Выбрать главу

- Зноў падаслалі. На гэты раз прыкінуўся куафёрам. Адкуль каралева іх бярэ толькі, паўзуць, як гадзюкі...

Князь кідае на стол маленькую бутэлечку. Магнус бярэ яе спецыяльнай пальчаткай, асцярожна адкаркоўвае, капае змесціва ў адну з колбаў. Вадкасць мяняе колер.

- Паўтараюцца. Такім вас ужо спрабавалі атруціць.

Геркулес глуха ўдакладняе:

- Брата майго Яна такім жа?..

Магнус схіляе галаву.

- Так, ваша мосць...

- А... сястру Ганну з дзецьмі?

- Мяркуючы па тых сімптомах, што вы апісалі... Атрута, ад якой загінула княгіня Ганна Мазавецкая, была падобнай, але трохі іншай.

Радзівіл Геркулес тужліва глядзіць у вакно, за цьмянымі слюдзянымі шкельцамі гайдаюцца дрэвы, нібыта просяць дапамогі.

- Сястра патрабавала, каб яе называлі каралевай. Яна і была каралевай. Ганарыстай да немагчымага. Прыўкраснай да немагчымага.

1515 год. Макуў-Мазавецкі. Палац князёў Мазавецкіх.

Вялікая светлая зала, нягледзячы на прысутнасць людзей, здаецца пу­стой. Паўсюль на доўгіх ваўняных нітках і срэбных ланцужках падвешаныя страўсіныя яйкі - найлепшы сродак ад сурокаў. Яны гойдаюццца ад скразняку. Пасярэдзіне пакоя - доўгі стол, застаўлены срэбным посудам. На чале стала, у крэсле з высокай разьблёнай спінкай, сядзіць Ганна Мазавецкая з Радзівілаў. Прыгожая ўладная жанчына з ганарыстым спакойным тварам. На яе грудзях - медальён у выглядзе арла, той самы, што мы бачылі ў яе пляменніцы Ганны Радзівіл. Княгіня есць смажаную перапёлку, акуратна, не спяшаючыся адшчыквае мяса, час ад часу апускае запэцканыя пальцы ў місу з вадою, якую паспешліва падносіць лёкай, што стаіць за крэслам. За спінаю княгіні, на сцяне - партрэт ейнага памерлага мужа, князя мазавецкага Конрада III Рудога. За сталом сядзяць прыціхлыя дзеці Ганны - падлеткі Станіслаў і Ян, а таксама іх старэйшыя сёстры Сафія і Ганна. Яны амаль не ядуць, намагаючыся схаваць спалох. Крэсла ля адной з талерак, справа ад гаспадыні, пустое, неахайна адсунутае. Той, хто мусіў там сядзець, фаварыт княгіні Анджэй Жэлінскі, прыгожы мужчына з нервовым капрызным тварам, узбуджана ходзіць па пакоі, падалей ад вокнаў. Некалькі лёкаяў ля сцен стаяць ціха, апусціўшы вочы, таксама спалоханыя, гатовыя ўцячы, як, відаць, зрабіла большасць прыслугі і ўсе прыдворныя. Карузлік у стракатым аксамітным уборы ў зялёна-чырвоныя ромбы, з велізарным карункавым каўнерам-жорнавам, раскладае на падлозе карты, ён адзіны, хто таксама, як і каралева, спакойны. Спалох прысутных зразумелы: праз вокны даносіцца гуд абуранага натоўпу, пагрозлівыя выкрыкі.

Ганна Мазавецкая ўладна звяртаецца да фаварыта:

- Сядзь, Анджэй. Трымайся, як належыць рыцару.

Той адказвае раздражнёна:

- Няхай прабачыць ваша княская... каралеўская мосць, але мне цяжка захоўваць спакой, чуючы, што мяне патрабуюць разарваць коньмі. А яшчэ, здаецца, пасадзіць на палю, спаліць... І што там яшчэ прыйшло ў галаву вашым... пачцівым падданым.

Ганна адказвае спакойна-насмешна.

- Мог меней красці, ваша мосць. Не абражаць маіх пачцівых падданых.

Анджэй Жэлінскі ўскідваецца.

- Вушам не веру! Ты раней так са мной не размаўляла.

Старэйшы з сыноў, Станіслаў, юнак з прыгожым, але разбэшчаным, абліччам стукае па стале даланёй, з нянавісцю глядзіць на каханка маці.

- А ты, Жэлінскі, забыўся, з кім размаўляеш?

Анджэй, хаваючы гнеў, кланяецца.

- Даруйце, ваша вялікасць.

Звон пабітага шкла. У пакой залятае арбалетная страла, застрае ў адным са страўсавых яек, што вісяць у адмысловых срэбных сетачках. Гуд раз’ятранага натоўпу ў пакоі ўзмацняецца. Чуваць, як дзесьці б’юць цяжкім у дзверы. Усе ўздрыгваюць, толькі Ганна Мазавецкая быццам не чуе, працягвае няспешна есці, ды карузлік раскладае ды зноў змешвае карты. Наверсе ўвесь час апынаецца карта “вісельнік”.

Жэлінскі спалоханы.

- Можа, варта кінуць ім костку? Пакажыцеся... Хоць з вакна. Паабяцайце, што выканаеце штось з іх патрабаванняў... Зменшыць падаткі...

Ганна не перапыняе абед.

- Я іх уладарка. Мусяць цярпець.

- Ваша вялікасць, гэта неразумна...

- Неразумна было зашмат дазваляць табе. Чаму я не слухалася брата свайго Юрыя...

Раптам крычыць на Жэлінскага.

- Сядзь!

Жэлінскі ўздрыгвае, пакорліва сядае, але кавалак не лезе яму ў рот.

Станіслаў Мазавецкі гнеўна азіраецца на вакно, за якім не сціхаюць крыкі.

- Пані маці, я магу...

- Не можаш.

Станіслаў хавае гнеў. Усе працягваюць моўчкі есці пад строгім паглядам уладаркі. Разбіваецца яшчэ адно вакно. Страўсавыя яйкі ўсё больш разгойдваюцца на тоненькіх ланцужках. У паветры кружляе чорнае пяро гругана. За вакном гук бойкі, крыкі натоўпу трохі аддаляюцца.