Выбрать главу

Разам з цывілізацыйным і культурным прагрэсам у старой Беларусі ўзьнікалі новыя запатрабаваньні на юрысдыкцыю. І так, у 1566 годзе быў апрацаваны другі Статут Вялікага Княства Літоўскага, пашыраны да 367 артыкулаў, зьмешчаных у 14 разьдзелах. Адлюстроўвалі яны грамадзка-палітычныя зьмены, што адбыліся на працягу амаль сарака гадоў ад моманту першай кадыфікацыі. Замацаваны ў іх адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і судовая сыстэма. Назіралася выразная тэндэнцыя да ўстанаўленьня нормаў пісанага права, замест пераважаючага звычаёвага. Адгэтуль бралася наважытнасьць у трактоўцы міжчалавечых адносінаў, месца адзінкі ў супольнасьці, рэляцыяў паміж народам і ягонай уладаю. Захавалася аж 27 сьпісаў гэтага Статута, таксама ў іншамоўных перакладах. Можна задумоўвацца над тым, як гэта сталася, што ніхто не апярэдзіў старабеларусаў у выпрацоўцы прававых нарматываў...? Зусім фантастычная кар’ера на эўрапейскім кантынэнце спаткала чарговую рэдакцыю Статута, трэцюю, зноў моцна пашыраную, і гэтым разам надрукаваную. Прадмову да яго напісаў сам канцлер Леў Сапега, а адбіткі рабіліся ў вядомай віленскай друкарні Мамонічаў. Паслужыў ён узорам для нямецкіх праваскладальнікаў, а ў Расеі — пры цары Аляксандры І — і для расейскіх. Цікава, што хоць Вялікае Княства Літоўскае даўно прапала, Статут гэты заставаўся дзейсным у судох Віцебшчыны й Магілёўшчыны да 1831 году, а ў Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрнях аж да 1840, гэта значыць, больш за 250 гадоў! Пад панаваньнем маскоўскіх імпэратараў ахоўваў ён такім чынам нашых прадзедаў ад драпежных указаў. Забараняў перасьледы за супраціўнае веравызнаньне, прыкладам кажучы, альбо перадачу вольнай людзіны ў няволю, ці бяскарнае забіваньне паншчыннага мужыка шляхцічам; прадугледжваў крымінальную кару за парушэньне асабістае годнасьці, што здавалася дзіўным мікалаеўскім адміністратарам паняволенага Беларускага Краю, таму й пастараліся яны вывесьці з практыкі гэты акт. Знамянальнае, што супала гэта з пачаткам русыфікацыйнае палітыкі ў Беларусі — у тым жа саракавым годзе ХІХ стагодзьдзя, у апагей мікалаеўшчыны, было забаронена публічнае ўжываньне беларускае мовы, а нават і самое назвы Беларусь, ды была апавешчана барацьба супроць іншавернікаў. Калянізацыя нашых земляў выявілася яшчэ і ў тым, што адміністрацыя была ачышчана ад тутэйшых службоўцаў, перададзена цалкам у рукі прыежджых з глыбіні расейскіх правінцыяў; даходзіла да таго, што царкоўныя прыходы былі пазбаўленыя мясцовых, нярэдка заслужаных, сьвятароў, пасады якіх займалі расейцы.

4. Залаты век

Уплывы Польскага Каралеўства ў Вялікім Княстве Літоўскім, вядома, нарасталі. Саюз дзьвюх дзяржаваў, замацаваны толькі асобаю польскага караля, якім мог быць ня хто іншы, як Вялікі Князь Літоўскі, раней ці пазьней мусіў давесьці да фэдэрацыі. Эпоха Ягайлавічаў працягнулася да 200 гадоў і набліжалася да канца. Сытуацыя партнэрства паміж Кракавам і Вільняй, так прыкметная пасьля Грунвальдзкай бітвы ды ў час княжаньня Вітаўта Вялікага зь ягонымі амбіцыямі на асобную манаршую карону, выразна пахіснулася ў бок замажнейшай Польшчы ў скарынінскую дэкаду дваццатых гадоў, закончаных знакамітым першым Статутам.

Акрамя эканамічных суадносінаў, некарысных больш адсталай старабеларускай Літве, радыкальна зьмянілася й палітычная канфігурацыя ў гэтым рэгіёне Эўропы. Зьнікла менавіта супольная небясьпека з боку татара-манголаў, у якіх Вітаўт адбіў ускраінныя землі з выхадам да берагоў Чорнага мора за Дзікімі Палямі, а крыжакі канчаткова капітулявалі, васальна падпарадкаваўшыся ў 1525 годзе перадапошняму зь Ягайлавічаў, Жыгімонту Старому. Палякі ўвайшлі ў гэтак званы Залаты век: правялі сельскагаспадарчую рэформу пад кіраўніцтвам славутае італьянкі — Боны; усталяваўся гарадзкі гандаль, грашовы й таварны абарот. А Літве ўвесь час вецер дзьмуў у вочы: вырас чарговы вораг, зь якім яна дагэтуль мала лічылася, а менавіта, Маскоўскае Царства. Дастаткова прыгадаць, што будаўніком яго стаў Іван Грозны, страшны для Вільні, але не для Кракава.

Стан безупыннай мабілізацыі сілаў, пры слабой гаспадарчай базе, на якую апіраўся ваенны высілак, давёў Вялікае Княства Літоўскае да поўнай залежнасьці ад польскай дапамогі. Гэта натуральным чынам выклікала й культурны заняпад у Беларускай Старонцы.