- Я заўсёды на тваім баку. Мы - Радзівілы.
Палац Радзівілаў. Застолле з нагоды перамогі над тэўтонцамі. Гучаць выкрыкі “Віват Геркулесу, гетману польнаму!”, “Віват ягонай мосці канцлеру Мікалаю!” Грае музыка, скачуць блазны. Усе тры браты Радзівілы тут, вясёлыя, упэўненыя. Ганна Мазавецкая побач з Юрыем Геркулесам. На яе час ад часу нядобразычліва касавурыцца Барбара Кола, жонка Геркулеса.
Мікалай Радзівіл дэманструе ўсім двузубы відэлец.
- Уявіце сабе, гэтая італьянка прывезла з сабою цэлую скрыню гэткіх д’ябальскіх вілаў і змушае ўсіх есці з іх дапамогай!
Ян Барадаты падхоплівае здзек:
- Відаць, гэтая смешная прылада нагадвае ёй пра месца, адкуль яе ўзялі - чысцец, дзе грэшнікаў поруць віламі.
Госці гучна смяюцца. Мікалай Радзівіл насмешліва збіраецца прадэманстраваць, як карыстацца нязвычнай прыладай. З удаванай цяжкасцю, пад ухвальны смех, наколвае на відэлец кавалак мяса. Кладзе ў рот з блазенскімі штукарствамі, пражоўвае.
Раптам яго вочы спыняюцца, дыханне пераймае. Рука выпускае відэлец, які са звонам знікае пад сталом. Канцлер падае тварам на талерку. Яго рука ўздрыгвае, на ёй праяўляюцца чорныя плямы.
Радзівіл Геркулес кідаецца да брата, спрабуе прыўзняць... На талерку апускаецца чорнае пяро гругана.
У пакоі страшэнна надымлена - паляцца араматычныя свечкі. У ложку пад пышным балдахінам нерухомы бледны чалавек з чорнай барадой, тонкія рысы твару. Ён закрыты да падбароддзя шчыльнай парчовай коўдрай. Гэта мёртвы Ян Радзівіл па мянушцы Барадаты. Чаляднікі стаяць наводдаль, час ад часу заціскаючы насы. Жонка нябожчыка ўкленчыла і плача, ля яе двое маленькіх дзяцей - Мікалай Радзівіл Чорны і яго сястра Сафія. Да ложка хуткімі цяжкімі крокамі падыходзіць Юрый Радзівіл Геркулес.
- Падыміце коўдру.
Слуга нясмела пярэчыць:
- Ваша мосць, не варта... Смурод...
Радзівіл Геркулес гнеўна сціскае сківіцы.
- Адкрыць!
Двое слуг неахвотна набліжаюцца, хрысцяцца, адварочваюцца ад нябожчыка, адхінаюць коўдру... Геркулес рашуча адштурхоўвае іх, разрывае на грудзях памерлага брата кашулю, бачыць чорныя плямы на скуры. Дастае з-пад ягонай спіны нешта цёмнае... Круціць у руках... Гэта пяро гругана. Ламае яго, кідае на падлогу і хуткім крокам сыходзіць.
Кракаў. Каралеўскі палац.
Бона сядзіць у крэсле, захутаная ў футра. Яна цяжарная. Каля яе - Луіджы Сфорца. Перад Бонай, пакорліва схіліўшы галаву, стаіць прыгожая дзяўчына. Каралева кідае словы, як міласціну.
- Назавіся.
Дзяўчына намагаецца стрымаць спалох.
- Катажына Радзяеўская, ваша мосць. Плоцкая ваевадзянка.
Вечны Інквізітар холадна ўдакладняе:
- Пазашлюбная дачка ваяводы плоцкага. Нядаўняя прыдворная дама княгіні Мазавецкай.
Бона ўладна глядзіць на госцю:
- Гэта праўда, што Ганна цябе выгнала з-за любошчаў са сваім сынам?
Катажына ўздрыгвае:
- Як перад Богам - нічога ганебнага я не дазволіла...
Бона перабівае.
- Бастардка. Жабрачка. Хочаш узняцца - дазволіш усё. Пакруціся... Хачу цябе лепей разгледзець.
Катажына, трохі збянтэжыўшыся, паварочваецца. Бона глядзіць ацэньваюча.
- Расшпілі сукенку.
Катажына разгубленая. Вечны Інквізітар падыходзіць, уладна расшпільвае карсаж, агаляе дзяўчыну да пояса, не выяўляючы ніякага мужчынскага інтарэсу. Бона аглядае яе халодным позіркам.
- Што ж, тваё цела дастаткова прыгожае. Пастарайся зачараваць сыноў Ганны, апошніх Пястаў. Мы дамо табе такую магчымасць.
Катажына паспешліва апранаецца.
- Абаіх, ваша вялікасць?
- Абаіх.
Вечны інквізітар абыякава глядзіць на прыгажуню.
- Будзеш выконваць усё, што скажам. Ці памрэш.
Катажына пакорліва схіляе галаву.
Макуў-Мазавецкі. Палац князёў Мазавецкіх.
Цёмны пакой. Гарыць у падсвечніку на стале самотная свечка.
Ганна Мазавецкая нерухома сядзіць за сталом, усыпаным перамяшанымі картамі Таро. Глядзіць у люстэрка, якое вісіць перад ёю на сцяне. Твар адбітка здаецца злавесным, у пачварных цёмных плямах. Ганна моўчкі здымае з сябе медальён у выглядзе арла, кладзе на стол. Адпівае віно з кубка. Адбітак у люстэрку зусім страшны, мёртвы.
Перад палацам князёў мазавецкіх - расталы снег, перамяшаны з брудам. Юры Радзівіл моўчкі глядзіць, як выносяць з брамы труну, ставяць на багата аздоблены катафалк. На зямлі ў падталым снезе застаюцца чорныя сляды. Крычаць вароны.
- Стойце...
Радзівіл падыходзіць да труны. Там ляжыць ягоная сястра. Юры гладзіць сястру па шчацэ, кранае валасы. Заўважае пад падушкай, на якой ляжыць галава нябожчыцы, нешта чорнае. Гэта пяро гругана. Геркулес, спяшаючыся, бярэ мёртвую руку, адцягвае рукаў - на белай скуры нябожчыцы чорныя плямы.