Раздаюцца паспешлівыя крокі. Шырока расчыняюцца дзверы. У пакой забягае задыханы слуга.
- Ваша вялікасць, ліст ад вашага брата! Голуб толькі што прыляцеў...
Ганна з нецярплівасцю ківае. Слуга падае ёй маленькую цыдулку. Княгіня
чытае, яе твар змяняецца ад нейкай злавеснай радасці. Усе, хто сядзіць за сталом, назіраюць за валадаркай з трывогай. Ганна заканчвае чытаць.
- Дзеці, пакіньце нас адных.
Усе паспешліва падымаюцца. Станіслаў Мазавецкі незадаволены.
- Ваша мосць, я цяпер паўналетні. Я князь Мазавецкі. Маю права...
Ганна ўладна перарывае:
- Ідзіце, мой сын. Што вам трэба будзе ведаць - я перакажу.
Станіслаў сыходзіць. Княгіня абводзіць паглядам слуг - тыя, спяшаючыся, выбягаюць за дзверы, карузлік пакідае на падлозе раскладзеныя карты. Наверсе - усё той жа Вісельнік і Дама Кубкаў. Жэлінскі запытальна глядзіць на каханку.
Ганна ўстае, хавае пераможную ўсмешку.
- Каралева памерла.
Жэлінскі пачціва хрысціцца, мармыча пацеры.
- Requiem aeternam dona eis, Domine, et lux perpetua luceat eis. Requiestcant in pace. Гэта зменіць нашы планы, мая пані?
- Так. Я стану каралевай Польшчы.
Анджэй у непаразуменні глядзіць на каханку.
- Ты звар’яцела?
- Жыгімонт Стары заўсёды паглядам мяне лашчыў. Ён любіць маё таварыства. Цяпер, калі я прапаную яму ў пасаг Мазовію... Бунтаўнікоў у крыві патаплю...
Анджэй у разгубленасці, хавае гнеў і страх.
- Што ты вярзеш?
Княгіня няспешна ходзіць па пакоі, разважае, нібы сама з сабою.
- Я слабая ці моцная... Слабая ці моцная... Барбара Запальянка не пакінула каралю спадчынніка. Жыгімонт ведае, што я магу нарадзіць дужых, здаровых сыноў. Я - Радзівіл. Браты падтрымаюць. Трон мой!
Жэлінскі падыходзіць, бярэ яе за плечы.
- Ганусю, а як жа я? Што з табой сталася? Дзе тая дзяўчынка, якую выдалі замуж за старога, брыдкага караля? Якую я аднойчы знайшоў у слязах на вежы і адаграваў яе рукі пацалункамі? З якой мы лічылі знічкі і ламалі бэз?
Анджэй асцярожна лашчыць Ганну, нібыта спрабуе прыручыць. На імгненне жанчына паддаецца, у рысах твару сапраўды праяўляецца тая юная дзяўчынка... Але зараз жа ўладарка вылузваецца з абдымкаў.
- Тая дзяўчынка памерла, калі сёлета няўчасна зазірнула ў альтанку за бэзам
Жылінскі збянтэжаны.
- Ганусю... Усё не так... Тая дурніца...
З-за вокнаў даносяцца выкрыкі “Жэлінскага на палю!”, “Адабраць у каралевы ўладу!”
Ганна абмервае позіркам Анджэя.
- Кінуць костку ім, кажаш...
Фаварыт здагадваецца, аб чым думае каралева, адступае ў жаху, закранае страўсавыя яйкі, адхінае іх рукамі, заблытваецца ў ланцужках.
1516 г. Кракаў. Звярынец каралеўскага палаца. Пад дрэвам, ля клеткі, у якой мітусяцца малпы, застылі трое: Юры Радзівіл Геркулес, Ян Радзівіл Барадаты, прыгожы мужчына з тонкімі рысамі твару і цёмнай бародкай, і каралеўскі святар Ян Ласкі. Мужчыны напружана сочаць за парай, якая прагульваецца між клетак: Жыгімонт Стары і Ганна Мазавецкая. Нават здалёк чуваць звонкі смех Ганны, і заўважна, як зацікаўлены ёю кароль.
Ян Ласкі задаволены.
- Яго вялікасць прыслухаўся да маіх парадаў. З усіх кандыдатак Ганна Радзівілянка - першая.
Ян Барадаты не спяшаецца радавацца.
- Каб не сарвалася...
Геркулес прамаўляе з незразумелай тугою:
- Наша сястра - як салодкая мальвазія. Немагчыма адмовіцца, немагчыма не ап’янець. Жыгімонт ажэніцца.
Ласкі трывожна азіраецца на братоў.
- Паны абяцаюць, што з Жэлінскім скончана?
Геркулес ківае галавою.
- Скончана. Будзьце пэўныя, ваша правялебнасць.
Малпы кідаюцца на прэнты, трасуць іх, мітусяцца, адбіраюць адна ў адной ежу, штурхаюцца... Зусім як удзельнікі прыдворных інтрыгаў.
Ганна Мазавецкая і кароль стаяць каля клеткі з ільвом. Ганна фліртуе з Жыгімонтам, кароль не адводзіць ад яе вачэй.
- Я чытала ў бестыярыі, што леў - адзіны са звяроў, хто можа глядзець на сонца, не міргаючы...
Жыгімонт падхоплівае гульню.
- А з птушак такой якасцю валодае арол. Сімвал вашага роду.
Кароль падносіць да вуснаў руку Ганны. Тая гладзіць вольнай рукою
свой медальён.
- Арол - мой знак... Леў - сімвал караля... Абодва не баяцца глядзець на сонца...
Жыгімонт пазірае ў вочы жанчыны.
- Яны шмат змогуць разам.
Ганна ўсміхаецца з абяцаннем.
- Несумненна. Я веру, што ў вашай вялікасці хопіць мудрасці... Пад вашым апякунствам, вядома... Але пакінуць у Мазовіі згодна звычаям кіраваць апошняга Пяста, майго сына. Як магутны леў, вы дапаможаце ўтаймаваць бунтаўнікоў, што насмеліліся выступіць супраць сваёй уладаркі... Я дам спіс... Дваццаць завадатараў трэба пакараць горлам... Думаю, плаха - найлепш... Сорак тры вартыя ганебнага слупа.