Ганна паглядае па Вечнага Інквізітара і выпадкова сустракаецца з ім позіркамі. Дзяўчыну скаланае.
Кракаў. Каралеўскі палац. Жыгімонт Стары сядзіць у высокім крэсле. Твар заклапочаны. Па правую руку ад яго - каралева Бона Сфорца. На яе вуснах ветлая ўсмешка, а вочы з нянавісцю сузіраюць магнатаў, якія стаяць, намагаючыся адзін да аднаго не набліжацца - Юры Радзівіл Геркулес і Альбрыхт Гаштольд з сынам Станіславам. Побач з каралевай, за спінкай яе крэсла - Вечны Інквізітар, вядомы пры польскім каралеўскім двары як далёкі сваяк каралевы Луіджы Сфорца.
Кароль аб’яўляе:
- Я не хачу больш чуць скаргі яе вялікасці. Гарадзенскае староства перадаю ёй.
Бона хавае пераможную ўмешку. Гаштольд таксама зласліва крывіцца.
Раптам дзверы расчыняюцца. У пакой, ганарыста закінуўшы галаву і спрабуючы паводзіцца ўпэўнена, заходзіць малады каралевіч - Жыгімонт Аўгуст. Ён хоча сесці ў вольнае крэсла.
Бона звяртаецца да сына мякка, але за гэтай мяккасцю - сталь.
- Ваша высокасць, мой сын, вы яшчэ занадта юны для такіх сумных размоў, што тут вядуцца. Не напружвайце сваё слабое здароўе.
Каралевіч чырванее ад гневу і ўсведамлення сваёй бездапаможнасці.
- Але я...
Бона перабівае сына:
- Вы яшчэ паспееце ўзваліць на сябе цяжар дзяржаўных клопатаў, а пакуль даверце іх несці сваім бацькам.
Аўгуст кідае запытальны позірк на бацьку, але кароль толькі хмурыцца і паказвае жэстам, каб каралевіч сыходзіў. Жыгімонт Аўгуст, угневаны і прыніжаны, устае, спрабуе годна трымацца, калі выходзіць з залы.
Радзівіл Геркулес ступае наперад:
- Ваша вялікасць, дазвольце нагадаць, што гарадзенскае староства мне дасталося ва ўзнагароду за перамогу над тэўтонцамі, здабытую дарагой цаной!
Кароль, хаваючы няёмкасць, кідае хуткі позірк на каралеву.
- Такая каралеўская воля.
Радзівіл Геркулес не стрымлівае дзёрзкіх слоў:
- Несправядлівая воля, ваша мосць!
Альбрэхт Гаштольд таксама ступае наперад:
- Дазвольце напомніць, пан Юры, што калі пасада канцлера мусіла стацца ўзнагародай маім подзвігам, ваш брат Мікалай навёў на мяне паклёп, я паўтары гады адседзеў у вязніцы за здраду, якой не ўчыняў... Вы нічога не скажаце пра гэтую несправядлівасць?
Бона задаволена назірае, як пачынаецца чарговая звада паміж магнатамі.
Жыгімонт Стары ўскідваецца рашуча:
- Хопіць! Мне надакучыла варажнеча паміж першымі асобамі майго каралеўства! Я хачу мець надзейную зброю, а не тую, што ў любы момант выслізвае з рукі, каб нанесці ўдар самой сабе. Час аб’яднаць роды. У цябе, Юры, дзве дачкі. Абедзве, здаецца, дасягнулі шлюбнага ўзросту. Адна стане жонкай твайго сына, Альбрэхт...
Гаштольд і яго сын Станіслаў абураныя.
- Другую дачку аддасі за сына яго мосці гетмана Астрожскага. Я сам яму паведамлю.
Бона выглядае ўзрушанай гэтай навіной - муж праявіў сваволю.
- Ваша мосць, ці не стане гэта паспешлівым крокам?
Кароль адказвае з націскам:
- Такая мая воля. Усё. Аўдыенцыя закончана.
Да раззлаванай Боны схіляецца Вечны Інквізітар, нешта шэпча ёй на вуха. Магнаты не наважваюцца спрачацца, па чарзе падыходзяць да манархаў, кланяюцца, развітваючыся. Юры Геркулес таксама схіляецца перад Бонай.
Бона ціха гаворыць яму:
- Я нічога не забываю, ваша мосць. Я пастараюся, каб з вамі абышліся па справядлівасці.
Жыгімонт Аўгуст падыходзіць да сваіх сяброў, Рудога і Чорнага, якія чакаюць яго ля вакна каралеўскага палаца.
Руды не вытрымлівае:
- Ну, што?
Жыгімонт Аўгуст намагаецца падацца спакойным.
- Прагнала.
Чорны асцярожна заўважае:
- Ваша высокасць заслугоўвае большай увагі з боку каралевы-маці.
Абурэнне каралевіча выплёхваецца:
- Ды лепш бы яе не было зусім, той увагі! Жыву, як заціснуты між двума шкельцамі... Таго няможна, гэтага няможна, вы яшчэ юны...
Руды кладзе руку на плячо сябра.
- Плюнь, Аўгуст! Паехалі лепш у Белавежу. На паляванне! Памятаеш, як у карчомцы посуд білі...
Маладыя людзі дружна рагочуць.
Каралевіч змрачнее.
- Калі адпусціць. Яна супраць, каб я быў з вамі. Але я мужчына! Пайшлі адсюль.
У палацы Радзівілаў працягваецца пір з нагоды заручын сясцёр Радзівілянак. Ганна азіраецца: побач з Вечным Інквізітарам сядзіць малады Станіслаў Гаштольд. Яго прыгожы нервовы твар выказвае грэблівасць, у бок Ганны ён пазірае з сапраўднай агідай. Станіслаў нічога не есць і не п’е, пакуль ягоныя прыбліжаныя не пакашуюць. Час ад часу Луіджы Сфорца штось шэпча яму на вуха, Станіслаў паглядае на Ганну з яшчэ большай грэблівасцю.