Штуршкі да ўзнікненьня сучаснай беларускай літаратуры далі якраз палякі, што ня ёсьць нейкім нашым фэномэнам. Гісторыя народзінаў новых літаратур у Эўропе поўная ад аналягічных прыкладаў: фінскую анімавалі швэды, латвійскую — немцы, і гэтак далей. У пэрыяд распаду Рэчы Паспалітай жыў у мястэчку Сянно на Гарадзеншчыне польскі манах Караль Антоні Жэра, ураджэнец мазавецкага засьценка Тварогі-Выпыхі ў Бельскім павеце. Адукацыю праходзіў у Драгічыне над Бугам, потым у Пінску. Зьбіраў анэкдоты, якія часта перарасталі ў літаратурныя апавяданьні на народнай гаворцы беларусаў. Склаў ён зь іх рукапісны зборнік пад загалоўкам Безьліч рэчаў, торба сьмеху, гарох з капустаю, а кожны сабака з другой вёскі... Гэтую кніжыцу перапісвалі сабе зацікаўленыя асобы й вандравала яна па Беларусі ў розных копіях, выклікаючы рогат, але й задуменьне. Памёр Жэра недзе пасьля 1798 году, пражыўшы за пяцьдзесят гадоў.
Зьявіўся й беларускі драматург, паляк Каятан Марашэўскі, прафэсар рыторыкі й паэтыкі Забельскай Дамініканскай Калегіі ў Падзьвіньні, аўтар Камэдыі, пастаўленай у 1787 годзе ў мясцовым школьным тэатры. Ён добра арыентаваўся ў моўнай сытуацыі ў Беларусі ў канцы XVIII стагодзьдзя. Пішучы на дзьвюх мовах — польскай і беларускай — знакаміта адлюстраваў адметную рысу гэтага двухмоўя, калі палякі беспраблемна разумелі беларусаў, а беларусы — палякаў.
Неблагія беларускія лірычныя вершы складаў Яахім Літавор Храптовіч, які ў сталыя свае гады заняў высокі пост падканцлера Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з самых інтэлігентных дзеячаў эпохі, застаўся Храптовіч у нацыянальнай памяці як будаўнік адраджэньня велічы Літвы, яе мысьліцель і дзяржаўны дзеяч, пра якога з сымпатыяй выказваўся сам Вальтэр. Вялікае Княства рушылася да ўздыму — паўставалі мануфактуры й эканоміі, капалі каналы між Прыпяцяй і Нёманам, каб ажывіць міжнародны гандаль на Чорнае мора й Балтыку. Усё рухалася да лепшага: перабудоўваліся гарады, праводзіліся навуковыя й тэхнічныя досьледы, вырастаў на славу Віленскі Ўнівэрсытэт. Мала каму тады прыходзіла ў галаву, што зноў набліжаецца небясьпека, упадак Рэчы Паспалітай і ваенныя кампаніі, ад якіх не бывае дабра. ХІХ стагодзьдзе пачалося для Беларусі чарговымі спусташэньнямі.
11. Беларусы
Гледзячы на мапу падзелаў Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, відаць, што Расея, у прынцыпе, зьдзейсьніла толькі сваю адвечную патрэбу ліквідаваць Вялікае Княства Літоўскае, нават уступіўшы для нямецкай Прусіі кавалак ягонае тэрыторыі на ўсход і поўнач ад Беластоку, амаль дакладна да лініі сёньняшняй дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай і Беларусяй. І хоць тую дробную памылку імпэратрыцы Кацярыны ІІ паправіў празь дзесяць зь лішнім гадоў пасьля ейны ўнук Аляксандар І, пакарыстаўшыся разгромам войскамі Напалеона Прускага Каралеўства, аднак таго кароткага пэрыяду цалкам хапіла на ўзьнікненьне пачаткаў беларускага руху, нацыянальнай думкі. Вязалася гэта з супрацівам лацінізацыі Вуніяцкай Царквы Замойскім сынодам у 1720 годзе — з аднаго боку — і з жывою ідэяй аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага як дзяржавы з дамінуючым вуніяцкім веравызнаньнем — з другога боку.
Бэрлін выразна ўбачыў у гэтым уласныя палітычныя інтарэсы, дабіўшыся ў Ватыкане згоды дзеля арганізоўваньня на Беласточчыне самастойнае вуніяцкае эпархіі зь сядзібаю ў манастырскай Супрасьлі. Хутка зразумелі тое ў Санкт-Пецярбурзе, дзе толькі чакалі нагоды, каб далучыць да імпэрыі Беластоцкую акругу ды затаптаць у ёй зарунеўшую самасьвядомасьць беларусаў. Расея разыгрывала польскую карту, на першы выгляд, парадаксальна, узмацняючы палянізацыю Беларусі, каб прыцягнуць да сябе сымпатыі палякаў, што апынуліся пад уладаю Прусіі ды ды Аўстрыі — захопніцкіх дзяржаваў, якія спачатку ўзялі курс на татальную германізацыю былога Польскага Каралеўства. Цар цэліўся прасунуць свае межы глыбей у Эўропу — за Кракаў і Познань.
Пачынальнікамі беларускага адраджэньня ў наважытным сэнсе сталі менавіта прафэсары Віленскага Ўнівэрсытэту — паповічы з Супраскай эпархіі — Міхайла Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Ігнат Анацэвіч, Платон Сасноўскі, Язэп Ярашэвіч. Пакінулі яны трывалы сьлед у навуцы, будучы людзьмі шырокіх гарызонтаў (напрыклад, Баброўскі пабываў у важнейшых акадэмічных цэнтрах Эўропы: у Вене, Празе, Рыме, Парыжы). Палянізацыя зайшла аднак настолькі далёка, што й тыя герольды беларускасьці карысталіся ў прыватным жыцьці пальшчызнаю, трактуючы яе як нешта пераходнае, пакуль незаменнае беларушчынай. У сваіх ідэалягічных плянах яны трапна арыентаваліся на сялянаў і дробнае мяшчанства, якое трэба было яшчэ падрыхтаваць асьветнай дзейнасьцю да намеранай гістарычнай ролі. Але, як доўга мужык ня меў свабоды й адрабляў паншчыну свайму шляхцічу, мары пра Беларусь і росквіт яе культуры заставаліся гожымі мроямі. Паміралі будзіцелі ў роспачы, беднасьці, забыцьці, хаваныя самотна, адпетыя п’яным дзяком. Даніловіч не перанёс трагедыі й звар’яцеў. Час паспрыяў беларусам ажно ў пачатку ХХ стагодзьдзя, калі панскі двор перастаў быць уладаром над вёскаю; урэшце сканаў фэадалізм.