Спачывальня. Гараць свечкі. Побач з ложкам з балдахінам - столік, застаўлены рэшткамі добрай вячэры: графін з рэшткамі віна, пустыя кубкі, талеркі. На ложку - малодшы сын Конрада Мазавецкага Ян, на ім аголеная Катажына Радзяеўская плаўна рухаецца ў танцы кахання.
У пакой заходзіць старэйшы брат Яна Станіслаў Мазавецкі, пабліжаецца да парачкі, якая займаецца любошчамі, з сілай тузае Катажыну за валасы, так, што тая звальваецца з ложка.
- Ты, брат, вырашыў даядаць за мной недаедкі?
Ян ускоквае з ложка.
- Не твая справа!
- Маці памерла, думаеш, ніхто над табой больш не ўладны?
Станіслаў паварочваецца да Катажыны:
- А ты, самадайка, не змагла мяне акруціць, узялася за малодшага? Зараз загадаю адрэзаць нос і выкінуць голай на вуліцу!
Аднак на здзіўленне дзяўчына ні на імгненне не палохаецца.
- Не варта гневацца, што ў маім сэрцы - Ян, а не вы.
Ян захінае сабой каханку, пагрозна глядзіць на брата:
- Паспрабуй толькі! Я не цікаўлюся, хто ў тваім ложку, Стась, і ты не лезь у мой.
Нейкі час браты мераюцца позіркамі. Катажына злосна ўсміхаецца. Станіслаў разумее, што брат гатовы на ўсё, каб абараніць каханку.
- Дурань.
Станіслаў сыходзіць. Катажына пяшчотна абдымае Яна, шэпча яму на вуха.
- Ты будзеш лепшым каралём!
1526 г. Замак Радзівілаў у Дубінках. Фехтавальная зала.
Юры Геркулес у ятрасці камечыць атрыманы ліст, шпурляе на каменную падлогу. Хапае з падстаўкі меч і пачынае апантана біць па саламяных манекенах. Спыняецца, прыхіляецца галавой да манекена, спрабуе стрымаць плач.
- Вось і апошняга сына твайго няма, Ганна...
Апусцелая зала палаца князёў Мазавецкіх, дзе калісьці палуднавала княская сям’я. Пабітыя слюдзяныя вокны. Гайдаюцца на ланцугах страўсавыя яйкі. Амаль усе яны таксама пабітыя. Падлога з чорна-белых плітак засмечана. Мэбля вынесена. Няма стала, няма крэслаў. Толькі партрэт Конрада ІІІ змрочна паглядае са сцяны. Перарваўся род Пястаў.
Пасярод пакоя на падлозе сядзіць карузлік у трохі выцвілым уборы з зялёна-чырвоных атласных шматкоў і раскладае на плітах карты. Адну за другой пераварочвае выявы тварамі ўніз. Апошняя карта застаецца - Смерць.
- Шасцёра з нашага роду, Магнус. Ужо шасцёра. Каб не ты - было б больш...
Юры Геркулес тужліва ўглядаецца ў выяву чорнага арла. Лекар Магнус задумліва ківае:
- Я абавязаны вам жыццём, ваша мосць. Зраблю ўсё, каб у вашай сям’і не здарылася наступнай смерці ад атруты.
Варакса, стаіўшыся ля дзвярэй кабінета Магнуса ў каморцы, заваленай лабараторным рыштункам, трымае ля вуха нейкую дзіўную прыладу з мосенжу - відаць, тое самае штучнае вуха, ад яго цягнецца нейкі шнур да сцяны. Ясна, што вынаходнік падслухоўвае гаворку ў кабінеце. Пачутае моцна ўражвае яго, хлопец жахаецца, хрысціцца.
Ганна і Барбара крадма, схаваўшыся за кустамі, назіраюць, як гайдук Сымон Жух ля стайні б’е бізуном Міхала, які ляжыць на адмыслова прыстасаванай для пакарання слуг лаўцы, прывязаны за рукі. Міхал церпіць, сціскаючы вусны.
Сымон Жух прыгаворвае:
- Бацька, светлай памяці Гальяш Рашчынскі, табе б яшчэ не так усыпаў. Колькі казаў табе, Міхал - не знайся з княжычамі. Будзь падалей. Не роўня яны табе.
Барбара цягне Ганну прэч, тая адмоўна круціць галавой. Дзяўчынка сама не можа зразумець, што ў гэты момант адчувае - можа, трохі грэблівую цікаўнасць, як да той мёртвай вароны, можа, трохі шкадобы, але найперш - такое прыемнае пачуццё ад усведамлення, што хтось гатовы за яе пакутваць. Паўз месца пакарання праязджаюць на конях браты Руды і Чорны.
Мікалай Чорны кідае позірк туды, дзе б’юць Міхала.
- Ведаеце, ваша мосць, мой брат, калі выправімся на вайну, я б раіў вам узяць за збраяносца Міхала Рашчынскага.
Руды не звяртае ўвагі на экзекуцыю:
- Таго, што за княгіняй малітоўнік носіць? З чаго б? Мядзведзь пушчанскі...
Мікалай Чорны прамаўляе з горыччу:
- Мала верных людзей, пан брат. Да канца адданых, да смяротнай чашы. Калі б ля бацькі майго такія былі, ён жыў бы.
Руды здзіўлена паціскае плячыма - ён не разумее, пра што такое складанае гаворыць стрыечны брат. Яму хочацца аднаго - волі і славы.
Ён прыспешвае каня. Чорны даганяе яго. Яны імчаць у поле, Руды і Чорны, над імі кружляюць арол і груган.
Ганна і Барбара бегма вяртаюцца ў свой пакой. На выхадзе з саду іх заўважае Юры Геркулес.
- Падыдзіце.