У замку Радзівілаў Магнус збірае ў адмысловы куфар зёлкі і мікстуры. Варакса ўважліва назірае і робіць паметкі ў сшытку. Лекар пахмурна паглядае на нягеглага вучня:
- Каб можна было паслаць каго больш кемнага з княжычамі... Спадзяюся, ты хоць нешта засвоіў падчас нашых урокаў. Вось тут - лекі ад англійскай гарачкі, памажы, святы Антоній, каб не вярнулася. А тут - ад атруты. Правяраць будзеш кожны кавалак, кожны глыток, які ім пададуць. Які колер пакажа рэагент на аканіт?
Варакса ахвотна адазвае:
- Сіні, настаўнік. Калі адбылося атручванне - даць белую гліну.
Магнус працягвае іспыт:
- Цыкута?
- Рэагент будзе колеру дзіцячай мачы. Даваць атручанаму настойку кірказона, як раіў вялікі Тэафраст.
- Ягіпецкі пыл?
Варакса бадзёра прамаўляе:
- Чорны. Абясшкоджваецца слязамі саламандры.
Магнус скрушна ўздыхае:
- Сам бы адправіўся... Ды мне на вочы Луіджы Сфорца пакуль паказвацца нельга. Да італьянцаў не лезь... Вынаходніцтвамі сваімі не хваліся...
Варакса асцярожна цікавіцца:
- Настаўнік, а што вы скажаце пра мой апарат для адфільтроўкі ядаў?
Магнус працягвае пакаваць рэчы:
- Скажу, што пясок ён адфільтруе. А вось арсінакон - наўрад.
Варакса страшэнна пакрыўджаны:
- Я яшчэ дакажу ўсім...
На стале ў Магнуса працягвае круціцца ў закаркаванай колбе чорнае пяро гругана.
У садзе Радзівілаўскага палаца тлумна. Эолава арфа яшчэ не даробленая, абкружаная жэрдкамі. Але арол на яе вершаліне ззяе пер’ямі. Вакол арфы сабраліся гледачы - Радзівіл Геркулес, Радзівіл Руды, Радзівіл Чорны, князёўны Ганна і Барбара, іх камерысткі Зося і Магдалена, Сымон Жух, Міхал Рашчынскі, Якаб Магнус. Паглядаюць даволі скептычна. Варакса вельмі хвалюецца, кусае вусны. Націскае з сілай на падважнік унізе збудавання. Арол ажывае, уздымае крылы, распроствае пёркі. Яго дзюба адкрываецца... І адтуль вылятае несамавітае курлыканне-кудахтанне. Гледачы заходзяцца ад смеху.
Юры Геркулес першы перастае смяяцца.
- Хопіць ганьбіць сімвал нашага роду. Ніякай мяханікі, ніякіх штукарстваў. Зрабіць з цэльнага металу.
Варакса ўцякае праз кусты, глытаючы слёзы.
Міхал Рашчынскі набліжаецца да Ганны Радзівіл.
- Ваша мосць дазволіць развітацца? Я заўтра еду ў Кракаў з братамі вашай мосці...
Ганна намагаецца быць як мага болей фанабэрыстай:
- З чаго васпан узяў, што мяне цікавіць ад’езд збраяносца майго брата?
Міхал маўчыць нейкі час, адказвае задумліва:
- У нашым доме ў Белавежскай пушчы проста пад вакном расце шыпшына. Калючае голле, і такія пяшчотныя кветкі. Я ніколі не рваў іх.
У голасе Ганны нервовая насмешка:
- Таму што баішся калючак?
- Таму што мне дастаткова любавацца на прыгажосць. Яна ёсць... За гэта можна памерці.
Міхал спакойна глядзіць на дзяўчыну. Ганна бянтэжыцца, і ад гэтага раздражняецца:
- Мядзведзі нічога не разумеюць у кветках.
Сыходзіць. Міхал глядзіць ёй услед. Таму заўважае, калі яна кідае на яго позірк цераз плячо, намагаючыся зрабіць гэта незаўважна. У адказ Міхал ветліва кланяецца. Ганна, яшчэ больш раззлаваная ад таго, што слуга ўгледзеў яе цікавасць, прыспешвае крок.
1529 г. Кракаў. Сад пры каралеўскім палацы. Радзівіл Геркулес падводзіць да каралевіча Жыгімонта Аўгуста малодшых Радзівілаў.
- Ваша высокасць, дазвольце вам прадставіць майго сына Мікалая і майго пляменніка Мікалая...
Хлопцы цырымонна кланяюцца.
Чорны весела, па-змоўніцку падміргвае каралевічу:
- Мікалай ды Мікалай - можна пераблытаць, ваша каралеўская высокасць... Але ёсць добры і відочны выхад: ён - Мікалай Руды, а я - Мікалай Чорны.
Весела тузае сябе за валасы.
- Руды і Чорны - дакладна не пераблытаеце.
Каралевіч усміхаецца. Ён відавочна прасякнуўся прыязнасцю да Чорнага.
- Мне сказалі, Радзівілы жывуць у самых нетрах, у пушчы. Вы палявалі на зуброў?
Мікалай Руды з гонарам пацвярджае:
- Яшчэ як, ваша мосць! Пойдземце, раскажу!
У маленькім пакоі кракаўскага каралеўскага палаца сядзіць Варакса Семяновіч і праганяе рэчывы праз свае хітрыя прыстасаванні. У адной з колбачак забулькатала вадкасць і набыла зялёны колер.
- Дзейнічае! Цяпер засталося дадумаць схему крэсла-павука.
Бона Сфорца глядзіць праз вакно, як каралевіч Жыгімонт Аўгуст гуляе з новымі сябрамі. За яе левым плячом - Луіджы Сфорца, які таксама назірае за сцэнай у садзе.
- Я не змагла пераканаць караля, што юныя Радзівілы - не лепшая кампанія для майго сына.
Вечны Інквізітар адыходзіць ад вакна, нібыта яму не цікава.