Выбрать главу

У такіх умовах „Наша Ніва” зьявілася быццам бы ворганам перабудовы сельскай гаспадаркі з фэадальна раздробленай у буйнадваровую, зь беднай у заможную. Зьмяшчала — даволі густа — агранамічныя й вэтэрынарныя парады. Але ня толькі. Запамяталася яна нам як газэта, у якой расла й высьпявала новая наша літаратура, запаветная пасьля Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Гурыновіча, Абуховіча-Бандынэлі, Лучыны-Неслухоўскага. Як паведамляюць гісторыкі, за адны пачатковыя тры гады існаваньня гэтага векапомнага тыднёвіка было надрукавана ў ім каля дзевяцісот карэспандэнцыяў з амаль паўтысячы вёсак і мястэчак, і 246 вершаў 61 паэта, 91 апавяданьне 36 празаікаў. Упершыню пабачылі сьвет на яго старонках творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, і практычна ўсіх іншых, што садзейнічала прафэсіяналізацыі літаратуры й сумежнай зь ёю творчасьці, напрыклад, літаратуразнаўства й тэатру. Гэтыя словы зьяўляюцца ўсяго толькі намёкамі на фундамэнтальнае ў зьдзяйсьненьнях нашаніўцаў, аб працы якіх можна гаварыць бясконца. Рэдакцыя й ейны актыў замянялі літаральна ўсё, чаго не было: беларускую дзяржаўнасьць і беларускую веру, беларускую школу й беларускі ўніверсітэт, Беларускую Акадэмію Навук і беларускую гістарычную памяць.

Людзі, што працавалі ў ёй, мелі шырокі сьветапогляд і шматбаковае выхаваньне. Паходзілі зь сем’яў найчасьцей з польскімі культурнымі традыцыямі і, заканчваючы расейскія школы, самі прабіваліся да ўласных беларускіх каранёў. Таму былі яны асобамі з надзвычай моцнымі ды самабытнымі характарамі, якія бываюць на пераломе эпохаў. Як у першапраходцаў.

23. Абуджэньне

Гісторыкі, акрамя камуністычна-расейскіх ды іхных інтэлектуальных халуёў, падкрэсьліваюць унікальнае значэньне „Нашай Нівы”, слушна разглядаючы яе ў кантэксьце ўнівэрсальных мэханізмаў нараджэньня нацыі. Але, чамусьці, бракуе ім глыбейшай рэфлексіі, хаця б па аналёгіі з суседнімі нацыянальнымі рухамі, што гэтая газэта выйшла ў Беларусь на адно пакаленьне запозна. Яна павінна была зьявіцца адначасна зь першай хваляй вольных сялянаў, гэта значыць, у васьмідзесятыя гады ХІХ стагодзьдзя. Пра тое, што гэта было магчымае, сьведчыць утварэньне аўтаномнай Беларускай партыі ў рамках „Народнай Волі”, а перш за ўсё існаваньне ў 1884 годзе падпольнага часопіса „Гоман” („Гомон”), на старонках якога, як вядома, упершыню была сфармуляваная ідэя Беларускага Народу й Беларускай Дзяржавы. Былі й іншыя друкі, праўда, аднаразовыя, аказійныя, пра якія я згадваў ужо раней.

Лёгка можна заўважыць: у нармальным фармаваньні палітычнай і культурнай беларушчыны перашкодзіў як імпэрскі тэрор, гэтак і само разьмяшчэньне этнічнага арэалу Беларусі ўнутры царства, што не дапускала зацікаўленьня ім з боку мяжуючых з Расеяй Нямеччыны й Аўстра-Вэнгрыі. Трэба памятаць, што нават кароткае, бо ўсяго да 1807 году, знаходжаньне Беластоцкай акругі ў складзе Каралеўства Прусіі выклікала працэс беларускай самасьвядомасьці, у скарочаным варыянце названы „радзінай паповічаў” у структуры арганізаванай немцамі вуніяцкай Супраскай эпархіі. А пры нагодзе цікава заўважыць, што разгар нацыянальнага духу ў народаў, захопленых Расейскай Імпэрыяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, адбываўся не ад цёмнага ўсходу, але ад захаду: украінцы падалі свой голас не ў падрасейскім Кіеве, а ў падаўстрыйскім Львове; летувісы-у паднямецкім Тыльзыце ды ў Клайпэдзе, а беларусы — у Супрасьлі пад Беластокам, у цэнтры немалога на той час асьветніцка-культурнага маштабу... Гэта натуральнае, таму што самая ідэалёгія нацыянальнасьці ёсьць абуджэньнем уласных сілаў ды вызваленьнем з?пад чужое залежнасьці свайго лёсу дзеля лепшай будучыні.

Аднак варта зьвярнуць увагу таксама на іншы аспэкт агульнай сытуацыі ў дзяржаве, разьвіцьцё якой пайшло ў некарысным нашай Айчыне напрамку, у чым відаць — свайго роду парадаксальны — удзел і саміх беларусаў. На ўвазе маецца забойства ў 1881 годзе імпэратара Аляксандра ІІ, таго самага „цара-вызваліцеля”, якога сяляне ўшаноўвалі за ліквідацыю дзікага прыгону, а фактычна — рабства, калі пан меў права ўчыніць з мужыком ды яго сям’ёю абсалютна ўсё, што яму толькі задумалася. Аляксандраўскія рэформы паглыбляліся далей: гэты асьвечаны валадар імкнуўся далучыць Расею да эўрапейскага стандарту, разумеючы, што інакш пагражае ёй упадак. Так і здарылася: прайграная вайна з малой Японіяй у гадох 1904-1905, затым зь Нямеччынай і — як наступства гэтага — бальшавіцкі пераварот, ізаляцыя краіны ў сьвеце. Рыхтавалася канстытуцыйная манархія, добраахвотнае абмежаваньне сувэрэнам сваёй улады, утварэньне парлямэнту, паступовая дэмакратызацыя, прызнаньне народным нізам грамадзянскіх правоў... Ігнат Грынявіцкі, лідэр Беларускай партыі, сумесна з расейскімі ўтапістамі-сацыялістамі, страляючы ў гэтага інтэлігентнага манарха, несьвядома запыніў лібэралізацыю, уводзячы на царскі пасад алкаголіка й дэгенэрата Мікалая ІІ, а пасьля ягонай заўчаснай сьмерці — Мікалая ІІІ, асобу з мэнталітэтам акуратнага ўрадніка, але не палітыка ды ўдумлівага валадара.