Выбрать главу

У самюткі канец XIX cтагодзьдзя быў праведзены першы ўсерасейскі перапіс насельніцтва, які выявіў нешта мала кім прадчуванае, гэта значыць, пашырэньне ў народзе беларускай сьвядомасьці. Расейцамі назвалі сябе прыежджыя з глыбіні імпэрыі й частка гімназійнай інтэлігенцыі; у палякі падаліся амаль выключна ўласьнікі й набліжаныя да касьцельнае службы. Да распаўсюджаньня пальшчызны ў каталіцкіх масах простанародзьдзя дайшло крыху пазьней і, як не дзіўна на першы погляд, адбылося тое зь лёгкае рукі антыкаталіцкае палітыкі царскага рэжыму. Трапна падгледзеў гэта ды апісаў Францішак Багушэвіч у творы Хрэсьбіны Мацюка, у якім чытаем знамянальнае заканчэньне: О так то хрысьцілі мяне казакі з тутэйшаго ды ў палякі!

З пачаткам нашага веку Расея перажывала бурлівы эканамічны росквіт, але й палітычную катастрофу, накшталт колішняй Крымскай вайны, а менавіта, пройгрыш у канфрантацыі зь Японіяй у гадох І904-1905. Нечуваны разгром вялізнае арміі ды флёту ў вайне зь ігнараваным далёкаўсходнім праціўнікам выклікаў шок; зьмякчэньне затым ціску ўлады было непазьбежным, паліцэйскі тэрор на нейкі пэрыяд быў заменены нечым на падабенства дэмакратызацыі. Зьнялі „пячаці сьмерці” зь беларускага друкаванага слова й схавалі бізун, якім шпарылі кожнага, хто спрабаваў ладзіць сякую-такую арганізаванасьць у беларускім духу. І літаральна ў адзін міг, праз год-паўтара, падалі свой голас перад усімі народамі беларускія арганізацыі, выдавецтвы, газэты, часопісы. Здарыўся проста цуд уваскрашэньня народу, затаптанага мінулымі, непрыхільнымі яму, вякамі. Зазьзялі зоркі нацыянальных геніяў: найперш Янкі Купалы й Якуба Коласа; затым незабыўнага Максіма Багдановіча, першага — дарэчы сказаць — наважытнага беларускага пісьменьніка, які не адчуваў патрэбы хавацца за псэўданімам альбо распыльваць свае вершы па небеларускіх выданьнях.

Зьявілася група маладых будзіцеляў, якія ўчынілі ўсё, што трэба, каб ажыў народ. Браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Казімір Кастравіцкі, Вацлаў Ластоўскі, Францішак Стацкевіч, Аляксандар Уласаў, Францішак Умястоўскі, Алаіза Пашкевічанка, Алесь Бурбіс і іншыя. На базе культурна-асьветніцкіх гурткоў Вільні, Горадні, Менску стварылі яны ў 1902 годзе сакрэтныя структуры са сьціплым назовам Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. Наўрад ці трэба сумнявацца ў тым, што менавіта ў гэтым асяродзьдзі было ініцыявана надрукаваньне ў 1903 годзе выбраных твораў Янкі Лучыны пад загалоўкам Вязанка — памятайма — першай легальнай беларускай кніжкі, якая, відавочна, паслужыла ім спробаю на рэакцыю царызму, дагэтуль надта заядлага ў сваёй антыбеларушчыне. З выхадам тае ж Вязанкі дынамізаваўся нацыянальны рух. Згаданая Грамада з досыць млявага ўтварэньня ажывілася да маштабнай нармальнай партыі, пераназваўшыся ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. На яе глебе потым вырасла ўся Маладая Беларусь.

Дзеля гістарычнай праўды трэба адзначыць, што пераход беларускасьці з культурніцтва ў палітычнасьць, з этнаграфічнасьці ў нацыянальнасьць адбываўся пад значным уплывам польскага сацыялістычнага руху, у якім празь некаторы час прымалі ўдзел будучыя дзеячы ды ідэолягі Белай Русі. Сам Юзэф Пілсудскі ўспамінаў пра наладжваньне ім кантрабанды праз аўстрыйскі кардон у Расею выданьняў Францішка Багушэвіча.

21. Квітненьне

XIX стагодзьдзе бяз рэшты ў Белай Русі працавала на тое, каб у пачатку ХХ змог выступіць арганізаваны й сьвядомы сваіх мэтаў нацыянальны рух беларусаў, як апошні сярод народаў. Узьнікненьне арганізацыяў і газэтаў на роднай мове зьявілася тым гістарычным пераломам, ад якога Беларусь ужо не жыла як паслухмяная калёнія. Даволі распаўсюджаная думка ўсё ж, што трэба гэта зьвязваць зь першай расейскай рэвалюцыяй І905 году. Аднак у сапраўднасьці ўсё адбывалася далёка ня так, хоць значэньне таго славутага закалоту ў імпэрыі, вядома, цяжка недацаніць.

Менавіта ў 1902 — нагадаю — годзе, калі царская ўлада трымалася зусім моцна й самаўпэўнена паводзіла сябе паліцыя, дайшло да стварэньня сакрэтных структураў, зь якіх неўзабаве вырасла слаўная потым Беларуская Сацыялістычная Грамада. Канчаткова аформілася яна ў тайную партыю ў месяцы сьнежні 1903 году. Варта заўважыць, што зрабіла гэта наступнае пасьля народнікаў пакаленьне, можна сказаць, дзеці заснавальнікаў „Гоману”, аўтараў праграмы будаваньня Беларускага Народу й Беларускай Дзяржавы. За той дваццацігадовы адрэзак часу выдаў свае закансьпіраваныя кніжкі Францішак Багушэвіч, бацька моўнага патрыятызму ды будзіцель народных масаў. Пусьціла карані родная літаратура, жывячыся традыцыямі вялікага мінулага і, адначасова, надзённымі справамі чалавека на гэтай занядбанай зямлі.