Выбрать главу

Юрый Радзівіл Геркулес вельмі ўгневаны, ён ходзіць туды-сюды перад Ганнай, якая захінае на грудзях парваную сукенку і ўсё яшчэ ўсхліпвае. Яе твар і рукі - у барвовых плямах і драпінах.

- Заручыны разарваць - з каралём пасварыцца. Рашчынскага не пакараць - Гаштольд у суд пацягне... Зняславіць. Гэх... Шылахвостка ты... Чаго пацягнулася сярод ночы ў сад, дзе поўна п’яных бэйбусаў?

Ганна, нібыта не даючы веры пачутаму, глядзіць на бацьку.

- Няўжо пасля такога... ты змусіш мяне пашлюбавацца з гэтым мярзот- нікам?

Голас Радзівіла Геркулеса гучыць жорстка.

- Вось калі пасля такога ён на табе не жэніцца - табе ў кляштар толькі застаецца ісці.

У пакой уваходзіць Мікалай Радзівіл Чорны.

- Перагаварыў... Уладзіў...

Радзівіл Геркулес нецярпліва паварочваецца да пляменніка:

- Ну? Якія ўмовы?

- Пра тое, што адбылося насамрэч, усе пагадзіліся маўчаць. Мы не пада­ем у суд за гвалт над нявестай. Гаштольды не падаюць у суд за скалечанне адзінага спадчынніка. Заручыны захоўваюцца. Пасланец каралевы, дарэчы, ужо распытваў... Але мае людзі сказалі ўсё, як трэба. Ганны ў садзе не было. П’яны афіцэр Міхал Рашчынскі без прычыны напаў на князя Станіслава Гаштольда. За што будзе сурова пакараны. Горлам.

Ганна ўздыхае ад жаху.

- Ён жа абараніў мяне... Не даў згвалціць...

Мікалай Чорны сурова глядзіць на сястру.

- Думаю, ён гатовы і аддаць жыццё за гонар сваіх гаспадароў. Такая ўмова.

Геркулес ківае.

- Мы добра аддзячым сваякам за ягоную вернасць.

Ганна з горыччу прагаворвае:

- У яго нікога няма... Але што - нам... Мы - Радзівілы... Пан брат, вядома, забыўся, што Міхал выратаваў яму жыццё.

Чорны не апускае позірк.

- Я ніколі нічога не забываюся, сястра. І ніколі не кідаю справу на паўдарозе.

Ганна нервова ходзіць па пакоі. Барбара з жахам паглядае на яе здрапаныя рукі, збіты твар.

- А што пані маці?

Ганна з горыччу смяецца.

- Налаялася. Мушу ладзіць з жаніхом. Прыгразіла - калі ўздумаю заступацца за Міхала ды апавядаць пра гвалт - зараз жа адправяць у кляштар.

Барбара ціха і трохі вінавата кажа:

- Астрожскі добры. Падарыў мне пярсцёнак.

Ганна ласкава ўсміхаецца Барбары.

- Ты прыгажэйшая за мяне, сястра. Ты сапраўды - як анёл... Цябе немагчыма не любіць.

Барбара кідаецца да Ганны, абдымае:

- Цябе таксама палюбяць... Гаштольд зразумее...

Ганна нервова смяецца.

- Ён ніколі не перастане мяне ненавідзець. А я ніколі не дарую яму. І з-за сябе, і што з-за яго загіне Міхал... А я нават развітацца не магу...

Вызваляецца ад абдоймаў сястры, рашуча прыкусвае губу.

- Чаму ж не... Ніхто не перашкодзіць мне развітацца з тым, хто аддасць за мяне жыццё.

Кідаецца да куфра, дастае плашч.

Барбара ў жаху шэпча:

- Ты шалёная!

Ганна захутваецца ў аксамітную накідку з каптуром.

- Што мне губляць? Мой жаніх ужо назваў мяне шалёнай. І да таго ж самадайкай.

Зачэрпвае з куфэрка пярсцёнкі. Выслізвае за дзверы, апусціўшы капюшон плашча. Барбара ў жаху апускаецца на калені і пачынае маліцца.

Спрацаваныя пальцы гайдука Сымона Жуха задумліва круцяць пярсцёнак.

- Як загадае ваша княская мосць. Богаўгодная справа - развітацца з асуджаным... Што ж, няхай небараку Міхалу будзе суцяшэнне апошняе. Добра, што бацька ягоны не дажыў...

Ганна аддае яму яшчэ адзін пярсцёнак.

- Нікому не гаварыце.

Сымон Жух незадаволена хмурыцца і не бярэ пярсцёнак.

- Не першы год служу вашым княскім мосцям. Але толькі дзеля няшчаснага Міхала... Пойдземце, ваша княская мосць.

Поўня свеціць праз краты. Ляскаюць засаўкі. Хтосьці ўваходзіць у камеру. Дзверы за ім адразу зачыняюцца. Міхал уздымаецца.

- Хто тут?

Голас яго ўздрыгвае - ён не можа не пазнаць сваю даму нават у прыцемку.

- Навошта, Ваша мосць? Небяспечна...

Ганна адказвае з горкай насмешкай.

- Небяспечна... Ты ведаеш, што цябе задумалі караць горлам?

Міхал, памаўчаўшы, гаворыць амаль мройна.

- Рыцар і смерць... Едуць яны на адным кані, вечна. Памятаеце, у дзяцінстве мы разглядалі малюнак у старой кнізе?

Ганна ў адчаі сціскае рукі.

- Я нічога не магу змяніць...

- Вы прыйшлі. Гэта бясконца многа. Запэўніваю, буду маўчаць пра тое, што адбылося ў садзе.

Дзяўчына скаланаеца.