Выбрать главу

I Ян Баршчэўскі, і Ян Чачот, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і Аляксандар Рыпінскі, пра якога пагаворым яшчэ, і цэлы шэраг творцаў беларускага мастацкага слова за ўсе тры чвэрці ХІХ стагодзьдзя маглі быць няйначай як дзяцьмі панскае Польшчы, выхаванкамі яе фэадальнай культуры, а на сваю беларускую творчасьць глядзелі як на шчырую, сардэчную спагаду да паняволенага просталюдзіна, як на выказваньне імі голасу душы ягонае. Характэрнае прытым, што творчыя здабыткі, таксама й Марцінкевіча, сталі шырока вядомымі як быццам па часе — у пэрыяд народзінаў нашага нацыянальнага руху пасьля 1903-1905 гадоў. Пры іх жа памяці ўсё тое валялася ў шуфлядах з рукапісамі, зрэдку толькі друкавалася ў нейкім элітарным зборнічку... Так родзіцца немаўля, несьвядомае спачатку свайго існаваньня.

15. „Мяцеж”

Беларускія парадоксы прынялі цяжка растлумачальныя, пакручастыя формы акалечанага дрэва ад таго гістарычнага моманту, калі гэты ўсходнеславянскі народ узьяднаўся ў адной дзяржаве з заходнеславянскімі палякамі. Усход перакрыжаваўся з Захадам, утвараючы новую якасьць, над якою па сёньняшні дзень ламаюць сабе галовы вучоныя мужы. Цікавы й загадкавы вынік сымбіёзу культураў, мэнталітэтаў, шляхоў зь мінулага. Ад заняпаду старажытнабеларускай Літвы, якая ахоплівала й неславянскія тэрыторыі ў Прыбалтыцы, да ўзьнікненьня асобнае Беларусі прамінуў век „з гакам”. Страта дзяржаўнасьці, відаць, ня толькі замарудзіла фармаваньне нацыянальнай сьвядомасьці ў народзе, але й зьмяніла грамадзкую базу яе — эліта канчаткова паддалася палянізацыі ў час інтэнсыўнага пашырэньня асьветы пад эгідаю Віленскага Ўнівэрсытэту пры імпэратары Аляксандры І. Шляхоцкая моладзь масава пайшла ў школы, апранулася ў гімназійныя альбо студэнцкія мундзіры. Ян Чачот, з тыповым яму сэнтымэнтальным жалем, прыгадваў, што толькі старыя любяць пагутарыць па-свойму, з чаго кпяць іхныя дочкі й сыны. Гэта добра вядомы нам і цяпер мэханізм асыміляцыі, адыходу гэтым разам сялянскіх дзяцей ад роднай мовы, што пагражае наогул сьмерцю беларускай нацыі... Назіраючы за сёньняшнім працэсам зьмяншэньня колькасьці беларусаў, можна зразумець, адчуць настроі ды атмасфэру ў памешчыцкіх дворыках — адбывалася ў іх дакладна тое самае: дэградацыя беларушчыны, адсоўваньне яе ў непатрэбшчыну. Маладым, зь ціхай згоды бацькоў, самым важным было, каб матэрыяльна забясьпечыць патомства. А дух — ня хлеб, не наясіся ім. Ідэя аднаўленьня самастойнай Літвы ў саюзе з Польшчаю апошні раз мільганула ў Студзеньскае паўстаньне, у народніцкай ідэалёгіі тайнага дыктатара Кастуся Каліноўскага, ягонай кіраўнічай групы. Выкрываючы ашуканскі характар ліквідацыі царскім урадам паншчыны, выступаючы за тое, каб селянін атрымаў разам з асабістай свабодаю таксама й зямельны надзел бяз выкупу ў пана свайго, каліноўшчыкам удалося крыху прыцягнуць да бунту вясковы элемэнт. Таму славуты „мяцеж” у нашай старонцы грымеў даўжэй і з большым размахам, чым у самой Польшчы, дзе падалася ў лес выключна шляхта й блізкая ёй гарадзкая інтэлігенцыя, ставячы галоўнай мэтай адваяваньне колішняе Рэчы Паспалітай. Паншчынны мужык, натуральна, ня верыў людзям з двароў, нават і беларускамоўнай прапагандзе ў падпольнай газэтцы пад назваю „Мужыцкая Праўда”, друкаванай штабам Каліноўскага. Паўстаньне захліснулася, як панскае, а не ўсенароднае. Прынесла яно ўсё ж некаторую лібэралізацыю ў сацыяльнай палітыцы царызму ў беларускіх ды польскіх губэрнях. У выніку тых жа рэпрэсіяў стварыла нечуваную раней сытуацыю: беларус перастаў лічыцца своеасаблівым гатункам паляка; афіцыйныя агітатары ўгаворвалі яму нешта адваротнае — што ён спакон вякоў уяўляе сабою заходнюю разнастайнасьць расейскае народнасьці. Паміж Масквою й Варшаваю разгарэлася барацьба за ягоную, вызваленую ад прымусу бізуна, душу. Месца адступаючых польскіх уплываў, адміністрацыйна адштурхоўваных назад, займалі расейскія душаловы, што не магло не закончыцца нейкім трэцім самаўсьведамленьнем. За дзесяць гадоў да нелегальнага зьяўленьня першых кніжак Францішка Багушэвіча, але ў тыя ж дзесяць гадоў пасьля павешаньня сатрапамі ў Вільні згаданага Кастуся Каліноўскага даходзіць да пачатковых фармулёвак менавіта беларускага нацыянальнага руху, да арганізацыі Беларускай партыі ў рамках слыннай тады „Народнай Волі”, напісаньня й апублікаваньня праграмы ўстанаўленьня Беларускага Народу й яго Дзяржавы на пераломе сямідзесятых й васьмідзесятых гадоў ХІХ стагодзьдзя, трыццаць гадоў ад скананьня Яна Чачота, але яшчэ пры жыцьці Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, пра якога ведаў згаданы ўжо іншы пясьняр, Аляксандар Рыпінскі.