Выбрать главу

- А ты бяры прыклад з сястры. Маліся, менш на людзях бывай.

Ганна горача просіць:

- Ваша мосць, а дазвольце мне з’ехаць у кляштар да вяселля.

Геркулес пагаджаецца:

- Добрая думка. Хай сунімуцца плёткі.

Сымон Жух б’е пугай прывязанага да слупа Міхала Рашчынскага.

- А я ж казаў табе... Падалей ад паноў... Не давядзе да дабра... сяброўства з магнатамі... І з магнаткамі асабліва...

З-за кустоў, як калісь у дзяцінстве, назірае за экзекуцыяй Ганна. Адна яе рука прыціснутая да жывата.

Пакой лекара. Магнус зноў мажа зраненую спіну Міхалу. На гэты раз Міхал скалечаны нашмат сур’ёзней.

- Цяпер будзеш ляжаць тыдзень.

- Не, мне трэба.

- Калі б ты лепей адрозніваў, што табе трэба, а што ты можаш сабе дазволіць, ты б не ляжаў тут. Як пачуваецца князёўна Ганна?

Міхал спрабуе ўзняцца, але са здушаным стогнам болю падае на ложак.

- Чаму вы пытаецеся...

Магнус змрочны.

- У яе нестрававанне. Нічога падазронага. Няхай. А што вы будзеце рабіць праз некалькі месяцаў? Чым ты ўвогуле думаў, хлопча?

Міхал разумее, што лекар усё ведае, глуха гаворыць.

- Я думаў, што мушу памерці... Я гатовы дзеля яе...

Магнус сумна перапыняе.

- Ведаю, ведаю... Я сам у свой час зрабіў падобнае глупства. Яна была высокага роду, а я ўсяго толькі малады доктар... Я паддаўся спакусе - і вось ужо дваццаць гадоў жыву на чужыне, на ўскрайку чужога гнязда. А яна... загінула. Я дапамагу вам.

Міхал зноў робіць спробу ўстаць.

- Я вечна буду маліцца за вас...

У садзе ля эолавай арфы. Да Ганны падыходзіць Міхал. Абдымкі, пацалункі... Князёўна шэпча:

- Ты скора ў войска... А заўтра я з’язджаю...У манастыры лягчэй будзе схаваць... тое, што здарыцца ў сакавіку.

Міхал шэпча:

- Магнус нам дапаможа. Вер яму. А я ніколі не пакіну цябе і дзіця... Вярнуся нават з пекла...

Эолава арфа плача.

Кракаў. Каралеўскі палац. Перад каралевай Бонай схіляецца Вечны Інквізітар.

- Яны ніколі не аб’яднаюцца. Гаштольды, Астрожскія і Радзівілы. Вашы ворагі працягваюць знішчаць адно аднаго. Вяселлі адкладзеныя.

Бона прыжмурвае вочы.

- Не супакоюся, пакуль не знікне апошні атожылак праклятага роду Радзівілаў.

У пакой заходзіць Жыгімонт Аўгуст.

- Ваша вялікасць, я хачу з’ездзіць на паляванне ў Белавежскую пушчу.

Бона ласкава, але цвёрда кажа:

- Вы яшчэ не ачунялі ад апошняй застуды, мой сын. А Радзівілы - не самая лепшая кампанія для вас.

Жыгімонт Аўгуст угневаны, аднак не наважваецца пярэчыць, кланяецца і сыходзіць.

Кляштар пад Гародняй. Цёмны пакой у сутарэннях.

Ганна нараджае. Ёй дапамагае Магнус. Барбара сядзіць побач з ложкам, трымае сястру за руку. Ганна заціскае рот хусткаю, каб не крычаць.

Нарэшце нараджаецца дзяўчынка. Яе адразу ж укладваюць у кошык, Магнус выносіць дзіця з пакоя.

Барбара жагнаецца.

- Слава Госпаду... Цяпер можна забыцца на гэты жах. Вярнуцца ў Нясвіж. Зрабіць выгляд, што нічога не было...

Знясіленая Ганна знаходзіць позіркам сястру.

- Няўжо ты... думаеш... што я забудуся на сваё дзіця, сястра?

Барбара ў адчаі:

- Ты шалёная!

Лівонія. Поле. Відаць, толькі што тут завершылася крывавая сеча. Ляжаць забітыя, чуваць адчайныя крыкі нейкай жанчыны. Стамлёны Міхал прысеў спінай да дрэва, кладзе побач меч. Дастае беражліва з-за пазухі ліст. Перачытвае, цалуе... На яго твары мройная ўсмешка.

Пакой лекара Магнуса ў замку Радзівілаў. Ганна Радзівіл стаіць, аголеная да пояса. Магнус моцна перацягвае палатном яе грудзі. Ганна моршчыцца.

- Як бы я хацела сама карміць сваё дзіця...

Магнус заканчвае працу.

- Яшчэ тыдзень, і малако знікне. Будзеце піць адвар, які прынясе Варакса.

Мікалай Радзівіл Чорны страляе з арбалета па мішэнях. Хоць меч ён трымае слаба, аднак у стральбе досыць трапны. Збаны з намаляванымі на іх смешнымі тварамі разлятаюцца адзін за адным. Каля Радзівіла стаіць на каленях Магдаленка.

- Ваша мосць, я праўда нічога не ведаю... Іх мосці Ганна і Барбара не ўзялі мяне з сабою манастыр. Яе мосць Ганна больш не давярае мне...

Мікалай Чорны зноў прыцэльваецца, страляе.

- А шпег каралевы табе давярае, значыць? Хіба не ты ўзяла ў яго ўчора ў карчме дваццаць залатых дынарыяў?

Магдаленка з жахам заломвае рукі.

- Ваша мосць, не пагубіце! Я бедная дзяўчына, сірата! Як я магла адмовіць пасланніку каралевы!..

- Будзеш дакладаць Сфорца толькі тое, што я табе кажу. Ясна?

Чорны ўмее кіраваць людзьмі, ад яго сапраўды сыходзіць небяспека.

Магдаленка гэта адчувае, і аж трасецца ад жаху перад гэтым маладым, не дужа моцным чалавекам з пільным позіркам.