- Я не для таго... Слухай... Я не належу сабе. Я - маёмасць роду. Але так не будзе.
Рашуча скідае з сябе накідку. Набліжаецца да Міхала. Кладзе руку яму на грудзі.
- Ты бачыў, якая чакае мяне шлюбная ноч. Не хачу, каб ён... Гаштольд... быў маім першым. Не хачу ніколі не даведацца, як гэта - калі цябе кахаюць.
Міхал адхінаецца.
- Пра што вы...
- Пра тое, што сваім сэрцам і сваім гонарам я хачу распарадзіцца сама.
Ганна зноў дакранаецца да Міхала. Той затрымлівае яе руку.
- А да мяне прыйшлі таму, што нябожчык ужо нічога не раскажа?
Ганна пачынае гаварыць усё больш ціха, яе словы нагадваюць заклён.
- Таму, што бачыла ўсе твае позіркі, на якія не адказвала. Чула біццё твайго сэрца... Ты ведаеш, што калі набліжаўся да мяне, тваё сэрца так калацілася, што я магла чуць яго паскораны крок?
Прыкладае руку да сэрца Міхала, намацвае пад кашуляй штось цвёрдае, выцягвае - гэта залатое пёрка на ланцугу.
- Таму што смерць дае волю. Пазбаўляе фальшывай пазалоты.
Праводзіць пальцам па шчацэ Міхала.
- Таму што гэта ноч волі. Тваёй і маёй. Апошняя. Адзіная.
Прапускае між пальцаў пасмы густых валасоў Міхала.
- Скажы, што пра гэта не марыў.
Міхал, пераадольваючы сябе, з пакутай адказвае:
- Не скажу. Вышэй маіх сіл... Саладзей маіх сноў... Прабач, Госпадзе...
Прыціскае да сябе Ганну. Вусны дваіх зліваюцца ў пацалунку. Міхал і
Ганна апускаюцца на падлогу.
У месяцовым святле, якое прабіваецца скрозь краты, двое кахаюць адно аднаго. Як у апошні раз. Дзесь іграе дзівосныя мелодыі эолава арфа.
Мікалай Чорны глядзіць у вакно, як ягоная сястра, захутаная ў плашч, вяртаецца хуткім крокам у свой пакой.
- Што ж ты нарабіла, сястра...
Вечны Інквізітар перастрэў Магнуса ў калідоры палаца Радзівілаў.
- А я ўжо думаў, з’еду, не развітаўшыся са сваім старым знаёмцам. Тваё цела яшчэ захоўвае неверагодную моц, Якаб Магнус. Пасля ўсіх маіх высілкаў ты працягваеш паганіць сваёй прысутнасцю Божы свет.
Магнус цвёрда глядзіць на ворага.
- Свет паганяць такія, як вы, ваша мосць. Колькі бязвіннай крыві на вашых руках?
- Толькі гнілая кроў грэшнікаў. Такіх, як гаспадары гэтага замка.
Вочы Магнуса ўспыхваюць гневам.
- Я не дам вам іх звесці са свету, як у Фларэнцыі звялі род Манучыні.
Вечны Інквізітар здзекліва ўсміхаецца.
- А, ты ўсё яшчэ памятаеш вядзьмарку Лаўру?
- Не пэцкайце яе імя сваім паганым ротам.
Луіджы Сфорца рады, што змог дастаць у лекара да жывога.
- Пэцкаюць імёны ўчынкі... А колькі ўсяго цікавага адбудзецца ў хуткім часе тут, Магнус! Буду сачыць за падзеямі, як у тэатры з уласнай ложы...
Магнус здзекліва кідае:
- Шкада, я не прысутнічаў у тым тэатры, калі ваша мосць за словы паклёпу супраць Радзівілаў выяўляла з сябе сабаку.
Вечны Інквізітар бялее пры згадцы пра ганьбу, якую давялося зведаць, калі яго змусілі гаўкаць па-сабачы за недаказанае абвінавачванне. Зразумела, што не забудзе і не даруе.
У сваім пакойчыку ў палацы Радзівілаў Варакса зноў працуе над хітрым механізмам крэсла-павука.
Дэталі час ад часу падаюць, Варакса незадаволена лаецца.
Забягае Магдаленка.
- Варакса, для яе мосці Ганны патрэбны адвар ад нестрававання.
Варакса не адрывае вачэй ад сваёй працы.
- Добра, зраблю...
Магдаленка не спяшаецца сыходзіць.
- А бялілы і чырванілы для мяне? Ну, Варакса, ты ж абяцаў...
Варакса гэтак жа заняты працай.
- Будзе час...
- Ну, Варакса... Ну калі ласачка...
Магдаленка цмокае хлапца ў шчаку. Той так здзіўляецца, што перапыняе працу.
- Зробіш? Ну што табе варта?
Варакса хавае збянтэжаннасць, зноў бярэцца за механізм.
- Заўтра прыходзь
Магдаленка какетліва пазірае:
- Прыбягу!
Калі яна сыходзіць, Варакса ў разгубленасці кранае пальцам месца, куды Магдаленка яго пацалавала. Злёгку мройна ўсміхаецца. Потым ягоны твар змрачнее.
- Ад нестрававання, значыць... Трэба настаўніку сказаць...
У пакоі Радзівіл Геркулес, Ганна і Мікалай Радзівіл Чорны.
Чорны аб’яўляе:
- Не скажу, што гэта далося мне лёгка, два месяцы перагавораў... Але... Як ні дзіўна, паспрыяў Луіджы Сфорца. Станіслаў Гаштольд нарэшце пагадзіўся прабачыць Рашчынскага. З умовай, што той будзе біты ля ганебнага слупа і адпраўлены служыць як далей.
Ганна ледзь стрымлівае крык радасці.
Геркулес задаволена ківае:
- Што ж, справядліва - захаваць жыццё такому слаўнаму вою... Ачуняе пасля пакарання - адправіць у войска ў Лівонію. Соцкім.
Князь кідае сярдзіты позірк на Ганну.