жаўнеры. Гаштольд азіраецца, працягвае крычаць да кагосьці ў зале, дзе віруе зацятая сварка:

- Я не быў у змове з Глінскім! Гэта паклёп!

Услед за Гаштольдам выходзіць Мікалай Радзівіл.

- Проста маскоўскі цар яшчэ недастаткова прапанаваў, а ваша мосць хацеў абабраць абодвух гасудароў.

Гаштольд паглядае з нянавісцю:

- Ілжэц! Не дарую!

1519 г. Крэўскі замак.

Унізе, пад сценамі замка, ідзе бойка. Лятуць стрэлы. Страляюць гарматы. Альбрэхт Гаштольд, ухапіўшыся за мур змерзлымі пальцамі, напружана ўглядаецца ў далеч скрозь завіруху. Да яго падыходзіць ваяр з учарнелым ад стомы тварам.

- Ваша мосць, дапамога не прыйдзе. Выведнікі даклалі - віленскі ваявода не разаслаў каралеўскія лісты.

Гаштольд сціскае ў гневе кулакі:

- Кляты Радзівіл...

1520 г. Пад Полацкам ідзе бойка з войскамі Івана Грознага. Юры Радзівіл, увесь у гразі, стамлёна абапіраецца на меч, які ўторкнуты ў грудзі забітага ім жаўнера. Да Геркулеса падбягае ягоны ваяр:

- Ваша княская мосць, дапамогі няма! Войскі трокскага ваяводы ўсё яшчэ стаяць у засоцы!

Радзівіл сціскае сківіцы:

- Кляты Гаштольд...

Альбрэхт Гаштольд самазадаволена стукае рукой па стосе паперы на стале.

- Адзінае, за што я ўдзячны канцлеру Мікалаю Радзівілу - пакінуў мне ў спадчыну падрыхтаваны Статут... Закон нашай дзяржавы, сын!

Станіслаў недаверліва заўважае:

- Ты так доўга пішаш яго...

Альбрэхт здзекліва смяецца:

- Ну, можна сказаць, і пішу. Спасылкі на святое пісанне ніколі не лішнія. Па праўдзе, Мікалай усё завяршыў перад смерцю, сем год таму. Але раз я ўжо дамогся гэтай пачэснай працы... Нашто спяшацца? Кожны год кароль плоціць мне за гэта добрыя грошы. І ў гісторыю ўвойдзе, Стасю, што Статут Вялікага Княства Літоўскага склаў Гаштольд! Помні, Станіслаў: усё - на карысць роду! Мы пішам законы. Мы - самі закон.