Чорны астуджае дзядзьку:
- Атрута і меч - апошняе, да чаго трэба звяртацца. Я сам бяруся перагаварыць з каралём...
З шафы даносіцца нейкія гукі. Ганна і Барбара кідаюць у той бок трывож- ныя позіркі, Мікалай Чорны таксама паварочваецца, каб зірнуць на шафу.
Між тым Міхал спрабуе не даць дзіцяці закрычаць, усё шчыльней прытуляе да сябе...
Чорны асцярожна разважае:
- Магу прапанаваць такі ход... Раз Станіслаў Гаштольд не хоча жаніцца з Ганнай з-за нейкай... надуманай... прычыны, няхай пашлюбіцца з Барбарай. А Іллі Астрожскаму прапанаваць Ганну. Усё адно каралева ніколі не дазволіць яму ажаніцца з Беатай Касцялецкай. У жылах той каралеўская кроў, а раптам нашчадкі будуць на трон прэтэндаваць? Самі ведаеце, як Бона Сфорца пільнуе сваю ўладу. Яшчэ пагрозы няма - а яна выпраўляе кагось на той свет. Так што прыціснуць Астрожскага... Нікуды не дзенецца.
Геркулес глядзіць на дачок.
- Можа, і выгарыць...
Ганна з горыччу вымаўляе:
- Нас, вядома, ніхто не пытаецца?
Чорны ціха адказвае:
- Ну, мы ж не дапытваемся, наколькі праўдзівыя плёткі пра цябе, дарагая сястрыца.
Кідае шматзначны позірк на дзіцячы каптурык. Ганна бялее. У шафе зноў штось шаргоча.
Руды сціскае кулакі.
- Усё-ткі гэта несумленна... Мяняцца нявестамі... Як жупанамі. Толькі ардалія! Божы суд! Біцца, пакуль хтось не паваліцца!
Чорны павучальна гаворыць:
- Гасподзь не любіць, калі праліваюць кроў, у той час як дастаткова праліць словы. І вы, дзядзечка, каб у маладосці адказалі на схільнасць італьянкі, не адпрэчылі яе...
Геркулес бліскае вачыма, усё яшчэ сінімі, як вечаровае неба.
- Язык прытрымай, пляменнік! От парода... Увесь у Яна ты, Мікалай... Той таксама хітрыў, з ворагамі сябраваў... Але добра, няхай будзе па-твойму.
Падыходзіць да дачок, кожную абдымае, цалуе ў лоб. Ганна ўсё больш нервуецца.
- Нічога... Мы - Радзівілы! Мы - сіла!
Мужчыны выходзяць з пакоя. Мікалай Чорны ідзе апошнім, азіраецца, ківае Ганне. Барбара кідаецца зачыняць дзверы.
- Ён ведае... Чорны заўсёды ўсё ведае...
Ганна імкліва тузае дзверцы шафы.
Міхал сядзіць нерухома, глядзіць перад сабой поўнымі жаху вачыма, нібыта ў нікуды. Яго рука па-ранейшаму захінае твар дзіцяці. Міхал прыбірае руку, галава дзіцяці бязвольна абвісае.
Сад ля палаца Радзівілаў. Восень. Дрэвы неахвотна губляюць лісце. Пад старой ліпай жанчына ў багатай сукенцы ніцма ляжыць на апалым лісці, абдымаючы грудок зямлі. Побач стаіць маладая дзяўчына, гожая, з рахманым выразам твару. Яна спалохана азіраецца.
- Ганна, час ісці... Госці збіраюцца... Мне не паспеюць надзець вясельны ўбор... І так хапае розгаласу - малодшая сястра ідзе да алтара раней за старэйшую. Прашу цябе, пойдзем. І ўсміхайся, усміхайся. Нібыта ты за мяне рада.
Жанчына цяжка ўздымаецца, абтрасае спадніцу, выцірае твар тонкай рукой.
- Няхай хаця б табе пашчасціць, сястрыца. Хай ніколі не будзе ў тваім жыцці такой магілы. На якой нельга напісаць нават сапраўднае імя.
Здымае з сябе срэбны медальён на ланцужку - залаты арол блішчыць у промнях восеньскага няпэўнага сонца, - становіцца на калені і закопвае ўпрыгожванне ў зямлю.
- Няма шчасця пад залатымі крыламі, Барбара.
У сінім восеньскім небе ціха кружляюць груганы.
Ліпень-жнівень 2018, Готланд.