Выбрать главу

Між тым Ганна выходзіць на невялікую палянку, пасярод якой высіцца незразумелае збудаванне. Штосьці высокае, абстаўленае жэрдкамі. Гэта яшчэ не даробленая эолава арфа - вельмі складаная па задуме канструкцыя. Блішчаць паміж жэрдак яе пазалочаныя струны, але яшчэ не гучыць музыка ветру... Так, асобныя дзіўныя гукі, падобныя да жаласных крыкаў птушкі. Ля пастамента пакінутыя рабочымі інструменты, чарцяжы.

Збудаванне ўвенчвае выява арла, таксама не даробленая. Адно залатое пёрка дрэнна замацаванае, амаль адвалілася. Ганна спрабуе яго дастаць, ускараскваецца па жэрдках...

Усё збудаванне са страшэнным грукатам і звонам абрушваецца, Ганна з крыкам спрытна адскоквае - Міхал не паспеў кінуцца на дапамогу.

Да абрушанай эолавай арфы збягаюцца слугі, урэшце прыходзіць сама княгіня, Барбара Кола.

- Зноў шкода ад цябе, Ганна! Твой бацька ўлучыў вам увагу, нягледзячы на свае раны. А ты не цэніш. Цяпер не адкруцішся ад розгаў.

Ганна бялее. Наперад выходзіць Міхал:

- Ваша княская мосць, гэта мая віна. Я тут усё разбурыў выпадкова.

Барбара Кола грэбліва падціскае вусны:

- Ты? Што тут робіш? Здаецца, мой муж памыліўся, калі ўзяў цябе да свайго двара, Міхал. І каб не тое, што твой бацька загінуў, ратуючы князя... Спадзяюся, справядлівае пакаранне стане табе добрай навукай.

Спыняе позірк на медальёне, які ўпрыгожвае шыю Ганны.

- І колькі разоў табе казала. Не карыстайся гэтым ўпрыгожваннем. Яно... не пасуе юнай дзяўчыне.

Сад у замку Радзівілаў. Няўклюдны дзівакаваты вучань замкавага лекара Варакса Семяновіч падыходзіць да зруйнаванай эолавай арфы. Хапаецца за галаву, войкае... Перабірае ламачча. Асабліва пяшчотна збірае рэшткі арла, разглядае, дастае з кішэні чарцяжы, нешта звярае. З кустоў за ім назіраюць дзве камерысткі - Магдаленка і Зоська. Смяюцца. Магдаленка трапна прыцэльваецца і кідае Вараксу ў галаву сарваную з куста шыпшыніну. Варакса недаўменна азіраецца. Дзяўчаты, смеючыся, збягаюць.

Палац Радзівілаў. Пакой з вузкім вітражным вакном завешаны паліцамі з кнігамі і прыборамі для хімічных доследаў. Гаспадар пакоя, лекар Якаб Магнус, хударлявы, змрочны чалавек, за сталом, застаўленым колбамі з рэактывамі, пералівае штосьці з адной колбы ў другую. Дзверы раптоўна расчыняюцца, рука лекара ўздрыгвае, адна кропля праліваецца міма колбы. У пакой забягае Варакса.

- Настаўнік! Усё парушана! Гэты мядзведзь Міхал Рашчынскі! Эолаву арфу зваліў! Арла! Я не паспеў адладзіць механізм...

Магнус скрушна ўздыхае.

- Ты занадта мітуслівы для чалавека навукі, Варакса. Я табе колькі казаў

- любы няўдалы дослед мусіць стаць пачаткам новага.

Варакса працягвае бедаваць.

- Яшчэ трохі, і я пабачыў бы, як удасканалены мною арол ганарліва крычыць і ўзмахвае крыламі!

Лекар асцярожна ставіць шкляніцу на стол.

- Яшчэ раз паўтару - ты невук, Варакса Семяновіч. І вучыцца не хочаш, хоць завеш мяне настаўнікам. Забыўся, як запускаў у сажалку механічную рыбу, якая адразу патанула? А як цудоўна стрэліў вынайдзены табою арба­лет - на тры сажні, у спадніцу паненцы Магдаленцы?

Варакса чырванее.

- Гэта выпадкова! Я ўсё адно даб’юся! Мяне зробяць галоўным механікам каралеўскага двара!

Магнус незадаволена круціць галавой.

- Выкінь з галавы, недарэка! Цяпер бяспечней у звярынцы з адчыненымі клеткамі, чым пры каралеўскім двары, які запаланілі італьянцы. Штукароў ды забойцаў Сфорца ты не пераўзыдзеш.

На вучня перасцярогі не робяць уражання.

- Я ўсе іх штучкі разгадаю. Ды ў мяне самога столькі ідэй...

Хлопец дастае з-за пазухі стос спісаных паперак, перабірае з гонарам.

- Жалезны павук. Ён будзе замест крэсла і зможа насіць гаспадара з пакоя ў пакой... Масянжовае вуха, з дапамогай якога будзеш чуць за тры вярсты...

Магнус перабівае вучня.

- Досыць! Тваё шчасце, што ніхто цябе ўсур’ёз не ўспрымае, Варакса. За такую прагу ўдасканальваць Божыя стварэнні можна патрапіць у сутарэнні на прэнт і дыбу.

Варакса асцярожна перапытвае:

- А праўду кажуць, настаўнік, што вы там пабывалі?

Магнус глядзіць на сваё запясце, на якім назаўжды застаўся след ад ланцугоў.

- Прага да ведаў можа шмат куды прывесці, хлопец, у нашы цёмныя часы.

Дзверы з грукатам расчыняюцца. Уваходзіць Юрый Радзівіл. Варакса

спалохана кланяецца і выбягае, прыціснуўшы да сэрца свае схемы.